Надзея ў імя Перамогі

Вялікай Перамозе прысвячаецца Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

image_pdfimage_print

У 60-х гадах мінулага стагоддзя Мар’ян Карніцкі працаваў сакратаром партыйнага камітэта тагачаснага саўгаса «Івянецкі». Работа, так бы мовіць, з вялікім радыўсам дзейнасці, бо пасада сакратара была вызваленай, а не па сумяшчальніцтву. Ён цесна супрацоўнічаў і з Налібацкай школай, добра ведаў пра справы педагога-энтузіяста Алы Юльянаўны Юшкевіч. У прыватнасці, дзякуючы ёй, завязалася цесная перапіска з роднымі Надзеі Цыганенкі, радысткі партызанскага атрада, якая загінула ў баях за Шчорсы (Навагрудскі раён). Крыўдна, што смерць абарвала яе жыццё так вераломна – літаральна за некалькі месяцаў да вызвалення Беларусі… Яе  пахавалі на ўзвышшы недалёка ад берага Кромані… 

З гісторыяй гэтай многія былі знаёмыя ў тутэйшых мясцінах. І вось аднойчы з Крыма прыслаў заказное пісьмо бацька загінуўшай радысткі.  У пісьмо была ўкладзена схема пераправы партызанскага атрада праз так званы Шкляны мост з указаннем прыблізнай адлегласці ад берага, дзе можа быць пахавана дачка. Бацька прасіў адшукаць яе магілу.

«Мне даручылі займацца гэтай схемай, – прыгадвае Мар’ян Карніцкі. – Я адразу выйшаў на ляснічага Ігара Запольскага (пра жорсткую расправу з сям’ёю гэтага ляснічага ў гады вайны ва ўрочышчы Рудзьма мы расказвалі на старонках газеты ў чэрвені мінулага года), які выдзеліў у маё распараджэнне лесніка Клімовіча. Дырэктар Налібацкай школы Адам Іванавіч Сінякевіч таксама пайшоў насустрач – даў у дапамогу пяць ці шэсць вучняў, дакладна не памятаю. Разам мы прааналізавалі тое, што мелі на руках, і прыступілі да раскопак. Працавалі цэлы дзень. І вось дабраліся да грудка зямлі… Знаходзім астанкі. Хваляванне такое ахапіла!.. Удакладняем  асаблівыя прыкметы.  Сапраўды, так апісаў дачку і бацька. Усё супала. Побач з Надзінымі астанкамі былі знойдзены і мужчынскія, аднаго з байцоў.

Пасля рытуалу астанкі былі адпраўлены  для далейшага перазахавання ў Стоўбцах, на плошчы Бессмяротнасці. На мемарыяльнай сцяне імя Надзеі Цыганенка ўвекавечана побач з іншымі імёнамі герояў. Да яе падножжа ўдзячныя нашчадкі прыносяць вянкі і кветкі. А баец, астанкі якога былі знойдзены ў лясным масіве побач з Надзінымі, упакоіўся сярод невядомых салдатаў…

Бацьку Надзеі Цыганенкі было паслана тэрміновае паведамленне ў Крым. Ён прыязджаў на Стаўбцоўшчыну. «Яго вельмі добра прымалі, акружылі цеплынёй і клопатам, – прыгадвае Мар’ян Карніцкі. – Кіраўніком раённага камітэта партыі тады працаваў Іван Плахатнюк. Франтавік! І – таксама ўкраінец. Чалавек дабрэйшай душы. Разам з бацькам загінуўшай радысткі яны пабывалі і на месцы яе гібелі».

Сёння на гэтым месцы стаіць абеліск з чырвонай зорачкай…          Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *