Апраўдвае аказаны давер

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

З тэхнікам-асемянатарам ААТ «Рубяжэвічы» Святланай Неўмяржыцкай сустрэлася на ферме. Спецыяліст якраз займалася сваімі непасрэднымі абавязкамі. Рагулі круціліся вакол яе, а адна, самая смелая, так і хадзіла побач. Не адпускала ні на крок. І падставіла-такі сваю пысу ў аб’ектыў фотакамеры.

– Вы не здзіўляйцеся, рагулі прывыклі да мяне і пастаянна ходзяць следам, – сказала Святлана Міхайлаўна і пагладзіла карову, якая ў адказ на ласку таксама праявіла жэст прызнання. – У гэтай прафесіі вось ужо звыш пяці гадоў. Работа падабаецца.

А пачынала Святлана Міхайлаўна сваю працу на МТФ «Рубяжэвічы» аператарам машыннага даення. Прыехалі сюды разам з мужам і сынам з Гомельскай вобласці. Атрымалі добраўпарадкаванае жыллё і засталіся.

Даяркай раней не працавала, таму прыйшлося вучыцца, спасцігаць «азы». Асвоілася, аднак, хутка. Умела ўпраўлялася з даручанымі абавязкамі. Кіраўніцтва гаспадаркі год прыглядалася да яе работы і нарэшце дырэктар прапанаваў працаўніцы паехаць на курсы тэхнікаў-асемянатараў.

– Спачатку не згаджалася, бо баялася, што не спраўлюся, – расказвае жанчына, – аднак угаварылі мяне. Тры месяцы правяла ў Сенніцы, дзе вывучала не толькі тэорыю, а і практыку праходзіла на мясакамбінаце. А вось прыехала дадому і разгубілася. Адчула, якая адказнасць за жывёлу лягла на мяне. Дзякуй былому спецыялісту Фёдару Кацюшчанку, дапамог мне сцвердзіцца ў прафесіі. І я потым прыняла ад яго справы. 

За параўнальна невялікі тэрмін Святлана Неўмяржыцкая дасягнула неблагіх паказчыкаў. Працавітая і ўвішная, яна здолела стаць лепшай сярод сваіх калег. Па выніках работы за мінулы год фотаздымак добрасумленнай працаўніцы занесены на Дошку гонару раёна. А атрымала Святлана Міхайлаўна летась 97 цялят на 100 кароў ад кароў – гэта чацвёрты вынік сярод кагорты тэхнікаў-асемянатараў.

– Для мяне заўсёды радасць, калі нараджаецца цяля, бо гэта плод маіх рук, – з пачуццём цеплыні і значнасці сваёй працы гаворыць тэхнік-асемянатар. – Узнаўленчая работа сама па сабе даволі важная, ад яе вынікаў залежыць, ці будзе гаспадарка ў далейшым з малаком і мясам.

І Святлана Міхайлаўна мае рацыю, робячы такую выснову. Дасягаючы высокага прыплоду, спецыяліст не толькі зарабляе дастойную зарплату менавіта для сябе, а і дае магчымасць мець вышэйшую даяркам і даглядчыкам.  Дарэчы, дадала, што заробкам сваім задаволена, кіраўніцтва павялічыла сёлета тэхнікам-асемянатарам заработную плату. Адно толькі працуй. І яна рупіцца, шчыруючы штодзень, літаральна без выхадных, апраўдваючы аказаны ёй сёлета гонар.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *