Усюды паспявае Сабрына

Адукацыя Нумары

дыплом  ІІІ ступені прывезла з абласнога конкурсу з Заслаўля юная скрыпачка Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Сабрына Пракаповіч. Каб атрымаць такую высокую ўзнагароду, Сабрына бездакорна выканала сваю конкурсную праграму, у якой быў абавязковым твор сучаснага беларускага кампазітара, пакарыла журы і гледачоў сваёй абаяльнасцю і артыстычнасцю.

Рыхтавала Сабрыну да конкурсу вопытны педагог Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў А. М. Імамутдзінава. За 40-гадовую выкладчыцкую дзейнасць у гэтай навучальнай установе Ала Мікалаеўна дапамагла многім-многім вучням асвоіць музычную грамату, стаць выдатнымі скрыпачамі, для некаторых з якіх заняткі музыкай вызначылі будучую прафесію. Як для Таццяны Турок, якая выкладае цяпер у Старасвержанскай дзіцячай школе мастацтваў, Таццяны Кот, якая працуе разам з Алай Мікалаеўнай і дапамагае ёй у кіраўніцтве дзіцячым ансамблем скрыпачоў. Былыя вучні Алы Імамутдзінавай працуюць настаўнікамі  музыкі і ў іншых рэгіёнах нашай краіны. Святаслаў Юнцэвіч вучыцца ў Беларускай акадэміі музыкі.

Што ж датычыць Сабрыны Пракаповіч, то яе талент адзначаюць і іншыя педагогі школы мастацтваў. Сабрына наведвае дзіцячы хор «Верасень», з якім працуе педагог Святлана Швечыкава, паспяхова іграе ў ансамблі скрыпачоў. На ўсё ў яе хапае сіл і часу. Сабрына выдатна вучыцца і ў агульнаадукацыйнай установе – стаўбцоўскай гімназіі № 1. Пажадаем дзяўчынцы плёну і поспехаў у яе шматгранным жыцці. Пр.

 

Нялёгка заваёўваюцца дыпломы

250 удзельнікаў з усёй Беларусі сабраў у Мінску V рэспубліканскі конкурс юных выканаўцаў на духавых інструментах імя І. Дабравольскага.

Стаўбцоўшчына на ім была прадстаўлена 15-ю (!) удзельнікамі. І як лічыць загадчык аддзялення духавых інструментаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Нічыпаровіч, для навучальнай установы гэта падзея.  Каб падрыхтавацца да конкурсу, патрэбна правесці вялікую, нярэдка пазаўрочную работу выкладчыкам. А колькі працы патрабуецца ад вучняў! Усе ж яны вучацца і ў агульнаадукацыйных школах.

Адметна, што рэспубліканскаму конкурсу папярэднічаў адкрыты раённы конкурс «Фанфары Наднямоння», які неафіцыйна стаў рэгіянальным, таму што на яго прыехалі юныя выканаўцы не толькі з Мінскай, але і з іншых абласцей – былі прадстаўнікі з шасці рэгіёнаў. Узначаліў камісію па адборы дзяцей на рэспубліканскі конкурс прафесар музыкі Аляксандр Карацееў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва.

Конкурс паказаў высокую кваліфікацыю выкладчыкаў духавога аддзялення школы мастацтваў Аляксандра Нічыпаровіча, Рамана Беця, Уладзіміра Татарыцкага, Дзмітрыя Вяршэні, Сяргея Лубчонка, Арцёма Варанко, Арцёма Ярмака, якія выдатна падрыхтавалі вучняў.

Лаўрэацкі дыплом ІІ ступені атрымаў барытаніст Мацвей Калошыч, вучань Р. В. Беця. Дыпломам такой жа вартасці адзначана выступленне на блок-флейце васьмігадовай Ганны Аляшкевіч, вучаніцы  С. А. Лубчонка. Лаўрэацкіх дыпломаў ІІІ ступені ўдастоены Яўгеній Казацкі (выкладчык Д. У. Вяршэня), Яўген Мігура (выкладчык А. М. Ярмак), Кірыл Казацкі (выкладчык С. А. Лубчонак), трубачы Мікалай Артамонаў, Алег Стома (выкладчык А. А. Нічыпаровіч). Дыпламантамі конкурсу  ІІ ступені сталі трубачы  – сямігадовы Арцём Маскаленчык , Назар Папкоўскі, Павел Ажгірэвіч, дыпламантам ІІІ ступені – саксафаніст Ілля Капейчанка, усе – вучні выкладчыка А. А. Нічыпаровіча. Упершыню на такі прэстыжны рэспубліканскі конкурс быў прадстаўлены барабаншчык. Анатоль Клінцоў (выкладчык А. Г. Варанко) стаў дыпламантам ІІІ ступені.

Дыпломы ўдзельнікаў атрымалі вучні Р. В. Беця Кацярына Рылко, Глеб  Жыбуль, Аляксандр Прыхожка. Гэта самыя малодшыя сямігадовыя вучні, якія займаюцца музыкай крыху больш за паўгода. За гэты кароткі час яны не толькі асвоілі нотную грамату, але і паспрабавалі ўжо свае сілы на рэспубліканскім конкурсе, на якім выступаць хвалююча нават канкурсантам «з вопытам».  Усе разумеюць, што ў гэтым вялікая заслуга выкладчыкаў, якія сваім вопытам, любоўю, цярпеннем робяць цуды.

 Атрыманыя дыпломы прэстыжнага конкурсу стануць добрым стымулам развіваць творчасць, удасканальвацца ў выканальніцкім майстэрстве і рыхтавацца да новых музычных спаборніцтваў.       Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *