Дзякуй за мірнае неба!

Вялікай Перамозе прысвячаецца Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Вясна. Квецень. Май. 70-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сапраўды ўсенароднае свята.

У гэтыя веснавыя майскія дні мы пераносімся ў той далёкі ваенны час, задумваемся аб шчасці, аб цане мірнага жыцця.

Напярэдадні Дня Перамогі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, стаўбчане і госці раёна сабраліся ў Старасвержанскім Цэнтры культуры на ўрачысты сход, прысвечаны 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. З прывітальным словам і віншаваннямі на сцэну падымаліся старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сарока. Юрый Горлаў уручыў кветкі і ўзнагародзіў ветэранаў граматамі і падзякамі райвыканкама.

«Паважаныя ветэраны! Вы атрымалі перамогу, якая навечна застанецца ў гісторыі. Патрыятызм узвышаў вас над ворагам… А мы абавязаны апраўдаць запаветы нашых бацькоў і дзядоў, абавязаны перамагчы ўсе цяжкасці і перашкоды і перадаць нашым дзецям свабодную, квітнеючую і моцную Беларусь», – падкрэсліў Юрый Мікалаевіч.

Урачыстае мерапрыемства прадоўжылася канцэртнай праграмай. У якасці вядучай была сама Святлана Сарока, а музычныя падарункі ўсім прысутным дарылі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Агінскага пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, мастацкага кіраўніка і дырыжора Рыгора Сарокі і саліст Фларэнційскага опернага тэатра, лаўрэат міжнародных конкурсаў Уладзімір Александровіч. З заміраннем сэрца, не хаваючы слёз, слухалі песні ваенных гадоў усе прысутныя на свяце, бо мы – помнім.

***

9 Мая. Цёплыя сонечныя промні ўсіх запрашаюць на свята 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, свята, якое не мае ўзросту, якое заўсёды актуальнае, бо звязана са слаўным пакаленнем пераможцаў, якія, не шкадуючы свайго жыцця, абаранілі Айчыну, а пасля самааддана паднялі краіну з руін і попелу.

Над горадам гучаць мелодыі ваенных гадоў. Сотні гараджан, прадстаўнікі працоўных калектываў, школ, воіны-інтэрнацыяналісты, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны прыйшлі на плошчу Бессмяротнасці. Мітынг «Рэха нашай памяці» адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель. Затым слова бярэ старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў.

Цёплым, праніклівым было выступленне Юрыя Мікалаевіча. Ён узгадаў старонкі ўсенароднай барацьбы, партызанскі рух на Стаўбцоўшчыне, трагічныя ваенныя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі нашага раёна.

«Гэтая Перамога дала нам магчымасць спакойна жыць і працаваць дзеля роднай краіны… Нізкі паклон вам, ветэраны, за вашы стойкасць, мужнасць і гераізм у барацьбе з фашызмам», – гаворыць старшыня райвыканкама і сардэчна віншуе ветэранаў, усіх жыхароў Стаўбцоўшчыны з вялікім святам.

Усіх кранула эмацыянальнае выступленне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны С. М. Стомы. І кветкі паважанаму ветэрану – ад яго праўнучкі. Аб тым, што наша армія нясе надзейную вахту мірных дзён, сведчыла выступленне-віншаванне раённага ваеннага камісара Аляксея Дзядкова. Ад імя моладзі Стаўбцоўшчыны са словамі віншаванняў да ветэранаў звярнулася вучаніца Старасвержанскай школы Хрысціна Качановіч. Павіншавалі з Вялікай Перамогай і пажадалі жыхарам раёна Божай дапамогі  благачынны цэркваў Стаўбцоўскай акругі протаіерэй  Аляксандр Марцінчык і настаяцель Рымска-каталіцкага прыхода Святога Казіміра ксёндз Адам.

Хвілінай маўчання ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць тых, хто не дажыў да гэтай 70-й вясны вызвалення. Над плошчай Бессмяротнасці ўзняліся рознакаляровыя шары – як сімвал шчаслівага дзяцінства, надзеі на заўтрашні дзень.

Да помніка і стэлаў героям-вызваліцелям былі ўскладзены вянкі і кветкі. Далей асноўная праграма народных гулянняў разгарнулася на плошчы Леніна райцэнтра. Тут гучалі мелодыі канцэртнай праграмы «Пераможныя залпы грымяць над краінай». Можна было азнаёміцца з вырабамі майстроў народнай творчасці і, безумоўна, адведаць салдацкай кашы. На стадыёне «Юнацтва» прайшлі спартыўныя спаборніцтвы. Вечарам стаўбчане мелі магчымасць паслухаць канцэрт-віншаванне «Няхай у Дзень перамогі музыка гучыць!».

І… святочны салют Перамогі над Стоўбцамі. Песню «День Победы», якая стала своеасаблівым гімнам свята, пад водбліскі феерверку спяваў увесь горад.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *