Працаваць па-гаспадарску

Нумары Соцыум

На мінулым тыдні ў Слуцку адбылася выязная прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры для рэспубліканскіх, замежных (Расія) і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

Як развіваецца Мінская вобласць? Як вырашаюцца кадравыя пытанні, развіваецца Кітайска-беларускі парк «Вялікі камень», пытанні мадэрнізацыі прадпрыемстваў –  на гэтыя і іншыя пытанні адказаў старшыня аблвыканкама.

Перад правядзеннем прэс-канферэнцыі журналісты мелі магчымасць пазнаёміцца са Слуцкам, а таксама з работай некаторых прадпрыемстваў Случчыны: Слуцкім ільнозаводам, Слуцкім сыраробным камбінатам.

Аб Слуцкім раёне

Слуцкі раён утвораны 17 ліпеня 1924 года, раздзелены на 14 сельсаветаў. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 210 населеных пунктаў. Плошча раёна –1821 квадратны кіламетр. Насельніцтва раёна складае 94591 чалавек: у сельскай мясцовасці пражывае 30,5 тысяч чалавек, а ў горадзе — 64 тысячы чалавек. Эканоміку Слуцкага раёна вызначаюць 3600 суб’ектаў гаспадарання. У раёне ў сферы матэрыяльнай вытворчасці налічваецца 23 прамысловыя прадпрыемствы, 20 – сельскагаспадарчых арганізацый, 19 – будаўнічых і рамонтна-будаўнічых арганізацый, 3 – транспартныя арганізацыі, 460 магазінаў і 136 аб’ектаў грамадскага харчавання. Слуцкі раён – адзін з самых вялікіх раёнаў Міншчыны.

«Кадры вырашаюць усё»

Старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра распачаў сваю гутарку з журналістамі з кадравага пытання.

Ён расказаў, што ў Мінскай вобласці прамысловасць і сельская гаспадарка паказваюць станоўчую дынаміку развіцця. Ёсць добрыя вынікі. І гэта дзякуючы рабоце некаторых старшынь райвыканкамаў. Сямён Барысавіч акцэнтаваў увагу журналістаў на тое, што ў вобласці працуе пяць маладых старшынь райвыканкамаў, якім ад 32 да 40 гадоў. Гэтыя маладыя людзі змаглі  арганізаваць работу так у сваіх раёнах, што за кароткія тэрміны дабіліся вельмі добрых вынікаў. У якасці прыкладу быў прыведзены наш Стаўбцоўскі раён. Юрый Мікалаевіч Горлаў прыняў раён не ў лепшым стане, а на сённяшні дзень Стаўбцоўскі раён займае перадавыя пазіцыі амаль па ўсіх напрамках дзейнасці, асабліва радуе сельская гаспадарка. Чым не прыклад для пераймання вопыту работы? Сямён Барысавіч згадзіўся, што савецкае выказванне «Кадры вырашаюць усё» актуальнае і ў наш час.

Са станоўчага боку таксама былі адзначаны Чэрвеньскі, Слуцкі, Клецкі, Лагойскі  раёны. «А  кіраўнікоў раёнаў павінны вызначаць не толькі працавітасць, але інтэлект і культура», – зазначыў старшыня аблвыканкама.

Мадэрнізацыя прадпрыемстваў 

Сямён Шапіра адзначыў, што ў Мінскай вобласці пры мадэрнізацыі прадпрыемстваў будзе прымяняцца кропачны падыход. «Мадэрнізацыю трэба праводзіць на тых прадпрыемствах, дзе гэта эканамічна выгадна. Пры гэтым патрэбна дасканала ведаць колькі сродкаў неабходна будзе накіраваць на пагашэнне крэдытаў і ці справіцца прадпрыемства з гэтай нагрузкай. Любы кіраўнік павінен пралічыць ход мадэрнізацыі. Колькі неабходна ўлажыць ўласных сродкаў і колькі крэдытных, ведаць план выхаду прадукцыі і яе кошт», – адзначыў губернатар.

Сямён Шапіра станоўча ацаніў мадэрнізацыю, якая праводзіцца ў вобласці. Але ёсць і прадпрыемствы, якія не могуць справіцца з крэдытамі. У выніку прыбытак накіроўваецца на пагашэнне крэдыту, а не на развіццё вытворчасці. Ёсць выпадкі, калі ўжо закупленае абсталяванне не ўстаноўлена на мадэрнізуемых прадпрыемствах. Такімі фактамі займаецца Камітэт дзяржкантролю. «У цэлым мы бачым добры эфект ад мадэрнізацыі. Праблемы ўзнікаюць там, дзе яе правядзенне не было эканамічна абгрунтаваным», – падвёў рэзюмэ Сямён Барысавіч.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк

Сямён Шапіра таксама расказаў, што большая частка інфраструктуры ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» павінна быць пабудавана да канца 2015 года. «Ужо пачалі рабіць дарогі, падводзяцца інжынерныя сеткі. Пабудаваны гарадок, дзе жывуць спецыялісты, у тым ліку і з Кітая», – паведаміў Сямён Шапіра. Старшыня аблвыканкама растлумачыў, што будаўніцтвам аб’екта будуць займацца як кітайскія, так і беларускія арганізацыі. Напрыклад, на пляцоўцы пачаў працаваць будтрэст № 3 г. Салігорска.

«Для беларуска-кітайскіх адносін будаўніцтва «Вялікага каменя» з’яўляецца важным праектам. У парку будзе на што паглядзець», – лічыць Сямён Шапіра. Губернатар напомніў, што хутка кіраўнік Кітая плануе наведаць Беларусь з афіцыйным візітам. Кітайская  дэлегацыя прыме ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і эканамічным форуме. «Кітайска-беларускі індустрыяльны парк уяўляе сабой тэрыторыю з асобым прававым рэжымам для забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу. Сярод напрамкаў дзейнасці – развіццё тонкай хіміі, біямедыцыны, электроннай прамысловасці, машынабудавання. Парк будуецца ў Смалявіцкім раёне. На тэрыторыі парка будуць размешчаны вытворчыя і жылыя зоны, офісныя і гандлёва-гульнявыя комплексы, фінансавы і навукова-даследчыя цэнтры».

Памяць аб вайне

Пацікавіліся  журналісты ў старшыні аблвыканкама, як будуць ушаноўвацца ветэраны на Міншчыне і што асабіста звязвае губернатара з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.

«У Маладзечне 5 мая сабяруцца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны з усіх раёнаў Мінскай вобласці. Запланавана канцэртная праграма і прэзентацыя фільма, знятага ў рэгіёне да 70-годдзя Перамогі. Таксама будзе ўшаноўванне ветэранаў з усіх раёнаў Мінскай вобласці на Кургане Славы. Пройдуць і іншыя мерапрыемствы.

У нашай сям’і беражліва захоўваюць памяць аб ваенных падзеях. Я нашу імя старэйшага брата майго бацькі, які загінуў 5 ліпеня 1943 г. у Курска-Белгародскай аперацыі. У 1943 г. яму было б толькі 18 гадоў. Ён пайшоў на двухмесячныя курсы афіцэраў, атрымаў там званне лейтэнанта і  загінуў у першым жа баі.

На жаль, ветэранаў засталося няшмат. Я схіляю галаву перад людзьмі, якія адстаялі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы».                  Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *