«Гэта наш дзядуля»

Вялікай Перамозе прысвячаецца Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

image_pdfimage_print

Выпадкова даведаліся, што ў Стоўбцах жыве чалавек, які па ўласнай ініцыятыве шэфствуе над ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, аказвае дапамогу пажылым людзям.

– Я рамантаваў свой аўтамабіль «Ака» ў Заямным на прыватнай станцыі тэхабслугоўвання. Пасля рамонту грошай з мяне не ўзялі і спыталі, што з прадуктаў мне патрэбна, – прыгадвае пачатак знаёмства шаноўны 93-гадовы ветэран з Трылеса Дзмітрый Байчук.

Так, дзесяць гадоў таму ў яго з’явіўся добраахвотны памочнік – індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Калоша. Яго станцыя тэхабслугоўвання аўтамабіляў ужо даўно «пераехала» з Заямнага ў Апечкі, але Дзмітрый Байчук па-ранейшаму застаецца, так бы мовіць, яе ганаровым кліентам. На хаду застаецца і далёка не новая «Ака», і прадуктовая дапамога прывозіцца рэгулярна.

– Пашанцавала мне з Мікалаем Мікалаевічам, – дзеліцца ў тэлефоннай размове ветэран. – Такі душэўны чалавек сустрэўся на маім шляху. Ён для мяне надзейны, якім можа быць родны або блізкі чалавек.

А старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева дадала, што Мікалай Калоша з ахвотай адгукаецца і на іншыя, не прыватнага характару, просьбы. Напрыклад, дапамог з рамонтам агароджы могілак,  вывазам смецця ў вёсцы  Апечкі. У Аталезі да помніка загінуўшым землякам набыў карзінку з кветкамі…

Калі мы патэлефанавалі Мікалаю Калошу, каб падзякаваць за  добрыя справы і спытаць, што яны значаць для яго, то пачулі: «Дзмітрый Ігнатавіч – гэта наш дзядуля, таму не хацелася б афішыраваць зробленае, пералічваць… Мне прыемна дапамагаць…»

Адказ цалкам лагічны і чаканы для 47-гадовага, з пэўным жыццёвым вопытам, чалавека… У дапаўненне высветлілася, што Мікалай Калоша апекаваецца над ветэранам разам з Іванам Боганам. Мэта ж гэтай публікацыі – урэшце рэшт назваць дабро сваімі імёнамі і паспрыяць распаўсюджванню неардынарнага вопыту чалавечай любові, павагі і міласэрнасці.            

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *