«Залатая труба» Стаўбцоўшчыны

Культура Нумары

image_pdfimage_print

Нярэдка мы звыкаемся нават з надзвычайнымі з’явамі.  Лаўлю сябе на гэтым, калі  ў час урачыстага адкрыцця адкрытага абласнога конкурсу маладых выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах «Залатая труба» на сцэну пачынаюць запрашаць членаў журы, у ліку якіх дзевяць прафесараў музыкі з розных краін. Пачынаеш усведамляць веліч гэтай музычнай падзеі, якая адбываецца на нашай зямлі. Дзеячы мастацтва пераадолелі межы і адлегласці, каб прыехаць на стаўбцоўскі конкурс, які захоўвае памяць аб выдатным выкладчыку,  дырыжоры і музыканце, заслужаным работніку культуры Рэспублікі Беларусь Іване Сцяпанавічы Янкоўскім. Гэта яго стараннямі і талентам створаны знакаміты стаўбцоўскі духавы аркестр, гэта ён выхаваў цэлую плеяду музыкантаў, якія сёння працягваюць справу маэстра. У ліку іх і сённяшні кіраўнік і дырыжор духавога аркестра, загадчык аддзялення духавой музыкі Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандр Нічыпаровіч.

На ХVІ адкрыты абласны конкурс маладых выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах памяці заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь І. С. Янкоўскага «Залатая труба» прыбыло 150 удзельнікаў з усіх абласцей нашай краіны. Афіцыйна конкурс лічыцца абласным, а фактычна ён не першы год ужо з’яўляецца міжнародным. У гэтым годзе паўдзельнічаць у музычным саперніцтве прыехалі юныя выканаўцы з Расійскай Федэрацыі – гарадоў Істра, пабраціма г. Стоўбцы, і Калугі. Варта пайменна прадставіць членаў журы. Нязменна старшынёю журы з’яўляецца прафесар Маскоўскага інстытута ваенных дырыжораў Алег Лебядзінскі. Выканальніцкае майстэрства юных дараванняў ацэньвалі таксама: народны артыст Беларусі, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Міхаіл Берсан, прафесар кафедры духавой музыкі і кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, старшыня праўлення ГА «Беларуская асацыяцыя духавых аркестраў і ансамбляў» Аляксандр Карацееў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктар мастацтвазнаўства Барыс Нічкоў, прафесар кафедры духавой музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, старшыня асацыяцыі выканаўцаў на беларускіх народных інструментах Беларускага Саюза музычных дзеячаў Ігар Мангучаў, заслужаны работнік культуры Польшчы, кавалер ганаровага знака асацыяцыі духавых аркестраў Польскай Рэспублікі, магістр музыкі, дырэктар Дома культуры г. Лобез Дарыуш Ледзіон, прэзідэнт Латвійскай асацыяцыі духавых аркестраў, прафесар Латвійскай музычнай акадэміі імя  Язэпа Вітола, мастацкі кіраўнік і дырыжор аркестра Латвійскага ўніверсітэта Яніс Пурыньш, прафесар Шчэцінскага ўніверсітэта (Польшча) Багдан Матлаўскі, прафесар, дырыжор аркестра радыё г. Антверпен (Бельгія) Іозеф Ратойчак, кіраўнік народнага духавога аркестра з Істры (Расія) Юрый Здрогаў, эксперт упраўлення па культуры і турызму адміністрацыі Істрынскага муніцыпальнага раёна Аляксандр Троіцкі, адказны сакратар Праўлення Беларускай асацыяцыі духавых аркестраў і ансамбляў  Алег Сівы, заслужаны артыст  Беларусі, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Тарашкевіч.

Нельга было ўстрымацца, каб не ўзяць інтэрв’ю ў такіх аксакалаў музыкі. Чым іх прыцягвае наш горад, стаўбцоўскі конкурс «Залатая труба»?

Дарыуш Ледзіон, Польшча:

–        Стоўбцы – гэта вялікі горад у адносінах культуры, захавання традыцый і развіцця духавой музыкі. Я ўжо трэці раз прыехаў на гэты конкурс, мне гэты горад стаў дарагім, тут жывуць мае беларускія сябры. У мяне адкрыта віза, і як толькі мяне запрашаюць на мерапрыемствы такога плану, я адразу прымаю рашэнне ехаць. У гэты раз я прывёз з сабою двух сваіх калег – прафесараў з Бельгіі і Шчэціна. Мы з вялікім інтарэсам удзельнічаем у гэтым конкурсе, які збірае юныя таленты.

Алег Лебядзінскі, Расія:

–        Я ўжо больш за 10 гадоў запар прыязджаю на гэты конкурс. Вялікая справа, што ў вашай краіне такое значэнне надаецца развіццю талентаў у дзяцей. Дзякуючы гэтаму конкурсу я бліжэй пазнаёміўся з культурай Беларусі, з дзеячамі мастацтва. Я не дзялю Беларусь і Расію: свет музыкі, свет мастацтва не ведае межаў. Вялікае шчасце, што на стаўбцоўскай зямлі праходзіць такі выдатны конкурс маладых выканаўцаў. Вы толькі ўдумайцеся: у гэты раз прыехала больш за 150 удзельнікаў, дзевяць (!) прафесараў музыкі! З рэгіянальнага гэты конкурс стаў міжнародным.

–        Вы асабіста былі знаёмы з Іванам Янкоўскім?

–        Я не толькі быў з ім знаёмы, Іван Сцяпанавіч быў маім добрым сябрам. Дзякуючы яму я пазнаёміўся з беларускай культурай, палюбіў яе, я ведаю месцы, дзе жыў Якуб Колас, пабываў ў іншых выдатных музеях Беларусі. Ад імя журы хачу парадавацца за стаўбцоўскую зямлю, за беларускую культуру, хачу павіншаваць Стоўбцы з такой знамянальнай падзеяй.

Праслухоўванне канкурсантаў праходзіла  ў некалькіх залах. Юныя дараванні прадставілі сваё майстэрства выканання твораў на трубе, тэнары, барытоне, тубе, валторне, трамбоне, барабане, ксілафоне, дудцы, блок-флейце, класічнай флейце, кларнеце, саксафоне.

Гран-пры конкурсу «Залатая труба» журы прысудзіла Аліі Султанавай, вучаніцы Мыцішчынскага дзіцячага дома-школы музычнага выхавання (Расія). Дзевяць лаўрэацкіх дыпломаў атрымалі вучні Стаўбцоўскай дзіцячай школа мастацтваў. Вучань С. А. Лубчонка, дзесяцігадовы Кірыл Калодзінскі на блок-флейце атрымаў дыплом І ступені. Саксафаніст Раман Шайноў (выкладчык У. М. Татарыцкі)  узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені. Дыплом такой жа вартасці журы прысудзіла саксафаністу Ягору Бражніку (выкладчык А. А. Нічыпаровіч).

Барытаніст Яўген Казацкі (выкладчык Д. У. Вяршэня) узнагароджаны дыпломам ІІ ступені. Сямігадовы трубач Арцём Маскаленчык (выкладчык А. А. Нічыпаровіч) удастоены дыплома І ступені. Трубач Кірыл Шчацінін (выкладчык У. М. Татарыцкі) атрымаў дыплом ІІІ ступені. Трубач Мікалай Артамонаў (выкладчык А. А. Нічыпаровіч) узнагароджаны дыпломам ІІ ступені. Вучань гэтага ж педагога трубач Алег Стома ўдастоены дыплома І ступені.

Журы ўзнагародзіла канцэртмайстраў Л. П. Сінягуб і Л. М. Новікаву дыпломамі за высокае прафесійнае майстэрства.

Па традыцыі лаўрэаты конкурсу выступілі ў гала-канцэрце. Для членаў журы былі арганізаваны экскурсійныя паездкі ў замкавы комплекс «Мір», гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», Нацыянальную бібліятэку. Госці развіталіся са Стоўбцамі да сустрэчы на наступным конкурсе «Залатая труба».

Святлана ЖЫБУЛЬ,

фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *