Кадравая палітыка павінна быць разумнай

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Па ініцыятыве старшыні райвыканкама на жывёлагадоўчых фермах раёна сёлета пачалі праводзіцца Дні жывёлавода. Гэта форма работы з людзьмі пачала адраджацца. Згодна  складзенаму графіку адказныя спецыялісты райвыканкама і райсельгасхарчу цяпер кожны месяц наведваюцца ў вытворчыя падраздзяленні. Мэта такіх візітаў – пагаварыць з людзьмі, даведацца аб праблемах, якія іх турбуюць, падвесці вынікі работы і падзякаваць лепшым работнікам за шчырую працу. Галоўныя спецыялісты гаспадарак, у сваю чаргу, знаёмяць работнікаў  з эканамічнымі паказчыкамі.

Напрыканцы красавіка Дзень жывёлавода ў ААТ «Дзераўное» праводзіў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў.  Юрый Мікалаевіч сустрэўся з жывёлаводамі МТФ «Ніўнае» і МТФ «Комплекс», з якімі вёў шчырую і адкрытую размову. Ён згадаў, што работнікам фермаў даводзіцца заданне па вытворчасці малака і мяса, і выканаць яго – абавязак кожнага працаўніка. Менавіта ад таго, як спрацуюць жывёлаводы на сваіх рабочых месцах, якіх даб’юцца вынікаў, будзе залежыць не толькі іх заработная плата, але і фінансавае становішча гаспадаркі, і ў цэлым дабрабыт насельніцтва краіны. Таму для людзей, якія выконваюць і перавыконваюць планавыя паказчыкі, патрэбна прадугледзець  дадатковае ўзнагароджанне за плённую працу.

Як падкрэсліў кіраўнік раёна, калектыў жывёлаводаў сельгаставарыства па выніках работы за першы квартал спрацаваў не лепшым чынам. Недаатрымана пэўная колькасць прадукцыі, а мець вышэйшыя паказчыкі работнікам цалкам па сілах, бо гаспадарка слаўная ў мінулым сваімі працоўнымі дасягненнямі і традыцыямі, тут склаўся моцны касцяк жывёлаводаў, кіруе калектывам вопытны дырэктар. Неабходна толькі актывізаваць работу і працаваць сумленна, тады ўсё атрымаецца. І прывёў у прыклад ААТ «Каганец»:

– Гэта таварыства было раней у кагорце адстаючых у раёне, а сёння – адно з перадавых. Калектыў займае трэцяе месца ў раёне па надоях малака ўслед за ТАА «СЖК «Налібакі» і ААТ «Вялікі Двор». Штодзённы надой ад каровы складае 20 кілаграмаў, таварнасць 97 працэнтаў. Прадукцыя залічваецца перапрацоўшчыкамі толькі гатункам «экстра». Тлустасць малака вагаецца ад 3,9 да 4 працэнтаў. Людзі зарабляюць рэальныя грошы і зарплату атрымліваюць належную. У вашай гаспадарцы таксама створаны пэўныя ўмовы для таго, каб плённа працаваць і дабівацца высокіх вынікаў. І трэба прыкладаць усе намаганні для таго, каб атрымліваць ад продажу малака прыбытак па максімуму. І тут адыгрывае ролю не толькі колькасць рэалізаванай прадукцыі, а і вельмі важная яе якасць. Менавіта ад невысокай гатунковасці (а ваша гаспадарка ніводнай тоны не здала найвышэйшым гатункам) і тлустасці страчваюцца даволі вялікія сумы грошай. Адсюль вынікае і заработная плата. Не трэба наракаць, што яна малая, а разабрацца ў кожным калектыве, чаму так атрымліваецца і спытацца ў сябе, а што я зрабіў для таго, каб мой заробак быў дастойным? Дарэчы, мною дадзена даручэнне «прывязаць» зарплату галоўных ветурачоў гаспадарак і галоўнага ветурача раёна ад якасці малака. Будуць станоўчыя вынікі, значыць, работа вядзецца і за гэта  спецыялісту трэба даплаціць. І галоўнаму заатэхніку таксама, бо ад граматнай арганізацыі работы залежыць і зладжаная праца калектыву.

Кіраўнік раёна прапанаваў пры неабходнасці перагледзець і штатны расклад, а іменна зменшыць колькасць працуючых, бо зарплату трэба зарабляць, а не проста атрымліваць. Пры правядзенні аптымізацыі кадраў пакідаць самых дастойных. На сённяшні дзень, калі ў жывёлагадоўлі ўкараняюцца новыя сучасныя тэхналогіі, гэта даволі актуальнае пытанне. Вывад адназначны – нядбайным працаўнікам трэба будзе думаць, дзе працаваць і як накарміць сям’ю. Асабліва гэта тычыцца тых, хто злоўжывае спіртнымі напоямі. І падкрэсліў пры гэтым, што кадравая палітыка, і менавіта ў сельскай гаспадарцы, павінна быць разумнай. Не трэба старацца пазбаўляцца ад людзей пажылога ўзросту. Многія з іх працуюць з адказнасцю за даручаную справу і нават лепш за тых, каму да пенсіі яшчэ далёка. І кожнаму кіраўніку трэба добра падумаць над тым, з кім развітацца, а каго, незалежна ад узросту, пакінуць. Ёсць у пенсіянера жаданне і сілы працаваць – няхай працуе. Важны канчатковы вынік.

Асаблівая ўвага павінна ўдзяляцца тэхнікам-асемянатарам. Падкрэслівалася, што менавіта ад работы гэтых спецыялістаў залежыць будучае малако і зарплату ім абавязкова трэба павышаць. Прынамсі, на гэтым зрабіў акцэнт падчас сустрэчы з тэхнікамі-асемянатарамі і старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра. Зразумела, пры ўмове, каб яны яе не проста атрымлівалі, а зараблялі. Бо ніякія прымаемыя меры не дапамогуць, калі не будзе выхаду цялят. Ялавыя каровы малака не даюць. На сённяшні дзень сэрвіс-перыяд у дзераўнянскіх кароў складае 131 дзень, тады як па раёне 115. З такім паказчыкам вялікага малака, на жаль, не атрымаць.

Юрый Мікалаевіч засяродзіў увагу на якасці травяных кармоў, бо не маючы належнай кармавой базы немагчыма мець высокія надоі. Для паляпшэння іх якасці і захаванасці сёлета на фермах раёна вядзецца будаўніцтва новых сянажна-сіласных траншэй. Пяць узводзяцца  і ў «Дзераўной», дзве з іх на МТФ «Ніўнае» і тры – на МТФ «Заброддзе». Кожная ўмяшчальнасцю да дзвюх тысяч тон. Каб дакладна вытрымаць тэхналогію закладкі кармоў, сёлета прынята рашэнне стварыць міжгаспадарчыя механізаваныя атрады. Мясцовыя механізатары скааперуюцца з шашкоўскімі калегамі. Дзераўнянцам варта было б пабудаваць і новы «клюшачнік», будаўнічыя матэрыялы на ўзвядзенне якіх у якасці заахвочвання (у раёне летась больш як на тысячу павялічана пагалоўе кароў) выдзяляюцца раёну бясплатна. Толькі ў гаспадарцы нестае фінансавых сродкаў для таго, каб правесці мантаж металаканструкцый і зрабіць унутраную аддзелку. Аднак аптымізацыя наспела, і ў бліжэйшы час такія фермы, як «Барок» і «Лубень» плануецца закрыць і пабудаваць новае жывёлагадоўчае памяшканне. А ці будуць на гэта грошы залежыць ад саміх жывёлаводаў.

Падчас размовы кіраўніку раёна жывёлаводамі былі зададзены і іншыя пытанні, якія Юрый Мікалаевіч паабяцаў па магчымасці вырашыць.

Затым былі ўшанаваны перадавікі, якія дасягнулі найвышэйшых паказчыкаў у вытворчасці ў сакавіку. Загадам дырэктара сельгаставарыства вызначаны парадак прэміравання работнікаў. У якасці заахвочвання закупляюцца мыючыя сродкі. Брыгадзірам фермаў для ўсіх работнікаў былі ўручаны салодкасці.

– Я лічу і ўпэўнены, што чалавек, які шчыра працуе, заслугоўвае ўвагі і дастойнай адзнакі за сваю работу, – падкрэсліў Юрый Горлаў. – Кожнаму трэба пастарацца і сёлета сур’ёзна папрацаваць. Будзе нялёгка, але гаспадарцы цалкам магчыма падняцца на вышэйшы ўзровень. І залежаць гэта будзе менавіта ад вас. А мне будзе ўдвайне прыемна, калі па выніках года з вашага таварыства будуць вылучаны перадавікі і на свяце працы я з задавальненнем уручу ім граматы і грашовыя прэміі.

Юрый Мікалаевіч прапанаваў прадугледзець для жывёлаводаў па выніках работы за год і каштоўныя падарункі – тэлевізар, пральную машыну або ноўтбук. Праца ў гэтай галіне самая цяжкая і работу людзей, якія яе выконваюць, трэба цаніць.

Дырэктар таварыства Мікалай Дронь падзякаваў кіраўніку раёна за змястоўную гутарку і ад імя жывёлаводаў запэўніў, што людзі пастараюцца выканаць намечанае, бо іншага проста не дадзена. Менавіта за сродкі ад продажу малака і мяса гаспадарка закупляе ўсё неабходнае для правядзення веснавых палявых работ і выплачвае заработную плату.

На развітанне кіраўнік раёна павіншаваў усіх прысутных з надыходзячым святам – 70-годдзем Вялікай Перамогі.

Надзея БАТАЛКА Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *