Здатнасць

Культура Нумары

У  ТЭАТРАЛЬНЫМ МАРАФОНЕ

У Барысаве прайшоў адкрыты фестываль-конкурс дзіцячых тэатральных калектываў «Тэатральны марафон».

Чарговы раз аргкамітэт фестывалю запрасіў вучняў тэатральнага аддзялення ДУА «Дзераўнянская дзіцячая школа мастацтваў» прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве.

На суд гледача юныя артысты дзіцячага тэатра «Іскрынкі На-Дзеі» (Яна Ганісеўская, Ягор Дзям’янка, Вікторыя Дычанкова, Максім Жодзік, Лізавета Кузьміч, Юлія Падасецкая, Настасся Шумчык) прывезлі спектакль «Мядзведжая казка» А. Усачова  (рэжысёр Алена Шуцько).  Яны ўпэўнена прадэманстравалі сваё майстэрства і заваявалі шэраг узнагарод: дзіцячы тэатр «Іскрынкі На-Дзеі» – дыплом «За арыгінальны падыход да рашэння вобразаў персанажаў у спектаклі». Дыпломам за выкананне роляў адзначаны Ягор Дзям’янка, Максім Жодзік і Настасся Шумчык.

Таксама ўдала выступіў узорны дзіцячы тэатр «На-Дзея» (рэжысёр Аксана Сянько) са спектаклем «Маленькі анёлак» С. Кавалёва. У выніку дыплом  і прыз глядацкага журы атрымалі Таццяна Касцюкевіч, Надзея Канапацкая, Дзіяна Бычкевіч.

На працягу двух дзён юныя артысты Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў мелі магчымасць праглядзець 10 разнажанравых спектакляў дзіцячых тэатраў Мінскай вобласці.

Дзеці любяць гастролі, актыўна збіраюцца на выязныя спектаклі, гэта надае ўпэўненасці быць сапраўдным акцёрам на сцэне.

 

ПАД ПАТРАНАТАМ ЯДВІГІ ПАПЛАЎСКАЙ

У г. п. Івянец прайшоў І адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя К. І. Паплаўскага. Адкрыла конкурс дачка К. І. Паплаўскага народная артыстка Рэспублікі Беларусь Ядвіга Паплаўская, івянецкі край для якой з’яўляецца малой радзімай. Ядвіга Паплаўская расказала аб сваім дзяцінстве, успомніла шмат цікавых фактаў з жыцця бацькі, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, вядомага дырыжора і фалькларыста. Канстанцін Паплаўскі разам з Генадзем Цітовічам заснавалі Дзяржаўны акадэмічны народны хор. Пасля сябе К. І. Паплаўскі пакінуў вялікую творчую спадчыну, аўтарскія музычныя творы. З  цікавасцю быў успрыняты канкурсантамі відэафільм.

Такая прэамбула надала ўдзельнікам конкурсу належны творчы настрой. Юныя выканаўцы прымалі ўдзел у дзвюх конкурсных намінацыях – «сола» і «ансамбль».

Юная цымбалістка Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Анастасія Доўнар заняла трэцяе месца. У яе перамозе вялікі ўклад выкладчыка А. В. Бар’ясь і канцэртмайстра Н. П. Сінягуб. Гітарыстка Марыя Гарох (выкладчык Ю. Ю. Зачэпа) таксама ўдастоена дыплома такой жа вартасці.

У малодшай групе баяніст Дзмітрый Хвалей (выкладчык С. В. Крамко) узнагароджаны дыпломам другой ступені, баяністка Паліна Міткевіч (выкладчык Г. У. Несялоўскі) – дыпломам трэцяй ступені. У намінацыі «ансамблі» Ганна Абрамовіч і Дзмітрый Хвалей удастоены дыплома першай ступені, Лявон Несялоўскі і Паліна Міткевіч – дыплома другой ступені.

На конкурсе ў складзе журы былі народныя артысты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская. Пасля падвядзення вынікаў конкурсу ў юных музыкантаў была магчымасць сфатаграфавацца з любімымі артыстамі і ўзяць у іх на памяць аўтограф.

Пр

 

УСЁЙ ВЁСКАЙ – НА СВЯТА

Шашкоўскі Дом культуры захоўвае традыцыю да Дня сям’і кожны год ладзіць масавае свята на вуліцы. Дырэктар дома культуры Алена Явід заручылася падтрымкай раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які падтрымаў ініцыятыву сельскіх культработнікаў і выдзеліў прызы. Такая ж падтрымка цэнтра была аказана і пры арганізацыі ўрачыстасці на 8 Сакавіка для заахвочвання ўдзельнікаў конкурсу шматдзетных сем’яў.

На гэты раз быў арганізаваны конкурс шматдзетных сем’яў. Маладыя сем’і Генадзя і Таццяны Кавалеўскіх, Валерыя і Наталлі Калкоўскіх, Аляксандра і Наталлі Слабейкаў са сваімі дзеткамі дастойна прайшлі ўсе этапы конкурсу. Аднавяскоўцы маглі палюбавацца на гэтыя прыгожыя сем’і, парадавацца іх поспехам і талентам. І разам павесяліцца, таму што конкурсы былі і сур’ёзныя, і гумарыстычныя.

Мастацкі кіраўнік Шашкоўскага Дома культуры Лідзія Кірыленка, якая вядзе гурток «Затейник», з юнымі артыстамі Аленай Свірскай, Веранікай Кураш, Паўлам Сахарам, Уладзіславам Емяльянчыкам, Ксеніяй Сахар, Веранікай Босай, Дар’яй Малахавай, Уладай Каспяровіч падрыхтавалі спектакль «Ліса і заяц».

На вуліцы працавалі атракцыёны з Мінска, дзеці маглі павесяліцца на батуце, паласавацца салодкай ватай і кукурузай «папкорн». Сапраўды свята адпавядала назве «Адпачываем усёй сям’ёй».

А потым адбыўся канцэрт салісткі ансамбля «Любо-Дорого» з Мінска Святланы Селівон і лаўрэата міжнародных конкурсаў, саліста Тэатра эстрады Сяргея Мядзведзева.        

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ПАЭЗІЯ – РАСКОША ДЛЯ ДУШЫ

Пад такім дэвізам у Дзераўнянскай школе прайшло пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання школьных бібліятэкараў. І сапраўды, паэзія акрыляе, зачароўвае і дае магчымасць гаварыць душою і сэрцам.

Сягоння не сакрэт, што бібліятэкі перажываюць дэфіцыт чытацкай увагі, і таму бібліятэкарам даводзіцца пастаянна шукаць новыя формы і метады работы з чытачамі. Зацікавіць, заахвоціць дзіцячы кантынгент да чытання, да любові і павагі да кнігі ў сучасны камп’ютарны век вельмі складана. І таму  ўдзельнікі пасяджэння былі вельмі ўражаны тым, наколькі цікава і захапляльна была прадстаўлена праграма пасяджэння.

Адкрылі мерапрыемства шчырым прывітальнымі словамі і пранікнёнай песняй вучні школы, члены аб’яднання па інтарэсах «Спадчына»  і бібліятэкар Ванда Даўгапол, а дырэктар школы Марыя Шумчык азнаёміла гасцей са школай і праграмай пасяджэння.

 Пачалася нарада ў памяшканні бібліятэкі, дзе ўдзельнікі яе атрымалі поўны і змястоўны даклад аб накірунках работы бібліятэкі як цэнтра творчага развіцця асобы.

 Разам з вучнямі-экскурсаводамі і кіраўніком аб’яднання па інтарэсах «Спадчына» Софіяй Варатынцавай госці прайшліся па старонках літаратурнага музея школы «Стаўбцоўшчына літаратурная», дзе пазнаёміліся з гістарычнымі літаратурнымі мясцінамі нашага раёна і звесткамі аб пісьменніках і паэтах Стаўбцоўшчыны. Асаблівая ўвага тут надзялялася літаратарам – выпускнікам Дзераўнянскай школы.

 Апафеозам мерапрыемства стала літаратурная гасцёўня, прысвечаная паэзіі. Сваімі паэтычнымі творамі і ўвогуле  адносінамі да паэзіі і літаратуры ў цэлым дзяліліся з удзельнікамі пасяджэння і вучнямі школы рэдактар часопіса «Бярозка»  Генадзь Аўласенка, паэт, мастак і кампазітар Стаўбцоўшчыны Яўген Карпуць, выпускніца гэтай школы, бібліятэкар Шашкоўскай сельскай бібліятэкі Лідзія Мазуркевіч. А выступленні гасцей перапляталіся з яркімі і прыгожымі музычнымі нумарамі вучняў школы.

Прэс-канферэнцыя, якую правялі члены гуртка » Юны карэспандэнт» пад кіраўніцтвам Тамары Скорбеж, стала своеасаблівым выніковым аздабленнем паэтычнага свята.

І завяршылася нарада круглым сталом на тэму «Інфармацыйна-рэкламная дзейнасць бібліятэкі як аснова ў арганізацыі работы з чытачамі»,  на якім удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць падзяліцца сваімі ўражаннямі свята і падвесці яго  вынікі.

Лідзія СВЯТАГОР



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *