За здаровы лад жыцця

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

НАДЗЕІ ФУТБОЛЬНАГА «НЁМАНА»

Афіцыйнае адкрыццё футбольнага сезона ў Стоўбцах адбылося 10 мая. На стадыёне «Юнацтва» каманда «Нёман-Агра» прымала «Лівадзію-Юні», сапернікаў з Дзяржынска. Гледачоў, якія запоўнілі трыбуны стадыёна, гульня не прымусіла сумаваць. Добры задзел на перамогу нашы зрабілі ўжо да сярэдзіны першага тайма. Аляксандр Паляшчук прарваўся па правым краі, зрабіў дакладную перадачу на ход Андрэю Шпадаруку, і капітан дружыны стаўбчан дакладна б’е па варотах. Праз 10 хвілін ужо сам Паляшчук забівае другі гол. Перад перапынкам гасцям удаецца адквітаць адзін мяч. Але на характар гульні гэта не паўплывала. У другім тайме абаронца дзяржынцаў зразае мяч у свае вароты – аўтагол, і  3:1. І тут апладысменты дастаюцца Дзмітрыю Дaўбейку. Наш бамбардзір апынуўся сам-насам з варатаром гасцей і «чарпачком» перакідвае над ім мяч, які планіруе ў сетку. «У стылі Месі!» – ацэньваюць тэхнічны прыём балельшчыкі. Вядома, зорка сусветнага футбола – недасягальная вышыня, але ж спрабаваць гуляць так, як, напрыклад, футбалісты ў барацьбе за Кубак Еўропы, вельмі пахвальна. Зразумела, што глядзелі нашы хлопцы па тэлевізары нядаўнія матчы іспанскай «Берселоны» з нямецкай «Баварыяй». А як лепш вучыцца, калі не на прыкладах мацнейшых футбалістаў свету.

Трэнер «Нёмана-Агра» Андрэй Мікалаевіч (на здымку), аналізуючы згаданую сустрэчу стаўбчан і дзяржынцаў, якая закончылася з лікам 4:2, усё ж лічыць, што наша каманда можа дзейнічаць лепш. Ды і састаў патрэбна ўзмацніць. А ў радах нёманцаў у гэтым матчы выдзяляе варатара Уладзіслава Карніцкага. Сапраўды, у радзе момантаў ён літаральна выратаваў каманду. Што ж, будзем мець надзею і на футбольную дынастыю Карніцкіх. Зазначым, што ў баявой абойме каманды брат Уладзіслава Валерый Карніцкі. А іх цёзка па прозвішчы Аляксандр Карніцкі, паўабаронца каманды чэмпіёнаў Беларусі БАТЭ, добра вядомы ўжо і на міжнароднай арэне.

Здаецца, тыл нашай каманды сёлета выглядае надзейна. Гатовыя да бою таксама спрактыкаваныя ігракі, варатары Вадзім Уставіч і Сяргей Коржык. У абароне трэнер асабліва спадзяецца на Уладзіміра Сарачынскага. Яшчэ трэніруючы футбольны клуб «Гарадзея», які цяпер на відных ролях у рэспубліцы, Андрэй Мікалаевіч даверыў Сарачынскаму капітанства. Гэты футбаліст выступаў і за брэсцкае «Дынама», і нават стаў чэмпіёнам Казахстана. Вопыт вельмі багаты, і разам з Алегам Каракіным, Аляксеем Дзягелем, Віталіем Даўнаровічам, Арцёмам Сукалам абарона стаўбчан можа стаць неадольнай для сапернікаў.

Багацце вопыту і ў Андрэя Шпадарука. Яго задача наладзіць належны механізм паўабароны – рухавіка наступальных і абарончых дзеянняў каманды. Разам з капітанам будуць забяспечваць выкананне задач у сярэдзіне поля Андрэй Петрашкевіч, Мікалай Шуцько, Павел Жыбуль. Мае навыкі гульні ў цэнтральнай лініі Аляксей Рудзянок, хаця ён будзе запатрабаваны і ў нападзенні. Прыхільнікі стаўбцоўскай каманды памятаюць бамбардзірскі рахунак Рудзянка – два дзясяткі галоў у першынстве вобласці, акурат у чэмпіёнскі год. А два апошнія сезоны самым выніковым сярод нападаючых камандаў-удзельніц чэмпіянату Міншчыны становіцца Дзмітрый Даўбейка. 33 галы за сезон – гэта рэкорд, які Дзмітрый мае намер яшчэ паляпшаць. Добрую заяўку на выніковую гульню зрабіў і Аляксандр Паляшчук, аб чым у пачатку артыкула і было сказана. Ёсць яшчэ Максім Шкураценка, які выступаў за мінскае «Тарпеда». На Уладзіміра Клімовіча таксама надзея. Ёсць і іншыя кандыдатуры.

Праблема ў тым, як падкрэсліў трэнер, што сабраць усіх мацнейшых на гульні чэмпіянату вобласці можа часам і не ўдасца. Бо некаторыя хлопцы, заяўленыя за «Нёман-Агра», як спартсмены-аматары маюць права выступаць і за калектывы, што ўдзельнічаюць у рэспубліканскім першынстве. І калі сустрэчы розных турніраў праводзяцца ў адзін дзень…

Трэнер мае намер прыцягваць да ўдзелу ў спаборніцтвах і маладых, выхаванцаў ДЮСШ. Шанц атрымаюць Уладзіслаў Рубін, Аляксандр Мішук, Павел Туміловіч, Павел Нятрэба і іншыя хлопцы. «На поле будуць выходзіць тыя, хто лепш гатовы, хто гарыць жаданнем спаўна аддаць сілы для поспеху каманды», – гэта крэда Андрэя Мікалаевіча. Ён падкрэслівае і такую важную дэталь: каля 90 працэнтаў саставу «Нёмана-Агра» складаюць выхаванцы стаўбцоўскага футбола.

«Дзякуй кіраўніцтву раёна,  – гаворыць Андрэй Мікалаевіч, – матэрыяльная база каманды ўмацавалася. Ставім перад калектывам максімальныя задачы».

Адлік часу для вырашэння задач пачаўся. Здабыты першыя тры ачкі. Заўтра футбалісты «Нёмана-Агра» выязджаюць у Нясвіж, 24 мая на стадыёне «Юнацтва» сустрэнуцца з ФК «Беразіно». Падтрымаем нашых хлопцаў!

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

УМАЦОЎВАЦЬ СПАРТЫЎНЫЯ ТРАДЫЦЫІ

«Спорт – гэта дух нацыі, і яго трэба ўсяляк падтрымліваць на самым высокім узроўні… У рэгіёнах краіны ўводзяцца сучасныя спартыўныя аб’екты, разгорнута шырокамаштабная работа па ўмацаванні іх матэрыяльнай базы». Такія арыенціры акрэслены Прэзідэнтам у яго Пасланні беларускаму народу. І ў нашым раёне ўдзяляецца значная ўвага ўсталяванню здаровага, актыўнага ладу жыцця, прыцягненню большай колькасці ўсіх катэгорый насельніцтва да заняткаў фізічнай культурай, спортам і турызмам.

Што датычыць матэрыяльна-тэхнічнай базы, то функцыянаванне з пачатку года першай чаргі фізкультурна-аздараўленчага комплексу – значная падзея для Стаўбцоўшчыны. Толькі варта поўнасцю скарыстоўваць такую выгоду для ўмацавання здароўя. Яшчэ большыя перспектывы адкрыюцца з завяршэннем будаўніцтва ўсіх аб’ектаў ФАКа. Нагадаю таксама, што ў раёне ёсць два стадыёны – «Юнацтва» ў горадзе і «Меліяратар» у Дзераўной. Усяго дзейнічаюць каля 80 спартыўных аб’ектаў. Працуюць дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы. Створаны чатыры фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры па месцы жыхарства: Дзераўнянскі, Коласаўскі, Шашкоўскі, Любкаўшчынскі. Прыемнай традыцыяй стала прызавая пазіцыя аграбудфірмы «ПМК-74  – Налібакі» ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку масавай фізкультурна-аздараўленчай работы сярод арганізацый і прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу.

Згодна з календаром спартыўна-масавых мерапрыемстваў у раёне штогод праводзіцца каля 100 спаборніцтваў і турніраў. У круглагадовай спартакіядзе Мінскай вобласці наш раён стабільна ўваходзіць у пяцёрку мацнейшых.

Ёсць дасягненні ў спартыўных камандаў раёна. Сёлета парадавалі баскетбалісткі, якія сталі чэмпіёнамі вобласці. Прызёрамі абласных спаборніцтваў выйшлі мужчынская і юніёрская валейбольныя дружыны. Зноў на слыху лёгкаатлеты, якія радуюць перамогамі і прызавымі месцамі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. А ўдзел выхаванца Коласаўскай школы Яўгена Ліпая ў чэмпіянаце свету па біятлоне сярод юніёраў можна назваць адным з адметных фактаў года.

Творча і вынікова працуюць трэнеры Э. І. Варывоцкі, В. А. Арлоўская, якія развіваюць зімовыя віды спорту. А. М. Турчановіч, А. С. Чарняўскі, Д. Ч. Булакевіч рыхтуюць здольных лёгкаатлетаў, В. В. Кузняцоў – каманды баскетбалістаў, Г. Ч. Канановіч, В. Н. Гаптар – валейбалістаў, П. І. Цімкоў – тэнісістаў. Д. І. Варывоцкая рупіцца над развіццём шматбор’я, М. М. Мазур, Ю. А. Кручок, А. М. Галоўка – турызму. Хочацца выказаць падзяку ўсім педагогам, якія займаюцца фізічным выхаваннем маладога пакалення.

Развіццё масавай фізічнай культуры, актыўны адпачынак, усталяванне здаровага ладу жыцця – задачы вельмі важныя. Няхай жа наша Стаўбцоўшчына стане сапраўды спартыўнай!

Іван ВІЛЬНЯВЕЦ, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

 

ХТО З ХЛОПЦАЎ МАЦНЕЙШЫ?

Магчымасці фізкультурна-аздараўленчага комплексу дазволілі правесці раённыя спаборніцтвы па жыму штангі ў ляжачым стане сярод юніёраў. Рабяты, якія сабраліся ў трэнажорнай зале, праводзяць актыўныя трэніроўкі, і выявіць хто з іх мацнейшы было вельмі цікава.

Суддзі ўважліва сачылі за правільнасцю дзеянняў і падлічвалі суму вынікаў. Абсалютная перамога дасталася Аляксандру Манюку, які ў кожнай з трох спроб аджаў штангу вагой звыш 120 кілаграмаў. Лепшы яго вынік – 127,5 кг. 110-кілаграмовая штанга пакарылася Алегу Гаўроніку. Трэцім стаў Павел Місюра – 95 кг. Чацвёртае, пятае і шостае месцы дасталіся Уладзіславу Лысаму, Аляксандру Уласіку і Аляксандру Носаву. Улічана было і тое, што гэтыя хлопцы выступалі ў вагавой катэгорыі да 66 кілаграмаў, ніжэйшай, чым у прызёраў. Амаль усе ўдзельнікі выканалі нарматывы першага і другога юнацкіх разрадаў.

Вынікі спаборніцтваў – не самамэта. Важна, што маладыя людзі маюць належную фізічную падрыхтоўку, якая неабходна і ў працы, і ў воінскай службе.

Пр

 

ПА ТРАСАХ ПАРКУ ПЕРАМОГІ

У перадсвяточны дзень 8 мая адбыўся фінал Усебеларускага лёгкаатлетычнага кросу «Перамога» на прызы газеты «Советская Белоруссия». Ад стэлы «Мінск – горад-герой» стартавалі і вядомыя спартсмены, і аматары, і юная змена. Права ўдзельнічаць у прэстыжных спаборніцтвах заваявалі і прадстаўнікі Стаўбцоўшчыны. Радуе, што яны не падвялі.

У эстафетным забегу камандаў устаноў адукацыі і ўменне, і волю праявілі нашы юныя лёгкаатлеты. Кожнаму з шасці ўдзельнікаў належала адолець дыстанцыю 1000 метраў і перадаць эстафетную палачку таварышу. Нашы спартсмены былі ўвесь час сярод лідараў. Радаснай стала хвіліна, калі ад судзейскага пульта паступіла паведамленне, што каманда СШ № 3 г. Стоўбцы паказала другі вынік сярод гарадскіх школ, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтве. Сярэбраныя жэтоны – адметная ўзнагарода!

У намінацыі «сельскія школы» вучні Рочавіцкай СШ зусім няшмат не дацягнулі да месца на п’едэстале. Чацвёрты вынік пры такой сур’ёзнай канкурэнцыі – таксама выдатна. Віншуем юных спартсменаў і іх трэнераў Анатоля Турчановіча, Аляксандра Чарняўскага, Дзмітрыя Булакевіча, Вольгу Арлоўскую, Вольгу Ярашэвіч. Малайцы!

 

ПРЫЗАВОЕ ПАСТАЯНСТВА

Падчас стартаў першынства вобласці сярод ДЮСШ і СДЮШАР у нашых юных лёгкаатлетаў з’явіўся добры шанц праявіць сябе. Хлопцы і дзяўчаты 1998-1999 гадоў нараджэння яго скарысталі. Аліна Навіцкая ў бегу на 1500 метраў стала мацнейшай, а на дыстанцыі 100 метраў паказала трэці вынік. Ягор Сыч першым адолеў 200-метровую дыстанцыю.

Добра вядома трэнерам і імя Уладзіслава Супруна, які спецыялізуецца ў школьных дысцыплінах. На гэты раз самым далёкім стаў яго скачок у даўжыню. Ілья Звярынскі тут стаў другім і трэцім  у трайным скачку. І ўвогуле ўвесь «скачкавы» п’едэстал стаў стаўбцоўскім, бо трэцяе месца ў скачках у даўжыню заняў Максім Верабей.

Пр

 

АЛІМПІЯДА – ГЭТА ПРАЦА

ДУА «Старасвержанская СШ» на раённай алімпіядзе па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» прадстаўляў вучань дзясятага класа Руслан Тамілін. Выдатныя вынікі ён паказаў у веданні тэорыі па прадмеце і заняў першае месца. Выконваючы фізічныя  практыкаванні, Руслан таксама не падвёў свайго настаўніка А. М. Галоўку: юнак быў мацнейшым. Годна выступіў Руслан Тамілін і на IX абласной алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі. З 50 удзельнікаў юнак заняў  агульнае 12 месца, а ў туры «Тэсціраванне ведаў вучняў» стаў першым.

  Пасля вяртання  з Маладзечна (там праходзіла алімпіяда)  Руслан адказваў на  пытанні вучняў, што трэба рабіць, каб перамагаць. Адказ быў нешматслоўны: трэба многа працаваць, адказна адносіцца да ўрокаў фізічнай культуры, наведваць спартыўныя гурткі і займацца самастойна трэніроўкай свайго цела і духу.

Валянціна ПЯЎНЁВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *