Песня, як факел

Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Калектыў мастацкай самадзейнасці Цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 Мінскага абласнога ўпраўлення-500 ААТ «ААБ Беларусбанк» прыняў удзел у абласным туры рэспубліканскага фестывалю сучаснай песні і паэзіі «Факел Памяці», прысвечаным 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Конкурс прайшоў на сцэне Дома культуры г. Лагойска і сабраў 13 каманд. Стаўбцоўскі калектыў мастацкай самадзейнасці быў у складзе 15 чалавек і актыўнай групы падтрымкі. Адметна, што ў складзе калектыву артыстаў былі і дзеці супрацоўнікаў банка. Фестываль і ставіў мэтай адраджэнне жанру грамадзянскай лірыкі ў маладзёжнай творчасці, патрыятычнага выхавання маладых работнікаў банка.

Зразумела, што тэматыка конкурснага выступлення была ва ўнісон юбілейнай даце. Вельмі прыгожай атрымалася літаратурна-музычная кампазіцыя, напрыканцы якой старэйшыя прадстаўнікі Цэнтра банкаўскіх паслуг перадалі факел Перамогі дзецям. У ролі юных артыстаў выступілі Хрысціна Качановіч і Міхаіл Банцэкін, дзеці Ганны Качановіч, загадчыцы кладавой каштоўнасцяў  аддзела касавай работы і інкасацыі, і Вольгі Банцэкінай, галоўнага спецыяліста аддзела рознічнага бізнесу. Сярод прадстаўнікоў маладога пакалення была і юная спявачка з Дзераўной Кацярына Карніцкая, дачка спецыяліста па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг банкаўскага аддзялення ў аграгарадку Дзераўная. Журы конкурсу ўдастоіла Кацярыну лаўрэацкага дыплома ІІІ ступені. У намінацыі «Песня» дыпломам ІІ ступені ўзнагароджаны яшчэ адзін стаўбцоўскі саліст – Юрый Жывіцкі, галоўны спецыяліст аддзела аўтаматызацыі.

Наогул, праграма стаўбчан была выдатна зрэжысавана, атрымалася яркай, тэматычна насычанай, з прыгожымі канцэртнымі нумарамі. Гэта пацвярджае і высокая камандная ўзнагарода. Лаўрэацкі дыплом І ступені прысудзіла журы стаўбчанам за лепшае выканальніцкае майстэрства.

Дружны калектыў Цэнтра банкаўскіх паслуг мог разам адпачыць, падтрымаць сваіх калег, якім быў аказаны гонар выступіць за калектыў. Конкурс даў магчымасць выявіць і падтрымаць таленавітых працаўнікоў, якія маюць дар у мастацкай творчасці. Удзел у песенным фестывалі настроіў банкаўскіх работнікаў на належнае ўспрыняцце значнай даты – 70-годдзя Вялікай Перамогі. Гэта ўсенароднае свята, якое аб’ядноўвае ў патрыятычных пачуццях усіх і кожнага. Такі настрой салідарнасці, уздыму і падарыў усім фестываль з факелам Памяці.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ПАСПЯХОВА ПРАЙШОЎ ДАБРАЧЫННЫ КАНЦЭРТ

У нас, бацькоў, якія змагаюцца з цяжкімі  захворваннямі сваіх дзяцей, заўсёды ёсць непакой, трывога: ці зможам сабраць неабходную суму грошай на чарговы этап лячэння, ад якога залежыць стан нашых дзяцей, іх далейшае жыццё.

Таму якой радасцю напоўніліся нашы сэрцы, калі мы ўбачылі, што зала раённага Цэнтра культуры запоўнена, што білеты на дабрачынны канцэрт, арганізаваны Тэатрам песні вядомай беларускай спявачкі Ірыны Дарафеевай з удзелам тэлепраекта ОНТ «Акадэмія талентаў» – Яўгенія Слуцкага, Андрэя Коласава, АЭЛІТА, Дар’і Кудрыцкай, куплены жыхарамі нашага раёна. Вядомых, знакамітых людзей заўсёды ўпрыгожвала дабрачынная дзейнасць, і мы ведаем, што Бог і гэтым артыстам адплаціць за такую акцыю любові і дабра.

Мы шлём нізкі паклон кіраўніцтву нашага раёна, прадстаўнікам мясцовай улады, пры арганізатарскай падтрымцы якіх гэты канцэрт, як і папярэднія дабрачынныя для лячэння нашых дзяцей, быў ажыццёўлены. Вялікі дзякуй арганізацыям, прадпрыемствам, навучальным установам, жыхарам нашага раёна, усім добрым людзям за ўдзел у лёсе нашых дзяцей –  Антона Бандаровіча і Надзеі Канашэнка, за тыя ахвяраванні, якія паступаюць на дабрачынныя рахункі для іх лячэння.

Няхай Бог беражэ вашы сем’і ад нягод і напасцяў, і няхай міласць Божая заўсёды будзе з вамі. Малітвенна абдымаем усіх вас.

З вялікай удзячнасцю сем’і КАНАШЭНКА і БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *