Арбітры ў поўнай гатоўнасці

Нумары Спорт

Неўзабаве стартуе Чэмпіянат Мінскай вобласці па футболе, у якім у чарговы раз прыме ўдзел і стаўбцоўская каманда «Нёман-Агра». Будзем спадзявацца, што нашы футбалісты змогуць змагацца за галоўны тытул ці за прызавыя месцы.

А вось футбольныя арбітры паказалі сваю гатоўнасць да абслугоўвання матчаў. Гэта прадэманстраваў вучэбна-трэніровачны збор суддзяў і інспектараў вобласці, які прайшоў у Стоўбцах. Арбітры здалі традыцыйныя тэсты па фізічнай падрыхтоўцы, правялі тэарэтычныя заняткі па правілах гульні і методыцы судзейства. Таксама яны разбіралі практычныя рашэнні арбітраў на прыкладзе многіх матчаў мінулага сезона.

Як адзначыў старшыня Мінскай абласной федэрацыі футбола, суддзя міжнароднай катэгорыі Алег Чыкун, збор прайшоў канструктыўна, у належнай рабочай атмасферы. Даволі высокі ўзровень матывацыі і псіхалагічнага настрою арбітраў у новым сезоне. Па выніках збору на пасяджэнні судзейскага камітэта ФФМА будзе зацверджаны спіс суддзяў, дапушчаных да абслугоўвання Чэмпіяната і Кубка Мінскай вобласці, а таксама юнацкага першынства Рэспублікі Беларусь.

 

«Бронзавыя» секунды

Як заўсёды, даволі паспяховым стаў удзел каманды Стаўбцоўшчыны на традыцыйных веснавых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы на Кубак газеты  «Мінская праўда». Нашы лёгкаатлеты занялі чацвёртае агульнакаманднае месца.

Асаблівы інтарэс выклікала саперніцтва на самай працяглай, пяцікіламетровай дыстанцыі. Тут патрабуюцца не толькі высокія хуткасныя даныя, але і тактычны разлік, вынослівасць. Добрую фізічную падрыхтоўку, спартыўны характар паказаў прадстаўнік нашай зборнай Арцём Бурдукевіч. Ён заняў трэцяе прызавое месца з высокім вынікам – 16 мінут 39 секунд.

 Ф.ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *