Мірная вясна Жукава Барка

Духоўная і гістарычная спадчына Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Напярэдадні юбілейнай  даты, 70-годдзя з Дня Перамогі, у Жукавым Барку ладзілася свята вёскі. Эстафету правядзення такіх мерапрыемстваў  жукаваборцам перадала вёска Літва.

Пачалося народнае гулянне з ускрайку вёскі. За духавым аркестрам Дзераўнянскай школы мастацтваў па галоўнай вуліцы вёскі рушылі госці. Сярод запрошаных  – старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, старшыня райсавета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, рэдактар газеты «Прамень» Нэлі Астрэйка, старшыня Стаўбцоўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шапецька, старшыні сельвыканкамаў.

У святочным убранні падворкі, дзе ля веснічак накрыты сталы з пачастункамі. Старшыні райвыканкама ўручаецца ад імя вяскоўцаў каравай. Усе гаспадары гасцінна запрашаюць гасцей паспрабаваць прыгатаваныя імі і іх дзецьмі мясныя і кулінарныя прысмакі, палюбавацца мастацкімі вырабамі і з прыемнасцю прымаюць у свой адрас словы пахвалы за праяўленую фантазію.   Для кожнага асабіста ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці  Шашкоўскага сельскага дома культуры выконваюцца душэўныя песні. Па дарозе да імправізаванай сцэны, якая ўстаноўлена ў маляўнічым куточку на беразе Нёмана, госці не мінаюць і млын – адзіны ў раёне, дзе захавалася ўсё ў гістарычнай першапачатковасці. Было адзначана, што гэты аб’ект павінен стаць месцам масавага наведвання, бо гэта памяць, якая засталася ад продкаў.

Менавіта ў гістарычны экскурс станаўлення вёскі  разам з навучэнцамі Аталезскай сярэдняй школы і акунуліся спачатку ўсе прысутныя. Затым слова было прадастаўлена старшыні сельвыканкама Святлане Якаўлевай, якая згадала, што ў населеным пункце пастаянна пражываюць 46 грамадзян – васемнаццаць працаздольнага ўзросту, двое дзяцей і  26 пенсіянераў. На жаль, няма ўжо на свеце ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, але памяць аб іх жыве і сёння.

На сцэну падымаецца старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. Кіраўнік раёна шчыра віншуе са святам жыхароў і гасцей і дзякуе людзям за тое, што адгукнуліся і прыйшлі сюды ўсе разам, дружнай вясковай сям’ёй. «Мясціны, дзе вы пражываеце, унікальныя па сваёй прыродзе, а вёска адметная працавітымі, добрымі і спагадлівымі людзьмі, якія ў свой час прыклалі многа сіл і старання для таго, каб наша краіна, наш раён жылі дастойна і быў мір на зямлі, – сказаў Юрый Мікалаевіч. – Тут нарадзілася многа знакамітых людзей, якімі ганарыцца наш раён. І ў перспектыве вёска ваша павінна развівацца і прырастаць насельніцтвам. З гэтай мэтай мы прынялі рашэнне аднавіць жывёлагадоўчую ферму, якая доўгі час не функцыянавала. Створым рабочыя месцы, і людзі прыедуць сюды працаваць.  Дзякуй вам і за тое, што ваша вёска добраўпарадкавана, што вы пастаянна падтрымліваеце парадак і ствараеце прыгажосць. Жадаю ўсім даўгалецця, а моладзь, каб  вас радавала і прымнажала вашы здабыткі».

Святочная праграма працягнулася ўшанаваннем жыхароў вёскі, уручэннем ім падзяк і падарункаў. Першымі аднавяскоўцы віталі сям’ю былых настаўнікаў – Анатоля Аляксандравіча і Ніну Герасімаўну Крамко. Гэтыя паважаныя людзі шмат гадоў сеялі разумнае, добрае, вечнае ў душы не аднаго пакалення дзяцей і заслужылі шчырыя словы ўдзячнасці. За добрасумленную працу кіраўніцтвам мясцовага сельскагаспадарчага філіяла адзначаны Вера Казлоўская, Ганна Жук, Васіль Сушч, Любоў Скорбеж, Міхаіл Сушч, Наталля Жук, Сяргей Гамза, Мікалай Паплаўскі, Алена Крамко. Асаблівая ўвага – шматдзетным маці Валянціне Іосіфаўне Крамко і Валянціне Васільеўне Раковіч, якія нарадзілі і выгадавалі па шасцёра дзяцей, у адной жанчыны – трынаццаць унукаў, у другой – дзевятнаццаць, ёсць і праўнукі. Гонар вёскі – яе старэйшыя жыхары – гэта Браніслава Аляксандраўна Крамко  (віншаваў сваю матулю песняй яе сын, работнік раённага Цэнтра культуры Фадзей Крамко), а таксама Марыя Міхайлаўна Камароўская і  Марыя Лявонаўна Крамко – усе яны размянялі дзявяты дзесятак. Самыя маладыя жыхары вёскі сям’я Казлоўскіх – Віктар, Галіна і іх дзеці Святлана і Уладзіслаў. У намінацыі «юбіляры» запрашаліся на сцэну Уладзімір Міхайлавіч Буцька, Ганна Кірылаўна Крамко, Валянціна Афанасьеўна і Генадзь Уладзіміравіч Навіцкія,  Мікалай Маркавіч Наско, Міхаіл Данілавіч Крамко, Таццяна Аляксандраўна Скорбеж і Вадзім Аляксандравіч Жук. Пранесла праз усё жыццё каханне, пяшчоту, веру, цеплыню і павагу адзін  да аднаго сямейная пара Ніна Міхайлаўна і Аляксандр Антонавіч Крамко, якія адзначаюць залатое вяселле і чарговы жыццёвы юбілей. Аляксандр Антонавіч амаль паўстагоддзя працуе ў мясцовым лясніцтве і асабліва пастараўся ў плане афармлення сцэны і тэрыторыі вакол яе. Дваццаць пяць гадоў пражылі разам Мікалай Мікалаевіч і Людміла Уладзіміраўна Гамза, якая трыццаць гадоў рупіцца сацыяльным работнікам. Цёплыя словы падзякі былі выказаны старасце вёскі Ірыне Казлоўскай. Ірына Мікалаеўна адпрацавала ў Аталезскім сельсавеце 34 гады і пасля выхаду на заслужаны адпачынак працягвае прымаць актыўны ўдзел у грамадскай рабоце, прыклала шмат намаганняў і ў арганізацыі свята вёскі.

У конкурсе на «Лепшы падворак», які быў аб’яўлены напярэдадні свята, перамагла сям’я Аляксандра Анатольевіча і Таццяны Аляксандраўны Скорбеж, Аляксандра Антонавіча і Ніны Міхайлаўны Крамко. Ім уручаны дыпломы і шыльдачкі «Дом узорнага парадку». Падзяку за ўдзел у конкурсе атрымаў Уладзімір Анатольевіч Скорбеж. Адзначаны і гарадскія жыхары Сяргей Сітко, Станіслаў Недзень, Аляксандр Аляшкевіч, якія маюць домікі ў вёсцы і ствараюць вакол іх прыгажосць.

Віталі на свяце і сем’і тых, каму надакучыў горад і хто вярнуўся на родную бацькаўшчыну. Гэта Іван і Соф’я Камароўскія, Леаніда Жабурдзёнак, Валянціна Жак, Міхаіл і Наталля Разуванавы. Дарэчы, вёска і яе наваколле, людзі, якія жывуць на гэтай зямлі, так спадабаліся Міхаілу Міхайлавічу Разуванаву, што гэта натхніла яго напісаць гімн вёскі Жукаў Барок, які пад бурныя апладысменты і праспяваў прысутным. Яго выступленнем і завяршылася канцэртная праграма, якую падрыхтавалі для вяскоўцаў і стварылі ім святочны настрой работнікі раённага і Старасвержанскага цэнтраў культуры, Вішнявецкага сельскага дома культуры.

Свята ўдалося і прайшло на высокім ўзроўні. Ёсць у вёскі адметная гісторыя, ёсць і сённяшні дзень, а стаць яшчэ прыгажэйшай ёй дапаможа любоў яе жыхароў.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *