Мы ўбачылі шчаслівых дзяцей

Нумары Сям'я

image_pdfimage_print

У № 56 спецвыпуску «Праменя» «Сям’я» за 26 лістапада 2014 года быў змешчаны матэрыял аб Людміле Казлоўскай, якая на той момант аднаўлялася ў бацькоўскіх правах у адносінах да траіх дзяцей. І вось мы зноў едзем у Залужжа. Ёсць нагода: у адносінах да дваіх дзяцей суд задаволіў іск, Васіль і Насця цяпер вярнуліся да роднай мамы.

Мы салідарныя са спецыялістамі аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, што гэта – падзея. Не такія і частыя выпадкі, калі бацькі вяртаюцца на дарогу здаровага жыцця і злучаюцца са сваімі дзецьмі, аб якіх  клапацілася дзяржава.

Людміла Казлоўская, як заўсёды, сустракае нас у чыстым, утульным, дагледжаным доме. Яна – добрая гаспадыня. Паспявае падтрымліваць усюды парадак, даглядаць дзяцей. Ва ўласнай гаспадарцы ёсць дамашняя жывёла. Мы заўважаем, што ў іх ужо ўскапаны і засаджаны немалы агарод. Людміла Яўгенаўна з радасцю гаворыць, што цяпер у доме з’явіліся яшчэ адны мужчынскія рукі. Дзевяцікласнік Васіль –  добры памочнік яе мужу, яны разам праводзяць час і ў рабоце, і ў адпачынку. Галава сям’і Уладзімір Крыўко працуе на грэйдэры ў ДЭУ-162, ён быў на рабоце. А вось усе чацвёра дзяцей чакалі нас.

Ужо тры месяцы як 16-гадовага Васіля і васьмігадовую Насцю бацькі забралі з дзіцячай вёскі «Истоки». Цяпер яны вучацца ў вучэбна-педагагічным комплексе «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа». Іх прыязна прынялі вучні і настаўнікі, сагрэлі сваім клопатам. У Васіля і Насці з’явілася шмат сяброў. Акрамя іх у сям’і дзесяцігадовая Дзіяна, дачка Уладзіміра Крыўко, і агульнае дзіця Людмілы і Уладзіміра – двухгадовая Валерыя. Яна яшчэ – грудное дзіця, нам цікава гэта ўспрымаць, і гэта выклікае павагу да Людмілы. Такая ж ахвярнасць у яе і да астатніх дзяцей. Для Дзіяны яна стала роднай мамай. Каб забраць з дзіцячай вёскі сваіх дзяцей, Людміла праявіла ў вышэйшай меры лепшыя якасці маці. Яна несла выдаткі на неаднаразовае наведванне пасяджэнняў суда Мінскага раёна, адпраўлялася туды з грудным дзіцем. Валерыю пакідала са сваёй дваюраднай сястрою, якая вельмі падтрымлівала Людмілу ў яе імкненні аднавіцца ў бацькоўскіх правах. Несучы немалыя фінансавыя і іншыя затраты, яна наведвала сваіх дзяцей у дзіцячай вёсцы «Истоки». Калі суд вынес прапанову аб правядзенні судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы ў адносінах да маці і яе траіх дзяцей, Людміла пайшла і на гэтыя выдаткі. Экспертыза каштавала ім больш за 13 мільёнаў рублёў, і гэта пры тым, што Людміла несла ў гэты час немалыя выдаткі на вяртанне дзяржаве фінансавых расходаў на ўтрыманне дзяцей па Дэкрэту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18.

Людміла і яе муж Уладзімір зрабілі ўсё, што маглі, каб вярнуць усіх траіх дзяцей у сваю сям’ю. Аднак суд вынес рашэнне аб вяртанні толькі дваіх дзяцей. У адносінах да дзесяцігадовай Каці суд вынес рашэнне аб удачарэнні яе італьянскай сям’ёю. Вельмі цяжка было расставацца з сястрою шаснаццацігадоваму Васілю. Ён вельмі моцна прывязаны да дзяўчынкі з дня яе нараджэння. 

Мы не ставім сёння мэтай даваць ацэнку гэтым падзеям. На любую жыццёвую сітуацыю, якую ствараюць і вырашаюць людзі, глядзіць і Гасподзь Бог. Пакінем і гэты выпадак на Суд Усявышняга. Як вядома і тое, што Гасподзь не пакідае сірот. Як складуцца далей лёсы дзяцей, пакажа час. Каця трапіла жыць у вельмі багатую італьянскую сям’ю. І калі яе новыя бацькі стрымаюць дадзенае Людміле і астатнім дзецям слова, што яны будуць дазваляць дзецям мець зносіны з дапамогай сучасных інфармацыйных сродкаў, то, магчыма, дзеці не згубяцца паміж сабою. Бог усё можа павярнуць да шчаслівых вынікаў.

 Нам прыемна дакрануцца да радасці Людмілы Казлоўскай. Усе ў сям’і прабываюць у пяшчоце, што яны зноў разам. Дзіяна і Насця хутка зблізіліся, у іх малая розніца ва ўзросце. Валерыя – любіміца сям’і, яе не спускаюць з рук. Варта сказаць і яшчэ аб адных членах гэтай сям’і. Гэта бацькі Уладзіміра, якія жывуць у Нясвіжскім раёне. Калі мы папрасілі Людмілу назваць імя і прозвішча бацькоў, яна разгубілася: «Ой, я называю яе мамай, адразу і не ўспомню імя па бацьку». Бацькі Уладзіміра падтрымалі сына і нявестку ў іх жаданні вярнуць дзяцей дамоў. Прынялі ўсіх як сваіх унукаў. Дапамагаюць сям’і стаць на ногі парадай, любоўю, падтрымкай сваёю. А яшчэ – і прадуктамі, і фінансамі, і падарункамі. Старанныя сельскія людзі, яны хоць ужо і ва ўзросце, але шмат працуюць, каб усё мець. Хутка вось перададуць сюды свой міні-трактар. Рупяцца дапамагчы Людміле разлічыцца з даўгамі, таму што сям’і з чатырма дзецьмі зрабіць гэта не так і проста. Людміла знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, яна – даярка ААТ «Агранёманскі». У сям’і – доўг за правядзенне судовай экспертызы ў памеры каля 14 мільёнаў рублёў, плюс – запазычанасць дзяржаве за Кацю, якую ўдачарылі ў Італіі, гэта яшчэ каля 10 мільёнаў рублёў. За Васіля і Насцю, пасля таго як яны вярнуліся ў кроўную сям’ю, доўг скасаваны. У такой няпростай сітуацыі настаўнікі вучэбна-педагагічнага комплексу «Залужскі дзіцячы сад-сярэдняя школа» сабралі свае ахвяраванні для дапамогі ў пагашэнні доўгу за экспертызу. Людміла Яўгенаўна з удзячнасцю ацаніла іх дабрыню, гэта дае ёй стымул апраўдаць іх давер, жыць прыгожа і годна.

Асобным словам патрэбна сказаць пра спецыялістаў аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Алена Гамза і Антаніна Сідарэня на працягу ўсяго часу, як Людміла Казлоўская пераехала ў Залужжа на пастаяннае месца жыхарства, падтрымлівалі яе ў імкненні вярнуць дзяцей. Антаніна Пятроўна дапамагла адшукаць дзяцей пасля пазбаўлення Людмілы бацькоўскіх правоў. Алена Станіславаўна ўдзельнічала ва ўсіх пасяджэннях суда ў Мінскім раёне. Іх падтрымку, удзел у лёсе Людмілы Казлоўскай і яе дзяцей нельга пераацаніць. Дзякуючы ім, магчыма, Людміла і пераадолела няпросты шлях, які ёй прыйшлося прайсці праз суды, каб вярнуць дзяцей. Гэта каштавала вялікага напружання – і фізічнага, і маральнага, і душэўных сіл. І цяпер Антаніна Пятроўна і Алена Станіславаўна вывучаюць дасканала нарматыўныя дакументы, каб знайсці магчымасць аблегчыць фінансавую нагрузку Людмілы Казлоўскай.

У нас засталіся прыемныя ўражанні ад Васіля і Насці. Мы ўбачылі шчаслівых дзяцей, якія перажываюць радасныя імгненні, што яны вярнуліся да сваёй мамы, што ў іх ёсць надзейны тата. Васіль як можа дапамагае бацькам, ён вельмі сур’ёзны, сціплы. Ён цалкам разумее, якая міласць Божая здзейснілася, што ён зноў пад крылом сваёй матулі. Насця – у новых уборах, якія ёй падарылі дзядуля і бабуля, какетлівая, як і многія дзяўчынкі.

Што ж, пажадаем бацькам мудрасці, розуму, сіл не згубіць дзяцей, уберагчы іх ад спакусаў, якія на кожным кроку падсцераюць у сучасным жыцці, і мець у іх апору ў будучым.

На здымку:  Людміла Казлоўская з дзецьмі Насцяй, Валерыяй, Дзіянай і Васілём.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *