Бацька дапамог чырвонаармейцам

Вялікай Перамозе прысвячаецца Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

image_pdfimage_print

Гэта было ў самым пачатку вайны. Прайшоў першы няроўны бой, пасля якога засталіся ў жывых некалькі савецкіх воінаў. Яны схаваліся ў лесе каля вёскі Ражанка (тагачасны Засульскі сельсавет). Натрапіў на іх мой свёкар, Сяргей Іванавіч Жалязняк. Насіў ім ежу і адзенне, але знайшліся здраднікі, якія выдалі яго немцам. Тыя прывязалі яго калючым дротам да воза і пацягнулі ў лес. Недалёка ад вёскі Татаршчына яго расстралялі і закапалі… Усё гэта бачылі пастухі, якія пасвілі кароў.

Цэлы месяц жонка Сяргея Іванавіча хадзіла да немцаў з адной просьбай – каб дазволілі пахаваць забітага мужа. Пахавалі яго на могілках у вёсцы Ражанка. Удава засталася з чатырма малымі дзецьмі. Старэйшаму – 12 гадоў, а самаму меншаму – не было і месяца. Цяжка было адной падымаць сыноў на ногі.  Але ўсе хлопцы выраслі годнымі людзьмі. Кожны з іх набыў патрэбную прафесію, стварыў сваю сям’ю.

Але тады быў першы год вайны. У вёсцы ішла аблава, якую праводзілі карнікі. Ізноў нехта навёў на сям’ю Жалезнякоў. Узялі маці з дзецьмі і, акрамя таго, сястру Сяргея Іванавіча Пётру з 18-гадовым сынам Антонам. У яго знайшлі зброю, таму што збіраўся ісці ў партызаны. Усіх іх павялі на расстрэл. На краі ямы, выкапанай на двары, яны прастаялі цэлы дзень у чаканні загаду ад немцаў. Немец прыехаў і запытаў, што зрабіла гэтая маці і яе дзеці. Яму патлумачылі: маўляў, бацька  дапамагаў чырвонаармейцам. Немец, агледзеўшы ў адказ чацвёра дзяцей, толькі працадзіў праз зубы, што, маўляў, яшчэ не чуў пра партызанаў. Пасля гэтага маці з дзецьмі адвялі ад ямы. А вось Пётры з сынам выратавацца не ўдалося…

Я ведаю гэтыя скрушныя эпізоды ваеннай гісторыі ад маёй свекрыві, якая апошнія гады свайго жыцця жыла разам з намі.

Зінаіда ЖАЛЯЗНЯК, в. Зарэчча



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *