Вясёлка дзіцячых талентаў

Адукацыя Нумары

Вы заўважалі калі-небудзь, якія гукі ў творчасці? Калі дзеці, напрыклад, шаруюць маркерам па лісце ватману? Адмысловае шамаценне, шорхат – абавязковае суправаджэнне творчага працэсу. А ён – як таямніца. Ніхто ў яго не ўмешваецца, не прыспешвае і не спыняе – інакш ці зможа выказаць сябе маленькі мастак?.. 

Юных творцаў бацькі з надзеяй прыводзяць у дзяржаўную ўстанову адукацыі «Стаўбцоўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі». Тут прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй, удзел у якім прымалі педагогі дадатковай адукацыі Мінскай вобласці. Яны сабраліся, каб павучыцца ў сваіх стаўбцоўскіх калегаў, пазнаёміцца з іх вопытам і напрацоўкамі.

Агульную панараму дзейнасці Стаўбцоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прадставіла яго дырэктар Жанна Луцік:

– Гэта шматпрофільная ўстанова з разнастайнымі накірункамі, дзе ажыццяўляецца адукацыйная, метадычная  і сацыяльная дзейнасць. Нашы гурткі працуюць на базе непасрэдна цэнтра творчасці, а таксама ўстаноў адукацыі і дашкольных устаноў, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, інтэрната філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, па месцы жыхарства.

Асаблівая ўвага была звернута (у тым ліку і гасцямі) на такі здабытак установы, як творчы калектыў. Ён складаецца з 44-х педагогаў, якія стараюцца абудзіць у дзяцей цікавасць да дадатковай адукацыі, да развіцця сваіх здольнасцяў і захапленняў. Зрэшты, праграма Дня адкрытых дзвярэй якраз і дазволіла прадэманстраваць гэта ўсё наглядна падчас прэзентацый і адкрытых майстар-класаў.

Распачала іх адзін з вопытных педагагоў дадатковай адукацыі і кіраўнік самадзейнай дзіцячай выяўленчай студыі «Вясёлка» Таццяна Несцярук. Студыя нездарма носіць такое шматколернае імя, бо вясёлка талентаў сапраўды жыве ў кожным дзіцяці з першага дня нараджэння. Папулярнасць студыі ў жыхароў Стаўбцоўшчыны вялікая. На заняткі бацькі прыводзяць дзетак нават чатырохгадовага ўзросту. Клас, дзе яны з асалодай выдаюць гукі творчасці, правільней будзе назваць майстэрняй.

Дзяцей запрасілі ў студыю і падчас Дня адкрытых дзвярэй. Усім задалі аднолькавае заданне – стварыць сілуэт жырафы. Але калі работы былі гатовы і іх выставілі разам, стала відавочна, што «пустыня» атрымалася ў кожнага сваёй: з уласным тонам, адценнямі, стылем. Непаўторнасць, якая ёсць у кожным дзіцяці, падкрэсліла і прэзентацыя дзіцячых работ «Рознакаляровыя гісторыі».             

– Дзіцяці нельга перашкаджаць праявіць сябе, – упэўнена Таццяна Несцярук. Педагог падзялілася сваёй марай – стварыць у райцэнтры галерэю дзіцячых работ. А на памяць гасцям былі падараваны некаторыя з шэдэўраў нашых юных мастакоў, увасобленыя на каляндарыках.    

Маладыя педагогі дадатковай адукацыі Аляксандра Клышка і Алена Дрозд запрасілі на адкрыты майстар-клас: Аляксандра – па вырабу дробнай пластыкі з гліны, Алена – па вырабу абрадавай лялькі. Усё гэта яны вырабляюць на занятках з дзецьмі, а тут прапанавалі дарослым зрабіць сабе памятны сувенір. Занятак, трэба сказаць, захапіў, асабліва тую групу, якая стварала вырабы з гліны. У метадыста Людмілы Валіцкай была свая, не менш адказная, задача – прадэманстраваць дыягностыку і развіццё творчых здольнасцяў дзіцяці сродкамі выяўленчага мастацтва.

Культарганізатар Галіна Жукава разам з калегамі падрыхтавала цудоўную гадзіну сямейнага адпачынку – «Неразлучныя сябры – дарослыя і дзеці», на якую былі запрошаны як наведвальнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, так і сем’і, у тым ліку шматдзетныя, прыёмныя. Жывая, дыялогавая форма свята дазволіла «ўцягнуць» у яго літаральна ўсю залу. Бацькі разам з дзецьмі пераўвасабляліся і імправізавалі.

Яшчэ адно выпрабаванне для іх – «вырошчванне» сямейнага дрэва. А што для гэтага трэба? Шмат чаго. Канешне, як сцвярджалі ўдзельнікі, гэта мама і тата, любоў, здароўе, радасць, добрая вучоба дзяцей у школе… А адзін з хлопчыкаў, што жыве ў прыёмнай сям’і Васільевых,  напісаў даволі нестандартны адказ. На яго думку, для шчаслівай сям’і патрэбен прыгожы дом. І сапраўды, варта прыгадаць, што сям’я Васільевых не так даўно справіла наваселле ў новым вялікім доме, першым у раёне доме сямейнага тыпу. Адметна і павучальна ў даным выпадку тое, што ацанілі гэты факт дзеці. Вось так знешне нязмушанае свята ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі дапамагло заўважыць вельмі сур’ёзныя рэчы, раскрыць нам нашых дзяцей і паглядзець на іх іншымі вачымі.                                                                    

 Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: падчас Дня адкрытых дзвярэй у Стаўбцоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *