Умець любіць, умець жыць

Вялікай Перамозе прысвячаецца Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

image_pdfimage_print

У Рубяжэвічах гэты чалавек вельмі паважаны. І не толькі таму, што ён многія гады аддаў працы дырэктарам Рубяжэвіцкай школы, быў узорам інтэлегентнасці, сур’ёзных адносін да справы, да выхавання маладога пакалення і да ўсяго, чым жыве вёска. Да Аляксандра Нікіціча Турка шаноўныя адносіны і таму, што ён сёння  –  адзіны ветэран Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі сельсавета.

Ён быў малодшым у сям’і з 12-цю дзецьмі. Трое з дзяцей пайшлі абараняць Айчыну ў ліхія гады ваеннага ліхалецця. Брат Іван загінуў пры абароне Ленінграда. Брат Мікалай ваяваў з ворагам у партызанскім атрадзе імя Фрунзе 1-ай Баранавіцкай партызанскай брыгады. Аляксандр Нікіціч таксама быў сувязным у гэтым атрадзе. Пасля вызвалення Беларусі ён быў прызваны ў рады Савецкай Арміі ў верасні 1944 года. У складзе Другога Беларускага фронту Аляксандр Турок быў мінёрам. Першы бой для яго адбыўся пры фарсіраванні ракі Одэр. Гэта былі цяжкія ваенныя дзеянні з вялікімі стратамі, і для маладых байцоў каштавалі ахвяр. Дзень Перамогі Аляксандр Турок сустрэў на поўначы ад Берліна, у горадзе Расток. Аднак вайна для яго яшчэ не закончылася. Ён быў пасланы размініраваць палі ў Літву, затым –  у Карэла-Фінскую ССР, адкуль дэмабілізаваўся ў сакавіку 1948 года.

Аднавіўся на вучобу ў Навагрудскім педвучылішчы. Вучыўся завочна і працаваў настаўнікам у Апечкаўскай і Кнотаўшчынскай школах. У Апечкаўскай школе сустрэў свой лёс –  маладую настаўніцу, з якой пражываюць у любові і згодзе.

 У 1971 годзе Аляксандр Нікіціч быў назначаны дырэктарам Рубяжэвіцкай СШ. У яго працоўнай біяграфіі было кіраўніцтва Рубяжэвіцкім вучэбна-вытворчым камбінатам. Стаж педагагічнай дзейнасці яго складае больш за 40 гадоў. Амаль столькі ж –  у Рэгіны Іванаўны, якая выкладала вучням геаграфію і біялогію.

Прыгожае жыццё пражылі гэтыя людзі. І цяпер яны – прыклад дзецям. Аб гэтым нам расказвае Галіна Аляксандраўна, іх дачка. Калі бацькі занемаглі (Аляксандру Нікіцічу без некалькіх месяцаў 90 гадоў), Галіна Аляксандраўна са сваёй сям’ёю пераехалі з Расіі ў Мінск. Яна ўдзячна мужу і дзецям, якія падтрымалі яе рашэнне аб пераездзе, каб даглядзець бацькоў. Галіна Аляксандраўна жыве цяпер з імі ў вёсцы, беражліва іх даглядае. Яна замілоўваецца адносінамі Аляксандра Нікіціча і Рэгіны Іванаўны, якія напоўнены любоўю, клопатам, пяшчотай адзін да аднаго. Можна пісаць оду іх каханню. Паклон ветэрану вайны – за яго салдацкі подзвіг, за яго любоў да Айчыны, за яго ўменне любіць, заставацца дастойным і прыгожым, за яго ўменне жыць.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *