Міру – салдатам Перамогі і ўсім нам

Год моладзі Нумары

image_pdfimage_print

Моладзь шчыра здзіўляецца: ветэраны вайны цытуюць Якуба Коласа –  і падхоплівае іх нястомны заклік: беражыце мір і сваю зямлю!

Чым далей час аддаляе ад нас Вялікую Айчынную вайну, тым менш застаецца яе жывых сведак – ветэранаў. Ды і здароўе ў многіх з тых, хто сярод нас, ужо, на жаль, такое, што не выпускае з абдымкаў «хатняга» рэжыму. Усе яны напярэдадні Дня Перамогі ўспамінаюцца з асаблівай цеплынёю.     

Паслухаем моладзь Стаўбцоўшчыны…  

Вольга ДУДАРЭВІЧ, эканаміст філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» :

– Станоўча ўспрымаю ветэранаў вайны. З удзячнасцю. Са школы запомніўся ветэран, мой аднафамілец з Горак. Мы запрашалі яго на школьныя мерапрыемствы і самі прыходзілі да яго дамоў, дапамагалі тое-сёе прыбраць. Дзядуля быў простым, сціплым чалавекам… На жаль, яго ўжо няма ў жывых… Калі былі піянерамі, любілі глядзець ваенныя фільмы. Мая бабуля расказвала, якой жудаснай бывае вайна. Страшна становіцца ад адных падрабязнасцяў, а іх пакаленне гэта ўсё перажыло…

Кожны год 9 Мая мы ідзем на сустрэчу з ветэранамі – у святочнай калоне прадпрыемства. На свята запасаемся кветкамі, рознакаляровымі шарыкамі. Потым шарыкі запускаем у неба, каб горад наш быў прыгожым і мірным. Заўсёды і назаўжды!

Аляксей ДОРАХ, памочнік ляснічага Старынскага лясніцтва:

– 9 Мая – важны дзень для ўсіх нас. Ваяваў на фронце мой прадзед па мамінай лініі – Аляксандр Атрушкевіч з Мархачоўшчыны. Пра яго мне расказвалі шмат. Запомнілася, што ён пад Кенігсбергам быў ранены. А ўвогуле – засталіся школьныя ўспаміны. Вучыўся я ў Старасвержанскай школе. Заўсёды мы збіраліся на мітынг каля помніка. Хадзілі да Сямёна Мікалаевіча Стомы. Ветэран чытаў нам напамяць «Новую зямлю» Якуба Коласа! Вобраз салдатаў Перамогі бачым і з экрана. З сучасных стужак пра вайну я глядзеў «Брэсцкую крэпасць». Лічу, што фільм атрымаўся праўдзівым. Трэба, дарэчы, з’ездзіць на экскурсію ў абноўленую Брэсцкую крэпасць. Летась, як расказвалі мне, нядаўна прыбыўшаму маладому спецыялісту, работнікі лясгаса якраз арганізавалі такую паездку. Планаў шмат, але ў бліжэйшы час накіроўваюся служыць у пагранічныя войскі. Буду атрымліваць навыкі абароны Айчыны.               

Вераніка ГУЗОЎСКАЯ, інжынер па разліках і рэжымах Стаўбцоўскіх электрасетак:

–  У школе нас вучылі трапяткому стаўленню да ветэранаў. Такім яно і засталося. Падзеі Вялікай Айчыннай – гэта вялікая памяць, бо ваявалі нашы дзяды і прадзеды. Калі бачыш ветэрана, узнікаюць пачуцці ўдзячнасці, любові да яго і – роздуму. Яны жыццё сваё аддавалі, ішлі на верную смерць… Са школы мне запомніліся нашы самыя блізкія ветэраны – Васіль Мікалаевіч Шкляр, Ганна Андрэеўна Клімаш. Пра іх мы пісалі сачыненні, занатоўвалі іх успаміны… Пра ваенную гісторыю нам шмат расказалі творы Быкава. У дзень 9 Мая разам з сябрамі мы хочам наведаць Хатынь, калі атрымаецца – то і новы музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Бязмежны дзякуй ветэранам за Перамогу, за іх мужнасць і гераізм! Моладзі жадаю захоўваць памяць пра вайну і яе герояў надалей.    

Аляксандр ЛАБУН, памочнік ляснічага Рубяжэвіцкага лясніцтва:

– Дзень Перамогі – гэта вялікі подзвіг вялікага народа. Моладзь не можа не ганарыцца тым, што на нашай зямлі пануе мір і што гэта – самае каштоўнае багацце. Для ўсіх гэта відавочна на прыкладзе сучаснай гісторыі, той жа Украіны… Моладзь не павінна забываць гісторыю, каб не перажыць яе жахлівыя ўрокі ў будучым. Шкада, што ветэранаў становіцца ўсё менш… Я закончыў Тонаўскую школу, якой цяпер няма. Але памятаю, як разам з класным кіраўніком мы хадзілі да нашых ветэранаў. Гутарылі. Дапамагалі ім па гаспадарцы, і гэта нагадвала нечым суботнік. 9 Мая праводзілі мітынг на ўзроўні сваёй вёскі. Абавязкова запрашалі ветэранаў. Цяпер я знаходжуся акурат у Мінску – на сесіі, бо атрымліваю другую вышэйшую адукацыю, – таму пастараюся пабываць 9 Мая на галоўным парадзе краіны. Шаноўным ветэранам жадаю моцнага здароўя, моладзі, маім равеснікам, – берагчы  і цаніць мір.

Андрэй БАНКЕВІЧ, інжынер-канструктар філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы:   

– Калі я вучыўся ў школе ў Баранавічах, у нас быў музей, прысвечаны аўтамабільнай брыгадзе, якая абараняла наш горад у гады вайны. Гэта было здорава! Яшчэ мы шэфствавалі над помнікам у выглядзе знакамітага аўтамабіля- «палутаркі». Немагчыма забыць гэтыя даты – Дзень Перамогі, Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У нас няма маральнага права забываць ветэранаў, якія набліжалі дзень Вялікай Перамогі. І трэба быць вельмі пільнымі, таму што сёння знаходзяцца «аматары», гатовыя перапісваць гісторыю. Дарагім ветэранам жадаю здароўя на доўгія гады, а моладзі – ведаць гісторыю і ўмець адстойваць сваю пазіцыю. Самае галоўнае для ўсіх нас – каб не было вайны, каб на зямлі быў мір.     

Гутарыла  Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *