У Год моладзі

Год моладзі Нумары

image_pdfimage_print

У гэтыя майскія дні, дні народнага святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі, з гонарам і ўрачыстасцю на школьных лінейках хлопчыкі і дзяўчаткі ўступаюць у рады піянерскай арганізацыі. А як радасна падлеткам, калі чырвона-зялёны гальштук – часцінку Дзяржаўнага сцяга – павязваюць ім ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, такія як Ганна Клімаш.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

СТАРТ ТРЭЦЯМУ ПРАЦОЎНАМУ

Раённы камітэт БРСМ прыняў удзел у адкрыцці трэцяга працоўнага семестра, які прайшоў у Мінску на плошчы Дзяржаўных cцяга і герба. Удзел у ім прымаў першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў.

Пуцёўкі на адкрыццё трэцяга працоўнага семестра былі ўручаны ўсім абласным камітэтам БРСМ, у тым ліку і Мінскаму. Гэта стала падзеяй для моладзі Міншчыны і, адначасова, спадзяваннем на тое, што і сёлетняе лета пройдзе плённа, прынясе цікавыя сустрэчы і незабыўныя ўражанні.

Калі гаварыць пра падрыхтоўку да трэцяга працоўнага семестра, то нельга не сказаць пра І рэспубліканскі злёт студэнцкіх педатрадаў, які прайшоў на пачатку мая на базе ДУА «Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня». Стаўбцоўшчыну, дзе традыцыйна працуюць у летні перыяд некалькі педатрадаў, прадстаўляла малады педагог Налібацкай школы Святлана Міхно. Праграма злёту была насычана рознымі пляцоўкамі – інтэлектуальнай, гульнявой, музычна-танцавальнай, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама аздоблена школай важацкага майстэрства, так званымі атраднымі «агеньчыкамі» і т. п. Яго ўдзельнікі падзяліліся вопытам і змаглі навучыцца таму, чаму, па сутнасці, больш нідзе і не навучышся. 

Гэтымі майскімі днямі раённы камітэт БРСМ не застаўся ўбаку ад раённай акцыі «Дзякуй табе, салдат-пераможца!», праведзенай сумесна з раённым саветам ветэранаў вайны і працы. Да Дня Перамогі валанцёры школы № 3 горада Стоўбцы ўручылі нашым шаноўным ветэранам вайны віншавальныя паштоўкі і пажадалі жыць доўга і, з улікам іх узросту – 90 і за 90, ісці насустрач свайму галоўнаму юбілею – стогадоваму. 

 

ДАДАТКОВА ДЛЯ «ЦЕРАМКА»

Актыўна рыхтуецца да новага летняга сезона ведамасны аздараўленчы лагер «Церамок».

Будаўнічая брыгада філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы “высадзілася” на гэтым аб’екце ў сакавіку. Днямі прынята рашэнне аб дадатковым накіраванні туды яшчэ шасці работнікаў. Аб гэтым паведаміў начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва Станіслаў Ланкевіч.

– Лагер «Церамок» прадстаўлены чатырма жылымі карпусамі, сталовай. Паўсюдна вядзецца касметычны рамонт: пафарбоўка сцен, укладка лінолеуму і т. п. Знадворку ідзе рамонт і пафарбоўка малых архітэктурных формаў, цокаляў будынкаў. Пад кіраўніцтвам майстра Леаніда Аўласіна нашы людзі працуюць добрасумленна, ды і дадатковыя рабочыя рукі дазволяць паскорыць працэс, – зазначае Станіслаў Ланкевіч.

Па традыцыі, абноўлены лагер прыме дзетвару на аздараўленне на пачатку чэрвеня. 

Пр

 

НЕ ПРОСТА МАРЫЯ

Аддзел ЗАГС паведаміў пра знамянальную для нашага горада падзею – з пачатку года зроблена 100-я, юбілейная, рэгістрацыя нараджэння дзіцяці.

Юбілейнай стаўбчанкай стала сёлета Марыя Гарохавік, першынец у маладой сям’і. Здаецца, не так даўно маладыя людзі рэгістравалі шлюб у Дзераўнянскім сельскім Савеце, а ўжо гэтую падзею засланіла іншая, не менш значная.

Ірына Антонаўна стала шчаслівай матуляй, а яе муж Вадзім Уладзіміравіч – такім жа шчаслівым бацькам. Матуля на даны момант усю сябе аддае нованароджанай дачцэ і, само сабою, вернецца на сваё месца працы на філіял «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» толькі пасля таго, як Марыя крыху падрасце. А бацька спалучае новыя для яго бацькоўскія абавязкі са службай у раённым аддзеле ўнутраных спраў, дзе працуе інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх і, фактычна, працягвае міліцэйскую дынастыю, распачатую калісьці ягоным бацькам. Як і іншыя таты маленькіх дзетак, ён бярэ на сябе клопат забяспечваць сям’ю матэрыяльна. Дай Бог, каб у планах маладых бацькоў было і далейшае папаўненне сям’і.

Начальнік аддзела ЗАГС Надзея Картузава, расказваючы пра факт юбілейнай рэгістрацыі нованароджанай Марыі Гарохавік, звярнула ўвагу і на цікавае супадзенне: летась, як і сёлета, факт юбілейнай рэгістрацыі 100-га нованароджанага стаўбчаніна адбыўся ў адзін і той жа дзень, а менавіта 24-га красавіка.        

 

ШМАТДЗЕТНЫМ СЕМ’ЯМ

Паводле апошніх даных, у Стоўбцах 1 445 сем’яў маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Сярод іх 84 сям’і – шматдзетныя, 135 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і маюць першачарговае права на будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай. 27 чалавек, якія знаходзіліся на чарзе, зняты з уліку. Асноўныя прычыны – факт паляпшэння іх жыллёвых умоў, выезд у іншы населены пункт або калі сышоў тэрмін дзеяння дагавору найму.         

– Закончылася штогадовая зверка чаргавікоў, на правядзенне якой згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 563 ад 16.12.2013 адводзіцца перыяд з 1-га лютага па 1-га мая, – патлумачыла начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Юнцэвіч.

На даны момант для чаргавікоў у Стоўбцах па вуліцы Міру, 1 узводзіцца паводле дзяржзаказу 60-кватэрны дом, тэрмін здачы якога намечаны на чэрвень 2015 года. Жыллё ў ім атрымае 41 шматдзетная сям’я. Многім шматдзетным сем’ям выдзелены зямельны ўчастак для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. Што датычыць камерцыйнага жылля, то ўсе 14 наяўных кватэр у Стоўбцах, Наваколасаве і Дзераўной здадзены ў арэнду тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ДЛЯ ЖЫХАРОЎ СТАРЫНЫ

ТАА «Стоўбцыгазбуд» выйграла тэндар на будаўніцтва вулічна-размеркавальнай сеткі газаправода сярэдняга ціску ў вёсцы Старына.

– Праведзены таргі, каб вызначыць падрадную арганізацыю, – адзначае прадстаўнік заказчыка аб’екта, дырэктар Стоўбцырайгаза Іван Шпілеўскі. Газіфікацыя гэтай вёскі, як і многіх з тых, што ўжо забяспечаны «блакітным палівам», будзе весціся з дзяржаўнай падтрымкай. З ліку жадаючых створаны кааператыў. Усе работы павінны быць завершаны да пачатку новага ацяпляльнага сезона.

Таргі правядзе і УП «Мінаблгаз», каб вызначыць падрадную арганізацыю для будаўніцтва падводу да вёскі Старына газаправода высокага ціску.

 

І СІСТЭМА ВІДЭАНАЗІРАННЯ

Нямала цікавых задум у дырэктара ААТ «Жацерава» Івана Краўчука, якія ён паступова ўвасабляе ў жыццё. Напрыклад, набыла нядаўна сучасны выгляд дыспетчарская машынна-трактарнага парку. Тут зроблены рамонт, устаноўлена новая офісная мэбля. Зманціравана і сістэма відэаназірання за тэрыторыяй мехдвара і механічнымі майстэрнямі. Адмыслова аформлены будаўнікамі і кабінет па ахове працы і тэхніцы бяспекі, дзе праводзяцца ранішнія планёркі. Заслугоўвае ўвагі такая даволі зручная крыніца інфармавання, як маркёрная дошка. Дырэктар запісвае на ёй заданні для галоўных спецыялістаў раслінаводчай, жывёлагадоўчай і інжынернай галін вытворчасці і тэрміны іх выканання. Кожны спецыяліст затым трымае справаздачу і ставіць побач адзнаку аб зробленай рабоце.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *