Наводзіць парадак на зямлі

Добраўпарадкаванне Нумары

Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі нядаўна наведаў наш раён з мэтай правядзення прыёму грамадзян. Аднак насельніцтва тут не праявіла актыўнасці.

– З аднаго боку гэта сведчанне таго, што работа са зваротамі грамадзян у раёне вядзецца і пытанні вырашаюцца, – сказаў Іван Эдуардавіч. –  Але не думаю, што ў людзей не існуе праблем. Жыццё не стаіць на месцы, і зваротаў ад насельніцтва ў вышэйстаячыя інстанцыі не змяншаецца.   

Падчас размовы з журналістамі старшыня аблсавета згадаў на якіх праблемах старшыням сельвыканкамаў трэба акцэнтаваць асаблівую ўвагу. І менавіта цяпер, калі напружанне пасяўной кампаніі ўляглося, і ёсць невялікая перадышка напярэдадні нарыхтоўкі кармоў.

– Не толькі старшыням сельвыканкамаў, а і дэпутатам усіх узроўняў неабходна сустрэцца ў сваіх акругах з насельніцтвам і выслухаць праблемы людзей. Вырашыць пры гэтым у першую чаргу пытанні жыццезабеспячэння. Працягваць наводзіць парадак на зямлі, выказаўшы свае патрабаванні і ўлічыўшы прапановы насельніцтва, якое пражывае ў вёсках. Нямала на тэрыторыях сельсаветаў налічваецца пустуючых дамоў, вакол якіх расце пустазелле. Непрывабны выгляд маюць  перакошаныя і разламаныя платы. Мясцовым органам улады трэба ўзяць на ўлік землі, якія не запатрабаваны, з далейшым увядзеннем іх у севазварот. А таксама разабрацца з пустуючымі дамамі. Калі няма спадчыннікаў, а дом яшчэ прыгодны для пражывання, прадаваць жадаючым. А калі трухлявы, то зносіць, а зямельны ўчастак выдзеліць таму, хто мае ў гэтым патрэбу. Але дзейнічаць пры гэтым у адпаведнасці з законам. Хачу падкрэсліць, што ў вашым раёне, першым у вобласці, праведзена  вялікая работа па выяўленні пустуючых і зносе трухлявых дамоў.

– Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 100 ад 23 лютага 2012 года «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і змяншэння колькасці пустуючых і трухлявых дамоў у сельскай мясцовасці», у сельсаветах раёна летась знесена 10 жылых дамоў, якія былі прызнаны судом нічыйнымі, – уключыўся ў размову старшыня райсавета Аркадзь Казякоўскі. – Акрамя гэтага чатыры дамы прададзены: два ў Літвенскім сельсавеце, па адным у Навасвержанскім і Дзераўнянскім. Сёлета аб’яўлены аўкцыёны па продажу пяці дамоў: трох у Літвенскім сельсавеце, Дзераўнянскім, рыхтуецца дакументацыя ў Навасвержанскім. А ўсяго па сельсаветах выяўлена больш за сто дамоў, якія не выкарыстоўваюцца для пражывання. Сёлета прынята рашэнне райвыканкама і ўключана ў рэгістр яшчэ 13 пустуючых дамоў. У сельвыканкамах рыхтуецца дакументацыя для перадачы ў суд аб прызнанні іх нічыйнымі і перадачы на баланс сельвыканкамаў. У далейшым дом зносіцца, а пустуючы ўчастак  прадаецца па заяве або, калі гэта аўкцыённая зона, рэалізуецца з аўкцыёну. А калі побач знаходзяцца землі сельскагаспадарчага прызначэння, то яны уцягваюцца ў севазварот.

У гэтым годзе плануецца знесці не менш за 30 пустуючых дамоў. Цяпер у сельвыканкамах працуюць над тым, каб стварыць новы рэгістр, у які будуць уключаны яшчэ 15-20 дамоў. У кожным сельвыканкаме ёсць спіс такіх дамоў і вядзецца мэтанакіраваная работа па адшукванні родных або спадчыннікаў.    

Паважаныя ўласнікі, майце на ўвазе, калі вы не будзеце займацца спадчыннымі дамамі, то ў адпаведнасці з вышэйназваным Указам па рашэнні суда яны будуць адабраны і ў далейшым прададзены або знесены.

Гутарыла Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *