У нашых руках планета Зямля

Вялікай Перамозе прысвячаецца Нумары

У нашым раёне прайшла маштабная эколага-патрыятычная акцыя з удзелам розных структур, ведамстваў, арганізацый. Акцыя адбылася ў Міжнародны дзень зямлі 22 красавіка і мела назву «Спяшаемся выратаваць планету». Марафон набыў намнога больш шырокі накірунак, чым толькі экалагічны. Напярэдадні  9 Мая марафон лагічна стаў эколага-патрыятычным. Гэтыя два паняцці немагчыма раздзяліць. Экалагічнае выхаванне з’яўляецца часткай патрыятычнага выхавання. Клопат аб сваёй роднай зямлі па вялікім рахунку з’яўляецца клопатам аб сваёй Айчыне.

Значнасць акцыі надало высокае прадстаўніцтва. У эколага-патрыятычным марафоне прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Алег Маслаў, старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў, першы сакратар абласной арганізацыі Кампартыі Беларусі Марыя Худая. У акцыі бралі ўдзел кіраўнікі грамадскіх арганізацый, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, вучні агульнаадукацыйных школ, грамадскасць.

Пад гукі зводнага духавога аркестра раённага Цэнтра культуры эколага-патрыятычны марафон пачаўся на Плошчы Бессмяротнасці. Урачыстым словам мерапрыемства адкрыў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. У сваім выступленні ён адзначыў важнасць гэтага мерапрыемства, якое мае задачу аб’яднання пакаленняў у любові да свайго роднага краю, да сваёй Айчыны, адказнасці кожнага грамадзяніна нашай краіны за спакой, мір, дабрабыт у нашай Беларусі.

–              Мы любуемся прыгажосцю нашай прыроды ў гэтыя веснавыя дні абуджэння зямлі, прыгажосцю нашага краю, – звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстасці Юрый Мікалаевіч. – У гэтыя дні напярэдадні 70-годдзя юбілею Вялікай Перамогі хочацца выказаць словы бязмежнай удзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія падарылі нам мір, якія здабылі Вялікую Перамогу цаною сваіх жыццяў. У нашым раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі пяць тысяч жыхароў Стаўбцоўшчыны. З кожным годам застаецца менш і менш удзельнікаў вайны. На даны момант у нашым раёне пражывае 61 ветэран вайны, да іх мы абавязаны адносіцца з вялікім клопатам і пашанай. Сімвалічна і значыма, што гэты год  70-годдзя Вялікай Перамогі аб’яўлены Годам моладзі. Менавіта моладзь павінна прыняць эстафету ад старэйшага пакалення, пранікнуцца вялікай адказнасцю захаваць тое, што дасталося нам ад старэйшых пакаленняў – мір, спакой, рабіць усё для таго, каб наш край, наша Мінская вобласць, наша краіна станавіліся прыгажэйшымі. Нам ёсць што захоўваць і прымнажаць. Сталіца Беларусі выклікае захапленне чысцінёю, шырынёю праспектаў і вуліц,  Мінск называюць горадам сонца. А Стоўбцы па праву лічыцца горадам Міру.  І мы ўсе разам павінны рабіць яго яшчэ больш чыстым, гасцінным і прыгожым.

Урачыстым шэсцем па гораду з аркестрам удзельнікі марафону накіраваліся да мемарыялу воінам-інтэрнацыяналістам. Гэта яшчэ адно святое месца ў нашым горадзе, дзе асабліва ўспрымаюцца словы аб абавязку захоўваць памяць аб загінуўшых, аб адказнасці кожнага берагчы мір. Старшыня раённай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Рыгор Мамайка паабяцаў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, што воіны-афганцы гатовы пераняць эстафету ў старэйшага пакалення, прымножыць добрыя традыцыі і прыкласці ўсе свае сілы для патрыятычнага выхавання маладога пакалення, паказваць прыклад сваёй любові да Радзімы і адказнасці абараняць мір і спакой на роднай зямлі.

Аб значнасці экалагічна-патрыятычнага марафона гаварыў у сваім слове намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Алег Маслаў. У сугучнасці іншых выступленняў на гэтым форуме прамоўца падкрэсліў важнасць патрыятычнага выхавання, важнасць такіх сумесных акцый для таго, каб моладзь пранікнулася гатоўнасцю рабіць сваю Стаўбцоўшчыну, Мінскую вобласць і Рэспубліку Беларусь больш чыстай і прыгожай.

Наступным пунктам прыпынку марафону была плошча Леніна. Мітынг ля помніка Леніну адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель. Сакратар Стаўбцоўскай раённай арганізацыі КПБ Ніна Дубовік падкрэсліла, што акцыя праходзіць у дзень 145-годдзя з дня нараджэння Леніна, асоба якога па-ранейшаму ўшаноўваецца камуністычнай партыяй. Ніна Дубовік выказала ўдзячнасць кіраўніцтву аб’яднання камунальных службаў за тое, што да гэтай даты помнік быў абноўлены, пафарбаваны. На мітынгу ля помніка Леніну адбыўся ўрачысты прыём у піянеры, члены БРСМ і члены КПБ.

Наступным мерапрыемствам эколага-патрыятычнага марафону была пасадка дубовай алеі ўздоўж дарогі на Сіняву. Аб тым, што алея пасаджана ў гонар 70-годдзя Вялікай  Перамогі, абвяшчае нашчадкам устаноўленая мемарыяльная дошка.

Працяг мерапрыемства адбыўся ў раённым Цэнтры культуры. Урачыстая праграма дала магчымасць прадставіць творчасць мастацкіх калектываў, салістаў, якія выступілі перад аўдыторыяй з тэматычнай праграмай. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка ў сваім слове з трыбуны адзначыў важнасць такіх мерапрыемстваў, якія аб’ядноўваюць пакаленні, дапамагаюць пранікнуцца агульным клопатам за лёс сваёй Айчыны, дзе правільна расстаўляюцца акцэнты ў экалагічным і патрыятычным выхаванні маладога пакалення. Прысутным цікава было паслухаць, што прадпрымаецца ў законатворчым плане ў аздараўленні экалогіі. Як адзначыў Мікалай Міхайлавіч, і кіраўніцтва краіны, і ўрад, адпаведныя міністэрствы, парламент працуюць цяпер над двумя важнымі задачамі – вырашэннем праблемы ўрадлівасці зямлі  і праблемы барацьбы з адходамі. Стаіць задача пераходзіць на такія сучасныя зберагальныя тэхналогіі ў земляробстве, якія б дазвалялі павышаць ураджайнасць і максімальна захаваць зямлю як наша галоўнае багацце. У парламенце плануецца абмеркаванне праекта закона аб экалагічным земляробстве. У адносінах барацьбы з адходамі ставіцца задача не захламляць нашу зямлю звалкамі, а граматна і максімальна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі перапрацоўкі адходаў. Мікалай Іванчанка звярнуўся да прадстаўнікоў маладога пакалення з заклікам, каб кожны знайшоў сваё месца ў справе падтрымання парадку на нашай зямлі, азелянення населеных пунктаў, каб пасаджаная ў гэты дзень алея памяці не стала разавай акцыяй, каб быў працяг новым звяршэнням.

Першы сакратар абласной арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Худая выказала задаволенасць, удзячнасць аблвыканкаму за падтрымку ідэі аб правядзенні ў Мінскай вобласці эколага-патрыятычнага марафону, кіраўніцтву Стаўбцоўскага райвыканкама – за выдатна падрыхтаваную эколага-патрыятычную акцыю, якая стане важным крокам у выхаванні маладога пакалення, якое павінна ведаць аб гісторыі сваёй краіны, аб тым, якой цаною заваявана перамога, і пранікнуцца абавязкам узяць у свае рукі такую жамчужыну, такі скарб як мір, спакой і дабрабыт на роднай зямлі.

Ва ўнісон агульнаму патрыятычнаму настрою старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксей Кавальчук выказаў словы вялікай удзячнасці педагогам устаноў адукацыі раёна за экалагічную адукацыю, за выхаванне вучняў, прывіццё ім любові да роднай зямлі. Аляксей Аляксандравіч выказаў захапленне выставай работ выхаванцаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, выстаўленую ў фае Цэнтра культуры, у якіх яны выказалі свае пачуцці, сваё бачанне прыгажосці багатай прыроды роднага краю. Падзякі абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя былі ўручаны дырэктарам СШ № 2 г. Стоўбцы, Заямнаўскай, Старасвержанскай, Дзераўнянскай сярэдніх школ Аксане Лось, Марыне Ждановіч, Ніне Аляшкевіч, Марыі Шумчык. Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Сарока выказаў удзячнасць арганізацыям і прадпрыемствам, індывідуальным прадпрымальнікам, усім жыхарам раёна ў стварэнні памятнай зялёнай алеі да 70-Вялікай Перамогі.

Сімвалічным і прыгожым заключным акордам маштабнага эколага-патрыятычнага марафона стала ўручэнне Нінай Дубовік Юрыю Горлаву хрустальнай кампазіцыі – зямнога шару на далоні. Нашым розумам, нашымі рукамі, нашым сэрцам – паспяшаемся выратаваць планету

Святлана ЖЫБУЛЬ,

фота Васіля Зянько



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *