Паклонімся вялікім тым гадам

Вялікай Перамозе прысвячаецца Нумары

image_pdfimage_print

Май багаты на суквецце святаў, але свята, прысвечанае 70-годдзю Перамогі, – адно з самых дарагіх і самых важных. У Беларусі памяць аб Вялікай Айчыннай вайне захоўваецца ўсімі пакаленнямі.

Шостага мая ў горадзе Маладзечна адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне «Паклонімся вялікім тым гадам». Парк культуры і адпачынку імя Перамогі горада Маладзечна гасцінна сустрэў удзельнікаў урачыстасці. Гучаць песні ваенных гадоў. Прадстаўнікі ГА «БРСМ» у рамках акцыі «Кветкі Вялікай Перамогі» замацоўваюць на грудзях кожнаму прадстаўніку мерапрыемства чырвона-зялёную лентачку з кветкай яблыні. Да абеліска для правядзення мітынгу падымаюцца старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў І. Э. Ліпніцкі, старшыня абласной ветэранскай арганізацыі Г. С. Рылькоў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэлегацыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі ГА «БРСМ», «Белая Русь», Мінскага ГК КПБ. Чырвонай ніткай праз усе выступленні ўдзельнікаў мітынгу праходзіла тэма міру, памяці. Як сказаў Іван Ліпніцкі, «кожны грамадзянін павінен захоўваць памяць аб героях вайны, удзячнасць старэйшаму пакаленню і зрабіць усё, каб падобнае больш не дапусціць…» Да помніка воінам-вызваліцелям былі ўскладзены кветкі ад кожнага рэгіёна.

Затым у Палацы культуры адбылася цырымонія ўзнагароджвання юбілейнымі медалямі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Такія ж узнагароды атрымалі і ветэраны – прадстаўнікі нашага раёна: Клімаш Ганна Андрэеўна і Русы Іван Сцяпанавіч.

На ўрачыстым сходзе «Паклонімся вялікім тым гадам» са словамі віншавання да ўдзельнікаў свята звярнуўся старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра. «Памяць аб Вялікай Перамозе будзе жыць у нашых сэрцах вечна. Мы ніколі не забудзем тых, хто цаной свайго жыцця заваяваў свабоду і незалежнасць. З кожным годам усё менш і менш застаецца сярод нас тых, хто ў 1945 годзе прынёс у наш дом шчасце, таму на кожным з нас ляжыць адказнасць за захаванне гістарычнай памяці», – падкрэсліў у сваёй прамове старшыня аблвыканкама.

Сямён Шапіра ўручыў ветэранам кветкі і падзякі аблвыканкама. Віншуючы ветэранаў, ён прадэкламаваў верш «Гаварыце праўду аб вайне», напісаны жыхаркай Барысаўскага раёна.

Урачыстыя мерапрыемствы прадоўжыліся канцэртнай праграмай. Святочныя музычныя нумары падрыхтавалі і самі ветэраны.

На фота – дэлегацыя нашага раёна на абласным свяце ў Маладзечне.

Нэлі АСТРЭЙКА, фота аўтара

 

ДЗЯКУЙ САЛДАТАМ ПЕРАМОГІ!

Менавіта так называецца рэспубліканская патрыятычная акцыя, прысвечаная 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у якой разам з іншымі ўстановамі адукацыі раёна прымае ўдзел і ДУА «Заямнаўская сярэдняя школа». У рамках акцыі праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Адно з іх – фестываль-конкурс творчасці дзяцей і моладзі «Вянок славы». Конкурс арганізаваны Беларускім грамадскім аб’яднаннем «Таварыства памяці воінаў і ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. 

Конкурс зацікавіў вучняў нашай школы. Было падрыхтавана 17 індывідуальных і 8 калектыўных творчых работ. Выкарыстоўваліся розныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Кірыл Лентнер, вучань чацвёртага класа, падрыхтаваў сувенір «Валёнкі», пазнаёміўшыся з тэхналогіяй мокрага валяння з воўны. Аляксандра Пяткевіч, Яўгеній Калядка, Ульяна Жук працавалі над пано «Май. Перамога. Мір», «Кветкі Перамогі», «Начны бой» у тэхніцы сухога валяння з воўны. Натхніла дзяцей на творчасць педагог дадатковай адукацыі Н.М. Маслава. Вучаніца 9 класа Крысціна Чабатарова падрыхтавала вырабы ў тэхніцы модульнага арыгамі: «Ордэн Айчыннай вайны І ступені», «Вечны агонь». Аляксандра Пяткевіч, Дзіяна Сапежынская і Алена Лапко прадэманстравалі свае мастацкія здольнасці і свой погляд на ваенныя падзеі ў малюнках «І помніць свет выратаваны», «Урокі гісторыі», «70 гадоў Перамозе». Хлопчыкі 6 і 7 класаў калектыўна працавалі над пано «Салдат-пераможца», «Васіль Цёркін»  (выпальванне па драўніне).  Увагі заслугоўваюць і кісеты з вышытымі надпісамі «Лепшаму байцу», «Падарунак на фронт», якія звязалі Ангеліна Лапко і Ірына Дубатоўка. Тэхніка ваенных часоў прадстаўлена мадэлямі танкаў, зробленых з запалак.

Калектыўныя творчыя работы – мемарыяльныя вянкі – рыхтавалі вучні 4-11 класаў разам з класнымі кіраўнікамі.  Атрымалася восем вянкоў, зробленых з галінак елкі і сасны, туі. Аздобілі іх каляровымі атласнымі стужкамі, гафрыраванай паперай, тканінай, галінкамі самшыту, брызгліны. Убачыць фотаздымкі работ можна на сайце школы zayamnоe.tut@by у раздзеле «Вялікай Перамозе – 70». Вянкі былі  задзейнічаны ў цырымоніі ўскладання кветак да помніка воінам-землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў аграгарадку Заямнае.

Запомніцца дзецям і Усебеларуская патрыятычная акцыя ГА «БРПА» і ГА «БРСМ» «Пісьмо Пераможцу». Сучасныя дзеці пісалі пісьмо дзеду, прадзеду, незнаёмаму чалавеку – удзельніку Вялікай Айчыннай вайны – на фронт ці ў партызанскі атрад.  Сцяпан Жаўнерчык напісаў пісьмо прадзеду на фронт у вершаванай форме.

Хвалюючыя і цікавыя моманты падарыў вучням 10 класа Сцяпану Жаўнерчыку і Вераніцы Карнеевай удзел у конкурсе чытальнікаў «Не гасне памяці свечка…», які праходзіў у Беларускім дзяржаўным педагагічным ўніверсітэце. Каля 500 чалавек удзельнічала ў конкурсе, які праходзіў на працягу  трох дзён. Вучні атрымалі Ганаровыя граматы за актыўны ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе чытальнікаў «Не гасне памяці свечка…», падпісаныя старшынёй журы прафесарам В. Д. Старычонкам.

Конкурс «Сямейны фотаальбом: Помнім! Ганарымся!» зацікавіў Марыю Фенька, вучаніцу 5 класа, таму што ў яе сямейным фотаальбоме шмат фотаздымкаў ваеннага і пасляваеннага часу, на якіх зняты яе прадзед, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны П. І. Гінько. Праўнучцы было што расказаць пра лёс  чалавека мужнага і смелага.

Удзельнічаючы ў конкурсах, вучні нашай школы ўшаноўваюць памяць аб людзях, якім лёсам наканавана было аддаць жыццё за Радзіму. У гэтых творчых работах – падзяка за жыццё, якое можна напоўніць светлымі фарбамі, дабрынёй і радасцю, а яшчэ – пашанай і павагай да салдат той далёкай вайны.

Марыя КАЗАЦКАЯ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА «Заямнаўская СШ»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *