Пра санітарныя кантрасты Стоўбцаў

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

Вясенняя пара заклікае актыўна наводзіць парадак у дварах і на вуліцах. Прырода нібыта дапамагае нам у гэтым: прыхарошвае наваколле майскай квеценню і першай яркай зелянінай. Хочацца, каб да гэтай натуральнай прыгажосці і людзі прыклалі свае рукі, больш-менш пасільныя намаганні. 

Пажаданне гэтае, як паказаў нядаўні рэйд па вуліцах горада і тэрыторыях яго прадпрыемстваў, зусім не галаслоўнае. Хаця і кідаюцца адразу ў вочы свежай пабелкай дрэвы абапал вуліц і ў парках, працаваць усё ж такі ёсць дзе.

На вуліцы Багінскага, замацаванай за лясгасам, работы па навядзенні парадку распачаты, але да канца на момант рэйду даведзены не былі: уздоўж дарожнага борта заставаліся нявывезенымі кучы з пяском. Маленькі штрых, але, тым не менш, псуе карціну. Далей, у месцы злучэння вуліц Багінскага і Вечаркевіча, дзе разбіта вялікая шарападобная клумба, прыгадалі камунальнікаў. Побач з  клумбай пясок увогуле ніхто не падмятаў, і праз яго тлусты слой пачала прабівацца трава… Дарэчы, і сама клумба ўжо выглядае не вельмі па-гарадскому. Аздобленая ў свой час камянямі, яна на гэтым транспартным скрыжаванні згубіла сваю эстэтычную прывабнасць (аналагічнае можна сказаць і пра раней папулярныя міні-клумбы з адслужыўшых аўтамабільных колаў, якія часцей за ўсё сустракаюцца каля «райпоўскіх» магазінаў).  

– Аб’яднанне камунальных службаў недастаткова працуе на ўборцы вуліц, – заўважае начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Юнцэвіч. – Падчас рэйдаў чамусьці не сустрэнеш работнікаў АКС з мяцёлкамі.

Затое пахвалу заслужыў тэрытарыяльны цэнтр, за якім сёлета замацаваны невялікі ўчастак вуліцы Багінскага (ад чыгункі). Раней ён быў гарадскім і далёка не заўсёды вылучаўся чысцінёю. Цяпер жа на гэтым «пятачку» і дрэвы стаяць пабеленымі.

На «сваёй» вуліцы, а менавіта на вуліцы 17 Верасня, стараецца і філіял «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат». Аднак дадае перапрацоўшчыкам работы тое, што  правы бок вуліцы, які пакуль застаецца не добраўпарадкаваным дарожным бортам ды тратуарнай дарожкай, міжволі забруджвае пяском іншы, «чысты» бок (цяпер камунальнікі займаюцца ўкладкай тратуарнай пліткі, але гэта бліжэй да возера).

– У адносінах да ўборкі замацаваных вуліц вызначаны «чыстымі» другі і чацвёрты чацвер месяца, – каменціруе рашэнне райвыканкама загадчык аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Лойка і падкрэслівае, што наводзіць парадак можна ў любы іншы дзень, зыходзячы з неабходнасці.

На вуліцы Танкістаў перыядычна шчыруюць работнікі раённага вузла электрычнай сувязі. І камунальнікі ім, што называецца, на дапамогу – абнавілі пасля зімы на праезджай частцы гэтай і іншых цэнтральных вуліцах горада раздзяляльныя палосы, пешаходную «зебру». Падфарбаваны і сметніцы. Праўда, на працяглай вуліцы Танкістаў іх мы налічылі ўсяго дзве. Не зусім гаспадарскі падыход з боку камунальнікаў кінуўся ў вочы на вуліцы Цэнтральнай: металічныя кветачніцы былі абноўлены фарбай, а суседні з імі ліхтар – стаяў «незаўважаны», з іржаўчынай. 

Крытыкі заслугоўваюць суб’екты гаспадарання, якія своечасова не навялі парадку на замацаваных вуліцах: хлебапрыёмнае прадпрыемства (за ім замацавана вуліца Зялёная), стаўбцоўскі філіял КУП «Мінаблпаліва» (вуліца Камуністычная), аўтабаза райспажыўтаварыства (вуліца Свярдлова), аўтапарк № 17 (вуліца Задвор’енская) і іншыя.

Прамым абавязкам прадпрыемстваў застаецца таксама клопат пра сваю тэрыторыю і тэрыторыю, прылеглую да прадпрыемства. Як паказаў рэйд, заўсёды стабільныя ў гэтым плане лясгас, замежнае прадпрыемства «РН-Запад», ЦБП № 624 філіял № 500 – Мінскае ўпраўленне  ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк» і іншыя. Прыкметна падцягнуўся апошнім часам стаўбцоўскі філіял КУП «Мінаблпаліва». Пра парадак на яго тэрыторыі яскрава гавораць свежаразбітыя клумбы і новая бетонная агароджа, пафарбаваная ў светлыя колеры. Відавочна, яна глядзіцца сучасна і дыхтоўна.

На гэтым фоне кантрастна выглядае прадпрыемства, якое знаходзіцца літаральна праз дарогу, – «Гном-сэрвіс». «Візітная картка» яго – іржавая і не адрамантаваная агароджа, праз якую добра відзён захламлены двор, кантэйнеры, якія даўно не бачылі фарбы… Скажам шчыра, раней было яшчэ горш, назіраюцца некаторыя падзвіжкі, у прыватнасці, на ўваходзе, аднак гэта суцяшае мала… Старымі недахопамі сустрэла і тэрыторыя па вуліцы Падлеснай, прылеглая да магазіна райспажыўтаварыства «Будматэрыялы». Здаецца, не патрэбна шмат часу і, тым больш, ніякіх фінансавых укладанняў на тое, каб упарадкаваць захоўванне дошак або шыферу, металалому.

Разам з так званымі стратэгічнымі пытаннямі добраўпарадкавання нашага горада, пра якія ішла размова вышэй, нельга забываць і пра бягучыя. Адно з актуальных на даны момант – своечасовае абкошванне. Для гэтага не трэба чакаць прыходу санітарнай камісіі.

НА ЗДЫМКАХ: лясгас добра выглядае з усіх бакоў; замежнае прадпрыемства «РН -Запад» — тэрыторыя ўзорнага парадку; вось такі цяпер двор стаўбцоўскага філіяла КУП «Мінаблпаліва»; неўпарадкаванасць вакол магазіна райспажыўтаварыства «Будматэрыялы» па вуліцы Падлеснай; на злучэнні вуліц Вечаркевіча і Багінскага пакуль ніхто не падмятаў; за ржавай агароджай месціцца прыватнае прадпрыемства «Гном-сэрвіс»

У рэйдзе прымалі ўдзел: Алена ЛОЙКА, загадчык аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі; Таццяна ЮНЦЭВІЧ, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама; Таццяна ПЯТКЕВІЧ, наш кар.

 

АДНОЙ ЗВАЛКАЙ МЕНШ

Пракуратурай раёна праведзены маніторынг захавання мясцовымі і распарадчымі органамі зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства.

У ходзе яго парушэнні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» ўстаноўлены на тэрыторыі, падведамаснай Рубяжэвіцкаму сельвыканкаму. Да прыкладу, з боку машынна-трактарнага парку ААТ «Рубяжэвічы» ў накірунку Новых Рубяжэвічаў была выяўлена несанкцыянаваная звалка бытавых адходаў. У прыватнасці, былі раскіданы пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, упакоўкі, поліэтыленавыя пакеты… Акрамя таго, не было праведзена своечасовае абкошванне расліннасці на самой пляцоўцы і вакол яе, што прывяло да росту дзікарослых кустоў. Меры, накіраваныя на ўхіленне несанкцыянаванай звалкі і прывядзенне тэрыторыі ў належны санітарны стан, з боку адказных асоб не прымаліся.

Пракуратурай раёна вынесена прадпісанне старшыні Рубяжэвіцкага сельвыканкама. З мэтай яго выканання несанкцыянаваная звалка ліквідавана, а яе тэрыторыя прыведзена ў належны санітарны стан.

Аляксей КУТАС, памочнік пракурора раёна

 

ВАРОНЫ Ў ПАРКУ. ЯКОЕ ВЫЙСЦЕ?

У рэдакцыю паступіў насцярожаны сігнал ад нашых чытачоў: у парку Дружбы народаў ужо каля дзясятка дрэў засялілі вароны. Наступствы гэтага працэсу вельмі хутка могуць стаць неабарачальнымі: наведвальнікам будзе боязна падняць галаву ці затрымацца на хвіліну, каб не схапіць на вопратку брудную «пазнаку». Між іншым, у парк бацькі прыводзяць дзяцей на надзіманы атракцыён.

Людзі прасілі зрабіць што-небудь, пакуль птушкі канчаткова не абжыліся.       

На пытанне: якое выйсце з гэтай сітуацыі, мы пашукалі адказ у раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

– Птушак цяпер чапаць нельга, – паведаміла галоўны спецыяліст райінспекцыі Ірына Высоцкая. – Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове жывёльнага свету», перамяшчэнне гнёздаў дазволена ў перыяд з 16 кастрычніка па 15 красавіка. Якое тады выйсце? Не забаронена прымяненне адпужваючых прыстасаванняў, у тым ліку электронных, якія створаць птушкам шум, неспакой, і гэта вымусіць іх саміх шукаць новыя месцы знаходжання.

У аб’яднанні камунальных службаў нам патлумачылі, што прымяненне падобных адпужваючых прыстасаванняў у нас не практыкавалася. Ды, напэўна, і каштуюць яны далёка нятанна. Але ўзнікае іншае пытанне: чаму раней, да 15-га красавіка, калі законам дазволена перамяшчэнне гнёздаў, ніякія меры не былі прыняты? У аб’яднанні камунальных службаў сцвярджаюць: да нас падобныя сігналы не паступалі…  

Нягледзячы на гэта, праблема застаецца, і трэба думаць, як вырашаць яе, каб парк Дружбы народаў, на добраўпарадкаванне якога ўкладзены сілы і сродкі, не абязлюдзеў.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *