Велікодная пісанка

Адукацыя Нумары

На базе народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска» ў раённым Цэнтры культуры адбылося ІІ абласное свята-конкурс  «Велікодная пісанка».

У Стоўбцы прыехалі майстры роспісу велікодных яек з Бярэзінскага, Пухавіцкага, Мядзельскага, Нясвіжскага, Барысаўскага, Вілейскага, Уздзенскага, Дзяржынскага, Чэрвеньскага раёнаў. Стаўбцоўскі раён на свяце прадстаўлялі вучні Старасвержанскай сярэдняй школы, выхаванцы студыі «Чароўная саломінка», якую доўгія гады вядзе ў гэтай навучальнай установе кіраўнік народнай студыі «Пралеска» Аліна Халявінская, Павел Гінтоўт, Ілля Южык, Вікторыя Рамановіч, Наталля Шпакоўская (інкрустацыя саломкай драўляных велікодных яек), Ганна Яцэвіч, Дзмітрый Пугач, Ягор Калкоўскі, Дар’я Калкоўская (шкробанка), выкладчыкі і выхаванцы  Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў Ганна Мартыненка, Вольга Дудук, Ганна Лабоцкая, Настасся Лабоцкая, (аздабленне велікодных яек бісерам), Ганна Смалонская, Марына Сямёнава, Ігар Івашкевіч (аздабленне натуральных яек воскам), Наталля Шуцілава, Уладзіслаў Бар’ясь, Іван Раковіч (роспіс), Марыя Каспяровіч, Валерый Шуцілаў (сучасныя тэхнікі), Хрысціна Мартыненка (сучасная тэхніка аздаблення велікодных яек «скрабукінг»). А таксама  выкладчыкі і выхаванцы Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Клемяціч, Настасся Шумчык (роспіс), Яўген Чуйко, Надзея Канапацкая, Яніна Лысая, Мікіта Шуцько (сучасныя тэхнікі), Святлана Карніцкая (аздабленне бісерам), Ганна Сіняўская, Мікіта Ахраменка (шкробанка), Карына Коршун (роспіс) і Вера Віцько (дэкупаж) з Аталезскай СШ, Мацвей Ганчаронак (інкрустацыя саломкай) і Анастасія Шышло (роспіс) з СШ № 2 г. Стоўбцы.

Майстры не толькі прадставілі свае творы на выставах, але і правялі майстар-класы. Палюбавацца на такое хараство было многа ахвотнікаў. Фае Цэнтра культуры ператварылася ў цудоўную залу распісных велікодных яек.

Лепшыя майстры атрымалі ўзнагароды свята-конкурсу. Гран-пры конкурсу журы прысудзіла Раісе Копаць з Чэрвеня. У ліку ўзнагароджаных  былі вучні Старасвержанскай СШ Ілля Южык, Валерыя Рамановіч (другое месца), Дар’я Калкоўская, Павел Гінтоўт, Дзмірый Пугач (трэцяе месца). Лаўрэацкія дыпломы атрымалі вучні СШ № 2 г. Стоўбцы Мацвей Ганчаронак і Анастасія Шышло.

Удзельнікі свята-конкурсу выказалі ўдзячнасць за выдатна падрыхтаванае свята. Яго ўпрыгожылі выстава вышываных ручнікоў, вышываных абразоў і вербачак Галіны Дошчачка са Стоўбцаў. 

Свята-конкурс «Велікодная пісанка» праходзіць у нас у Стоўбцах ужо другі раз. І гэтым пакладзена добрая традыцыя – у светлыя пасхальныя дні арганізоўваць такі прыгожы конкурс умельцаў пісанкі.          

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *