Дзякуй вашаму подзвігу

Вялікай Перамозе прысвячаецца Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

image_pdfimage_print

Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, Беларускі Саюз моладзі і телевізійны канал СТВ правялі сумесную акцыю «Пісьмо Пераможцу», у ходзе якой члены маладзёжных арганізацый, вучнёўская моладзь пісалі лісты ветэранам.

Актыўны ўдзел у гэтай юбілейнай акцыі прынялі вучні школ раёна. Першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Калодзінская расказвае:

–        Было вельмі кранальна чытаць гэтыя пісьмы. Яны падрыхтаваны ў форме франтавых трохвугольнікаў. Дзеці і падлеткі пісалі свае радкі вельмі прачула, шчыра, лірычна. Асабліва хочацца адзначыць творчасць вучняў стаўбцоўскай гімназіі, Дзераўнянскай, Вішнявецкай, Заямнаўскай, Горкаўскай, Шашкоўскай  і іншых школ раёна. Такая акцыя выканала важную задачу патрыятычнага выхавання маладога пакалення, якое павінна ведаць пра вайну, пра салдатаў Перамогі, выхоўваць у сабе адказнасць за лёс сваёй Айчыны, вучыцца любіць яе і, калі трэба, стаць на яе абарону ад ворагаў. Без гэтага не можа быць будучага.

Разгорнем і мы пісьмы-трохвугольнікі.

«Добры дзень, дарагі мой далёкі прадзед! Не ведаю, як хутка дойдзе маё пісьмо, не ведаю, дзе ты яго атрымаеш, але ўпэўнена, што будзеш рады вестачцы з роднага краю. … У нас вясна. Такая пяшчотная, пяшчотная… Сады цвітуць, і неба – сіняе-сіняе. Зноў прыляцелі буслы і ладзяць свае гнёзды. Гэта значыць –  мір! «, – піша Валерыя Нікалаева, вучаніца Заямнаўскай СШ.

Піянеры атрада імя Л. І. Сіткевіча адрасуюць такія ўдзячныя словы пераможцу: «Дзякуючы вашаму баявому подзвігу, наша краіна з кожным годам становіцца ўсё больш прыгажэйшай. Мы вельмі любім нашу невялічкую сінявокую Беларусь і цвёрда верым, што ніякая сіла ў свеце не зможа ў нас яе адняць. Мы займаемся спортам, рыхтуемся быць абаронцамі Айчыны».

Ангеліна Кухарэнка з Нававёскаўскай СШ піша: «Мне пашчаціла нарадзіцца ў мірны час. Мне цяжка ўявіць выццё сірэн, разбураныя снарадамі дамы, голад, холад. Аднак я шмат чытала пра Другую сусветную вайну і не хачу, каб такое паўтарылася. Я хачу стаць медыкам, хачу прысвяціць сваё жыццё абароне людзей ад розных інфекцый і хвароб. Я люблю людзей і сваю Беларусь».

«70 гадоў аддзяляе нас ад апошніх залпаў вайны. Хачу расказаць гісторыю, якую мне паведала мая прабабуля Сцефаніда Іванаўна Душкевіч. Ёй ужо 89 гадоў. Калі ў нашай мясцовасці з’явіліся фашысты, яны паводзілі сябе, як гаспадары на нашай зямлі. Каля вёскі Савані пачалі будаваць склады боепрыпасаў. Ганялі на работу мужчын, а жанчын –  на кухню. Аднойчы нямецкі салдат заблудзіў у вёску Вязавец, што за лесам. Там яго і ўзялі партызаны. Раз’юшаныя фашысты зрабілі аблаву. Мясцовых жыхароў зганялі ў баракі. Там была і мая бабуля. Усіх абвінавацілі ў сувязі з партызанамі. Тут жа расстралялі двух братоў Івана і Сяргея Ермаковых. А вечарам раптам усіх адпусцілі. Што ж здарылася? Стараста прынёс запіску ад немца, у якой было напісана на нямецкай мове: «Я пайшоў да партызанаў сам». Так мясцовы стараста Васіль Макаўчык, рызыкуючы сваім жыццём, выратаваў ад смерці 80 чалавек», –  такую гісторыю расказала вучаніца Горкаўскай СШ Кацярына Курдун.

Прадзядулю Казіку напісала сваё пісьмо вучаніца СШ № 2 Валерыя Макарэвіч: «Пажаўцелы ад часу фотаздымак, медалі і ордэн Баявога Чырвонага Сцяга, якім мой прадзядуля ўзнагароджаны пасмяротна, для мяне дарагія рэліквіі. Не павінна перарвацца нітачка, якая звязвае пакаленні, таму што няма будучага ў таго, хто не памятае мінулага». Вучаніца гімназіі № 1 Алена Мешыч напісала пісьмо невядомаму салдату. Яе ліст, як і іншыя конкурсныя работы, –  пранікнёныя, кранальныя. Няхай гэтыя стрункі заўсёды будзяць душы маладых.     

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *