Ведаць і помніць –абавязкова, забыцца –небяспечна

Калонка Рэдактара Нумары

Рэдакцыя газеты «Прамень» амаль у кожным нумары друкуе матэрыялы, прысвечаныя 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы імкнёмся расказаць, як было ў гады вайны і як стала цяпер. Героі нашых публікацый – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны – расказваюць аб сваёй маладосці, аб сваіх сябрах, аб баявых дзеяннях.

Мне асабіста тэма вайны таксама блізкая. Перш за ўсё таму, што мой бацька прайшоў усю вайну. Вызваляў і Польшчу, і Прагу, і Берлін. Узнагароджаны баявымі ардэнамі і медалямі. Ён умеў мужна змагацца і гераічна працаваць. Але, на жаль, ён ужо не сустракае 70-ю вясну Перамогі, ужо 36 гадоў як яго не стала. Але  памяць аб ім жыве ў маім сэрцы, у сэрцы яго ўнукаў. Нават маленькі праўнучак ведае пра дзеда Леаніда і часта пытае, разглядаючы яго ўзнагароды: «Раскажы мне пра дзеда. А як ён ваяваў? Што такое вайна?». Так, дзякуй Богу, што нашыя дзеці не ведаюць жахаў вайны, што толькі з экранаў тэлевізараў мы глядзім фільмы  аб Вялікай Айчыннай, аб ваенных падзеях у суседняй Украіне.

Беларусы – гэта людзі міралюбівыя, памяркоўныя і вельмі добрыя. Мы стараемся сустрэць бежанцаў з замежжа, дапамагчы ім матэрыяльна і маральна, стварыць усе ўмовы для пражывання. Але, на вялікі жаль, у нашым грамадстве яшчэ знаходзяцца і такія, хто выкрадае баявыя ўзнагароды ў пажылых нашых ветэранаў і затым прадае іх на рынку. Маладыя людзі, падумайце, што вы робіце. Вы грэбуеце памяццю сваіх дзядоў і бабуль. Гэтыя ўзнагароды ўсе палітыя крывёю тых, хто нас абараняў. Так, нашыя ветэраны адыходзяць, але памяць аб іх павінна жыць вечна. Нездарма зараз прынята Пастанова аб крымінальнай адказнасці за продаж узнагарод. І гэта правільна. Такіх вылюдкаў (я не пабаюся гэтага слова) у нашым грамадстве не павінна быць.

Наступаюць цудоўныя майскія святы. Вясна, квецень, усмешкі, каханне… Давайце будзем любіць і паважаць адзін аднаго, берагчы тое, што заваявалі і зрабілі для нас нашыя бабулі і дзядулі, нашыя шаноўныя ветэраны вайны і працы. Давайце зробім усё для таго, каб яны адчулі наш клопат, увагу і павагу, а мы  з гонарам маглі сказаць: «Гэта мой горад. Гэта мая зямля. Гэта наша мірнае жыццё, за якое мы нізка кланяемся, і якое беражом».

Дарагія чытачы! Вялікі дзякуй вам за цікавыя і разгорнутыя аповеды, успаміны, даследаванні аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Віншуем вас з наступаючымі святамі – Днём  працы, Днём Перамогі.

 

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *