Гісторыя вайны ў сэрцы партызана

Вялікай Перамозе прысвячаецца Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

image_pdfimage_print

На тэрыторыі Шашкоўскага сельсавета засталіся толькі два ветэраны вайны. Гэта Дзмітрый Ігнатавіч Байчук, нязменны старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі сельсавета, і Барыс Андрэевіч Самец.

Барысу Самцу, чалавеку надзвычай сціпламу, разважліваму, сёлета споўнілася 90. Павіншаваць яго з адметным юбілеем прыехалі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Іосіф Язвінскі, старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева, прадстаўнік філіяла № 500 — Мінскага ўпраўлення цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 ААТ «АБ Беларусбанк» Аляксандр Шчэцька. Вакол ветэрана сабраліся яго дзеці. «Каб не яны, то я б ужо і не жыў на свеце», – мімаходзь заўважае бацька, усміхаючыся знаёмым і незнаёмым людзям, шчыра дзякуе за падарункі і за ўручаны юбілейны медаль. У гэтай сітуацыі відавочнай становіцца і яшчэ адна рыса яго характару –  імкненне да людзей, да душэўнай размовы, жаданне дзяліцца перажытым. А падзяліцца Барысу Андрэевічу сапраўды ёсць чым. 

Нарадзіўся ён у Карэліцкім раёне, але амаль усё сваё жыццё пражыў на Стаўбцоўшчыне, у вёсцы Дружная. У яго быў моцны сялянскі падворак з рознымі плугамі ды трасалкамі, дамашняй жыўнасцю. Гаспадар трымаў, канешне, і каня. Як надыходзіла вясна, у яго двор беглі адна за адной вясковыя кабеты. Кожная прасіла заараць ёй пляц.

– А я разумеў адно: Бог дапамог табе, і ты дапамажы, –  выказвае Барыс Андрэевіч тое, што хвалюе і з’яўляецца яго сутнасцю. Ён прыводзіць такую паралель: – У вайну, на фронце, як казалі салдаты?.. Хто з гэтага пекла выйдзе жывым, павінен абавязкова дапамагаць іншым, у каго дзеці засталіся без бацькі, сіротамі…

Сам Барыс Андрэевіч у дзеючую армію не трапіў. На пачатку вайны яму было толькі 16. З першых дзён вайны ён стаў на шлях змагання з ворагам. Афіцыйныя даныя гавораць, што са снежня 1942-га і да вызвалення Беларусі ён ваяваў у партызанскім атрадзе імя Жукава. Дзесьці побач з ім партызаніў і Іван Яраслававіч Клімаш, яго зямляк з суседняй вёскі, які пасля вайны таксама, як і ён, прыжыўся на Стаўбцоўшчыне. «Па-зямляцку яны некалькі разоў сустракаліся ў нас дома», – прыгадвае ўдава Івана Яраслававіча і былая партызанская медсястрычка Ганна Клімаш.

Паўтара года яго «ляснога жыцця» пад страхам невядомасці і смерці не прайшлі бясследна. У першую чаргу, яны падштурхнулі да вывучэння гісторыі. Пазней пра вайну з яе кровапралітнымі бітвамі і баямі ён, просты вясковы працаўнік, шмат чытаў. У кнігах шукаў адказы на свае пытанні. І прыйшоў да высновы: «Вайна – гэта вялікая гісторыя. Але – ніколі нельга верыць фашызму і нацызму».

Барыс Андрэевіч і сёння застаецца на варце міру. Па тэлевізары ён пільна сочыць за навінамі ў свеце і асаблівую занепакоенасць выказвае адносна ваенных падзей ва Украіне. «Навошта?» – пытаецца ветэран, той, хто ведае, якім бывае заўсёдны «ўраджай» вайны. «Абнадзейвае разумная і адкрытая пазіцыя нашай дзяржавы і асабіста прэзідэнта краіны», – разважае ветэран. Апошнім часам ён моцна хварэе. Летась быў у ваенным шпіталі, ляжаў у бальніцы. Яго знаходжанне на бальнічным ложку акурат супала са святам вызвалення Беларусі, таму ў бальніцу да яго прыехала цэлая дэлегацыя: прадстаўнікі ААТ «Шашкі», мясцовых дома культуры, сельвыканкама… Хворыя выйшлі з палатаў, бо сам дырэктар сельгаставарыства іграў для Барыса Андрэевіча на гармоніку. «І я падцягнуў франтавую песню, – успамінае Барыс Андрэевіч. – Гэтага нельга забыць…»

Пагоршылася са здароўем, таму сын забраў яго ў Дзераўную, бліжэй да сябе. У дзядулі ёсць яшчэ дзве цудоўныя дачкі, але менавіта сын са сваёй сям’ёй стаў яму ў гэтай няпростай сітуацыі сапраўдным выратавальнікам (Валерый Самец, дарэчы, з’яўляецца выратавальнікам і для іншых – працуе начальнікам пажарнага аварыйна-выратавальнага паста ў Дзераўной).

– Жыццё ў вас было вялікае. Адчуваеце свае гады? – цікавімся ў гаваркога ветэрана.

– Жыццё прайшло, але стомленасці я не адчуваю. Любіў на зямлі працаваць. Ніводнага разу не выпіў і не закурыў, бо гэта – лішняе. Завіхаўся ў калгасе «За мір», а потым перайшоў у меліярацыю, у  ПМК-74. Атрымліваў добрыя грошы. Сваю гаспадарку трымалі. Жылі дружна. Дамовіліся з жонкай: хто першы з работы прыходзіць, той ідзе адразу ўходжвацца. А як пайшоў на пенсію, стаў плесці кошыкі. Па 50-60 кошыкаў мне заказвалі. У мяне часу хапала, забяспечваў імі ўсю вёску.           

Старшыня сельвыканкама Святлана Якаўлева дадае  да нашай размовы:

– Барыс Андрэевіч і з намі дзяліўся сваімі вырабамі, калі трэба было афармляць падворак сельсавета на святы 9 Мая або 3 ліпеня ў Стоўбцах. Да гэтых датаў мы заўсёды запрашаем нашых ветэранаў, школьнікаў на свой мітынг каля помніка. Склалася традыцыя, што едзем з імі потым да абеліска ў Зуберава, у партызанскую зямлянку.  Барыс Андрэевіч не прапусціў ніводнай такой паездкі (толькі адзін раз, калі хварэў) і заўсёды быў мне падчас яе грамадскім памочнікам. Ветэранаў развозім па дамах, а ён кажа: «Мяне – у апошнюю чаргу». 

 «Мы – не забытыя», – прыемна чуць гэта сёння ад шаноўнага ветэрана. Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *