Рубяжэвічы просяцца ў турыстычны маршрут

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

Прыезд дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалая Іванчанкі ў аграгарадок Рубяжэвічы быў  спланаваным. На адным з пасяджэнняў райвыканкама разглядалася пытанне развіцця агратурызму на Стаўбцоўшчыне. Пасяджэнне праходзіла з удзелам кіраўнікоў аграсядзіб, рупліўцаў на ніве краязнаўства. Яркае, змястоўнае выступленне Валянціны  Шумілавай з Рубяжэвіч не засталося без увагі дэпутата беларускага парламента. Мікалай Іванчанка паабяцаў бліжэй пазнаёміцца з багатай адметнай гісторыяй мястэчка Рубяжэвічы.

 І вось гэта сустрэча адбылася. Выбаршчыкі сустракалі свайго дэпутата хлебам-соллю. Мікалай Іванчанка прайшоўся  з кіраўніком краязнаўчага клуба «Спадчына», мясцовым экскурсаводам і вялікім падзвіжнікам на ніве адраджэння нацыянальнай спадчыны Рамуальдай Сабалеўскай, старшынёю раённага Савета дэпутатаў Аркадзем Казякоўскім, старшынёю Рубяжэвіцкага сельвыканкама Алай Стралкоўскай, намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце сельскагаспадарчага таварыства «Рубяжэвічы»  Чаславай Ключнік  па сельскіх вуліцах, наведаў усе аб’екты, якія мясцовыя краязнаўцы хацелі б уключыць у турыстычную праграму.

Сустракалі Мікалая Іванчанку ў сельскім Доме культуры. Нацыянальны, а дакладней сказаць, рубяжэвіцкі каларыт стварыла выступленне мясцовага мужчынскага ансамбля на народных інструментах у складзе братоў Тадэуша і Рамана Сабалеўскіх – дырэктара Дома культуры і былога калгаснага брыгадзіра, а таксама гаспадара аграсядзібы «Рубяжэвічы» Анатоля Шумілава. Яны яшчэ не адзін раз у гэты дзень дарэчы аздаблялі рабочую сустрэчу дэпутата з выбаршчыкамі.

Вялікая зала Дома культуры выконвае ролю музея. Тут сабрана багатая калекцыя старадаўніх рэчаў беларускага побыту – самых розных. Каштоўнасць прадстаўляюць дакументы, кнігі, архіўныя матэрыялы. З іх Рамуальда Сабалеўская і пачала свой аповяд пра тую скарбніцу, якая робіць гісторыю Рубяжэвіч адметнай , уяўляе каштоўнасць на ўзроўні рэспублікі і з поўным правам можа прэтэндаваць быць уключанай у нацыянальны турыстычны маршрут. Найперш, гэта яўрэйская тэма. У Вялікую Айчынную вайну ў Рубяжэвічах было гета. Фашысты знішчылі 360 мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. Маладыя і людзі сярэдняга ўзросту былі адпраўлены ў іншыя гета. Месца расстрэлу  беражліва ўшаноўваецца, належна даглядаецца. Вынашана ідэя стварыць музей яўрэйскай культуры. Прыгледжана для гэтага і памяшканне – захаваўся яўрэйскі дом з рэчамі побыту, з адметным інтэр’ерам таго часу. Рамуальда Ігнатаўна прыводзіла шмат цікавых гісторый. Мястэчка Рубяжэвічы некалі было густа населена яўрэямі. Цяпер эмігранты з іншых краін прыязджаюць сюды, каб дакрануцца да гісторыі свайго роду, пабыць у мясцінах свайго дзяцінства. Не так даўно прыязджала вядомая  балерына Элеанора Лэнг. Рамуальда Ігнатаўна давяла да яе, што ў Ізраілі выдадзена кніга пра Рубяжэвічы. Элеанора Лэнг сказала: «Калі такая кніга ёсць у Ізраілі, то яна абавязкова будзе і ў вас.» Неўзабаве прыйшла пасылка з гэтай каштоўнай рэччу – выданнем  «Мемарыяльная кніга Рубяжэвіч». Яна пакуль не перакладзена на нашу мову. Аднак і цяпер уяўляе вялікую каштоўнасць – кніга багата ілюстравана фотаздымкамі, на якіх Рубяжэвічы даваеннага часу.

Наступным важным раздзелам гістарычнага летапісу з’яўляецца духоўная тэма, звязаная з дзвюма асобамі – праваслаўным свяшчэннікам Канстанцінам Стаднікавым і каталіцкім святаром Пятром Пупіным. У смутныя гады рэпрэсій яны абодва былі сасланы, адбылі ў няволі па 12 гадоў. Захаваліся іх пісьмы з выгнання, якія з’яўляюцца ўзорам хрысціянскіх, евангельскіх адносін да жыцця. Неацэнную ролю ў адкрыцці гісторыі Рубяжэвіч адыграла царкоўная кніга з запісамі ад 1867 да 1917 года, якая дазволіла храналагічна ўстанавіць многія падзеі. Расказваць пра экспанаты, сабраныя пад кіраўніцтвам Рамуальды Сабалеўскай, можна бясконца.

Адправімся на іншыя аб’екты, якія ўяўляюць цікавасць у плане развіцця мясцовага агратурызму. Па шляху да іх Мікалай Іванчанка наведаў Рубяжэвіцкую ўчастковую бальніцу, якая аб’яўлена пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва сярод сельскіх лячэбна-прафілактычных устаноў па выніках работы за мінулы год. Мікалай Міхайлавіч азнаёміўся з бальніцай, меў гутарку з галоўным урачом Надзеяй Русецкай.

Рубяжэвіцкія краявіды настройваюць на прагулку, усё тут пахне даўніной. Мікалай Іванчанка наведаў дом яўрэя, які плануецца  абсталяваць пад музей яўрэйскай культуры. Захавалася месца былой гандлёвай плошчы. У мясцовых рупліўцаў-краязнаўцаў ёсць сур’ёзны намер аднавіць рыначную плошчу з гандлёвымі радамі.

Даходзім да месца былога млына на рацэ Сула. Ад яго тое-сёе захавалася. Тут жа – адметная крыніца. Яна з’явілася ў час капання студні гаспадарамі Гарэлікамі. Крыніца б’е тут ужо 30 гадоў. Усе з’язджаюцца набраць сюды гаючай чыстай вады. Мясцовы прадпрымальнік, выхадзец з гэтых мясцін Анатоль Туміловіч гатовы стаць інвестарам, каб акультурыць гэтыя аб’екты і зрабіць іх прыпынкамі ў турыстычнай праграме.

Наступны пласт гісторыі звязаны з песняром беларускага народа Янкам Купалам. У мясцовым фальварку Няшота нарадзілася маці народнага паэта Беларусі, яна пахавана на мясцовых могілках. Рамуальда Сабалеўская са сваімі вучнямі даследавала ўсе магілы і знайшла іншых продкаў Янкі Купалы. Складзены багаты радавод. Даследавана, што гэта быў знатны шляхетны род, вельмі веруючыя людзі.

Далей – травяная аптэка. Загадчык Рубяжэвіцкай аптэкі, намінант «Чалавек года Міншчыны» ў 2014 годзе Анатоль Грыгор’еў, знаёміць Мікалая Іванчанку з аптэкай, з яе шырокай і папулярнай дзейнасцю, якая заключаецца не толькі ў абслугоўванні кліентаў з усёй рэспублікі, але і ў супрацоўніцтве з многімі медыцынскімі цэнтрамі краіны. Была чарга на прыём да Анатоля Грыгор’ева. Людзі ратуюцца ад хвароб гаючымі травамі сваёй мясцовасці. З Рубяжэвіцкай аптэкай звязана імя яшчэ адной яркай асобы, папярэдніка Анатоля Грыгор’ева, заснавальніка гэтай аптэкі Станіслава Вількоцкага. На доме, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. Аптэка з вялікімі аб’ёмамі продажу лекавых збораў, месціцца ў маленькім драўляным будынку. Наспела неабходнасць узвядзення новай аптэкі, мясцовыя ўлады прыгледзелі ўжо для гэтага і належнае месца.

Векавы Рубяжэвіцкі касцёл. Да юбілейнай даты  100-годдзя закладкі першага каменя па ініцыятыве і арганізатарскімі стараннямі Рамуальды Сабалеўскай быў узведзены своеасаблівы мемарыял. У тым парадку, як населеныя пункты размешчаны на геаграфічнай карце, тут увекавечаны ў камені 43 вёскі Рубяжэвіцкай парафіі. Сюды прывезены вялікія валуны, на кожным з іх выбіта назва вёскі. Камяні злучаюць пясчаныя сцяжынкі, яны вядуць да крыжа – сімвалу веры. У вялікія хрысціянскія святы ўраджэнцы мясцовых населеных пунктаў з’язджаюцца на сваю малую радзіму. Яны падыходзяць да камянёў, якія сімвалізуюць вёскі, запальваюць лампады. Некаторых з іх, як вёска Ліхачы, ужо няма, але яна працягвае жыць у гэтым мемарыяле.

У Рубяжэвіцкім касцёле дэлегацыю сустракае ксёндз-дэкан Уладзімір. Багатая гісторыя храма, які вельмі дагледжаны вернікамі. Адметнасцю, вялікім скарбам з’яўляецца арган, які быў дастаўлены сюды з Вільні на 50 конных падводах амаль сто гадоў назад. Паслухаць гэты ўнікальны музычны інструмент нам прадастаўляе магчымасць касцёльны арганіст Тадэуш Сабалеўскі. Ён часта іграе турыстам, якія наведваюць сядзібна-паркавы комплекс  «Панскі маёнтак Сула», знакаміты ў рэспубліцы аб’ект агратурызму. Адкрыццё аграсядзібы дазволіла багаты матэрыял пра паноў Ленскіх, сабраны Рамуальдай Сабалеўскай, памясціць у музей на тэрыторыі сядзібы. Рамуальда Ігнатаўна спадзяецца, што і для іншых экспанатаў, якія захоўваюцца ў Доме культуры, у асабістым доме Сабалеўскіх знойдзецца дастойнае месца, і яны стануць служыць справе развіцця экскурсійных паслуг.

Яшчэ адзін турыстычны аб’ект – аграсядзіба «Рубяжэвічы». Гаспадыня яе Валянціна Шумілава – мінчанка. Аднак з Рубяжэвічамі яна звязана даўно, прывозіла сюды мінскіх дзяцей на аздараўленне, мае шмат сяброў.

–        Ажыццявілася мая даўняя мара – мець сельскі дом на беразе возера, – гаворыць Валянціна Аляксандраўна. – Мы прымаем турыстаў, у поўнай меры адраджаем беларускія традыцыі гасціннасці, нацыянальную кухню, беларускую культуру, нацыянальны быт. І мы адчуваем, што гэта перспектыўны накірунак, аб чым гавораць нам і нашы наведвальнікі. На днях былі турысты з Яраслаўля, якія сказалі, што ніводны мінскі рэстаран не можа даць такіх эмоцый, такога задавальнення, як наведванне нашай сядзібы на ўлонні прыроды.

Для гасцей тут спявае і іграе мужчынскае трыо ў нацыянальных касцюмах, на народных інструментах. Удзельнікі яго названы ў пачатку артыкула. Сядзіба суседнічае з касцёлам. Калі надараецца свабодная хвілінка, свае таленты ў гэтым ансамблі рэалізоўвае і ксёндз Уладзімір, які выдатна іграе на акардэоне, баяне, на аргане таксама, і ведае шмат народных беларускіх і польскіх песен. Яго моцны прыгожы голас выдатна ўліваецца ў галасы іншых членаў ансамбля.

Уражанні, атрыманыя ад  наведвання Рубяжэвіч, нельга перадаць у сціплых газетных радках. Мікалай Іванчанка па ходу экскурсіі па краязнаўчых аб’ектах рабіў вывады, выказваў прапановы. Усе яны будуць абдуманы, акрэслены пэўнай канцэпцыяй развіцця Рубяжэвіч турыстычных, каб уключыць мястэчка ў нацыянальную праграму. А для пачатку Мікалай Міхайлавіч прапанаваў правесці фэст з прыцягненнем нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі. Патрэбна падрыхтаваць фільм пра Рубяжэвічы, паказаць увесь каларыт гэтага мястэчка, яго выдатных сыноў і дачок, якія рупяцца аб захаванні і развіцці Рубяжэвіч, яго багатай гісторыі, якая павінна стаць набыткам усёй краіны.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

1 комментарий по теме “Рубяжэвічы просяцца ў турыстычны маршрут

  1. Напішыце, калі ласка, калі будзе свята вёскі ў Рубяжэвічах. Цікава паглядзець гэтыя мясціны

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *