Юбілейнае

Вялікай Перамозе прысвячаецца Нумары

АДНА ПЕРАМОГА, АДНА ПАМЯЦЬ

Святы бываюць розныя: прафесійныя, гарадскія, сямейныя, рэлігійныя. Аднак ёсць адно, якое аб’ядноўвае ў сабе розныя пакаленні і мае асаблівае значэнне для ўсіх людзей. Яго называюць святам са слязамі на вачах.

70-годдзю Вялікай Перамогі прысвяцілі ў цэнтральнай раённай бальніцы сустрэчу з ветэранамі вайны і працы. У гэты дзень у актавай зале райбальніцы ўшаноўвалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Івана Русага, Мікалая Мацюніна, Ганну Клімаш, старшыню раённага савета ветэранаў Іосіфа Язвінскага і 19 ветэранаў аховы здароўя Стаўбцоўшчыны, стаж работы якіх у медыцыне складае больш за 40 гадоў, і якія працягваюць яшчэ аддаваць свой вопыт медыцынскай установе. Прыгожыя людзі, прыгожыя твары, прыгожыя пачуцці. Ім – кветкі і прызнанне калег. Цёплым і сардэчным было прывітальнае слова да ветэранаў вайны і працы галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Святланы Глебка.

Свята стала сустрэчай пакаленняў. Маладыя супрацоўнікі райбальніцы падрыхтавалі святочны канцэрт, у рэпертуар якога ўключылі песні на ваенную тэматыку і патрыятычныя. Вяла праграму і саліравала медыцынская сястра аддзялення анестэзіі і рэанімацыі Ганна Русак. Яшчэ адна медыцынская сястра гэтага аддзялення Алена Пукала прачытала і праспявала свае ўласныя песні. Прыгожымі былі сольныя выступленні псіхолага Веранікі Кажамяка, повара Любові Калошыч. Хваляванне артыстаў на сцэне перадавалася і ўсім прысутным. У зале панавана незвычайная ўрачыстая і адначасова цёплая атмасфера. Для многіх стала адкрыццём: якія таленты скрыты ў дружным калектыве медыцынскіх работнікаў! Ужо за святочным чаяпіццем было вырашана аднавіць хор цэнтральнай раённай бальніцы, так як і падтрымаць прапанову Іосіфа Язвінскага аб стварэнні ў райбальніцы ветэранскай арганізацыі.

Вельмі значным быў удзел у святочнай праграме дзяцей медработнікаў Дзераўнянскай участковай бальніцы Арсенія Гаптара, Кацярыны Карыцкай і Таццяны Касцюкевіч. Маладое пакаленне нярэдка не ўсведамляе да канца маштаб і глыбіню подзвігу пераможцаў у вайне. І такія сустрэчы маюць неацэннае выхаваўчае значэнне. Каб у нашай краіны была будучыня, кожнае новае пакаленне павінна свята захоўваць Дзень Вялікай Перамогі.

Святочная сустрэча атрымалася цёплай і сардэчнай, зблізіла і аб’яднала ўсіх у патрыятычных пачуццях. Медыцынскія работнікі прадэманстравалі абсалютнае пачуццё меры і сваё ўменне берагчы час. Праграма была кароткай, пажылыя людзі не паспелі стаміцца, але яркай і прачулай. Па праву словы падзякі за арганізацыю гэтай святочнай сустрэчы прымала і старшыня прафсаюзнага камітэта, загадчыца аптэкі цэнтральнай раённай бальніцы Флюза Анушкевіч.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

АБ ПОДЗВІГУ, АБ МІРЫ, АБ КАХАННІ

Напярэдадні Дня Перамогі на сцэне раённага Цэнтра культуры прайшоў конкурс мастацкай самадзейнасці сярод працоўнай моладзі «Вясёлка талентаў-2015».

Выступленне кожнага з 12-ці ўдзельнікаў гучала ў гонар Вялікай Перамогі і здавалася прыгожым рэхам Вялікай Перамогі, таму што большасць выбраных сучаснай моладдзю твораў – гэта легендарныя песні ваенных гадоў.

Пачала конкурсную праграму Таццяна Ненадавец, вядучы спецыяліст цэнтра банкаўскіх  паслуг  №  624  у  г. Стоўбцы  філіяла № 500 – Мінскае ўпраўленне ААТ «Ашчадны банк Беларусбанк». Сваім вершам-баладай Таццяна расказала пранізлівую гісторыю  пра тое, як маці не пазнала сына. Ён блукаў па дарогах вайны, вярнуўся жывы, але нечакана адчуў, што стаў іншым чалавекам… Дастойнымі канкурэнтамі для работніцы банка былі яшчэ тры ўдзельніцы, якія таксама выбралі для сябе такі ж жанр – арыгінальны.

Так, работнік культуры раёна Дар’я Найдзяновіч, пераўвасобіўшыся ў дзяўчыну-салдата, прачытала вядомы верш Юліі Друнінай «Зінка». Цікавы вобраз стварыла і яе калега Таццяна Дзярнейка, канкурсантка вопытная (у конкурсе «Вясёлка талентаў» яна бярэ ўдзел трэці раз, змяняючы толькі жанравыя намінацыі). Сваім расказам усхвалявала залу і медык Алеся Гуліцкая. Дзяўчына на даны момант – практыкантка службы «хуткай дапамогі» цэнтральнай раённай бальніцы, але праз нейкі месяц яна атрымае дыплом і вернецца маладым спецыялістам.

Немагчыма не вылучыць і увесь калектыў медыкаў раёна. Ён адзін з  нямногіх  прадставіў на конкурс найбольшую колькасць удзельнікаў  –  адразу чацвярых канкурсантак. Акрамя Алесі Гуліцкай, выступілі яшчэ Анастасія Пабярэжная, Любоў Калошыч і Ганна Русак. Усе яны падрыхтавалі для конкурснай праграмы любімыя імі песні, за што атрымалі падтрымку слухачоў.

Вакальны жанр, трэба сказаць, быў самым папулярным на конкурсе. Яго падтрымала і кантралёр аддзела тэхнічнага кантролю філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы Станіслава Пархімовіч. Работнік філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» Алег Пронька выступіў у ролі і выканаўцы, і аўтара: са сваёй нязменнай спадарожніцай-гітарай ён заспяваў песню «Звезда», напісаную пад уражаннем аднайменнага кінафільма пра разведчыкаў. З гітарай выйшаў на сцэну і інжынер Стаўбцоўскіх электрасетак Цімур Васіленка, нумар якога быў звязаны з сапраўдным ваенным «шлягерам» – песняй «Бери шинель, пошли домой».

Своеасаблівым адкрыццём конкурсу «Вясёлка талентаў-2015» можна назваць, на маю думку, індывідуальнага прадпрымальніка Кацярыну Каспяровіч. У яе акапэльным выкананні прагучала «Малітва аб сыне». Разам з добрымі вакальнымі данымі Кацярына данесла да нас сапраўдны гімн мацярынству, каханню, міру… А выхад на сцэну Анастасіі Пахомавай (райспажыўтаварыства), пераможцы раённага этапу конкурсу «Новыя імёны», сапраўды яшчэ раз пацвердзіў яе мастацкія здольнасці і ўзровень выканальніцкага майстэрства.              

– Пры падвядзенні вынікаў конкурсу журы брала да ўвагі шмат якія фактары, – адзначыла падчас уручэння узнагарод канкурсантам старшыня журы, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль. – Паверце, нам было няпроста вызначыцца і назваць самых лепшых сярод так званых непрафесіяналаў, таму што ўсе аднолькава заўзята імкнуліся знайсці сваё творчае «я».

Пераможца конкурсу «Вясёлка талентаў» у намінацыі «Арыгінальны жанр» – Таццяна Ненадавец (цэнтр банкаўскіх паслуг № 624 у г. Стоўбцы філіяла № 500 – Мінскае ўпраўленне  ААТ «Ашчадны банк Беларусбанк»).

У вакальным жанры пераможцамі сталі: Анастасія Пахомава (райспажыўтаварыства), Кацярына Каспяровіч (індывідуальны прадпрымальнік) і Цімур Васіленка (Стаўбцоўскія электрасеткі). За смеласць і творчы пошук усім удзельнікам уручаны на памяць сувеніры, падарункі ад раённага выканаўчага камітэта.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

СПЯВАЮЦЬ СЭРЦАМ

Напярэдадні 9 Мая у тэрытарыяльным цэнтры прайшло святочнае пасяджэнне клуба «Гады – не бяда», на якое быў запрошаны мастацкі калектыў Беларускага грамадскага аб’яднання былых непаўналетніх вязняў фашызму «Памяць сэрца».

– З гэтым сталічным калектывам мы дружым не адзін год дзякуючы кіраўніку грамадскага аб’яднання Ірыне Паўлавай і мастацкаму кіраўніку калектыву Таісе  Сотнікавай, а таксама каардынатару праекта «Скажам адзіноце – не!» у рамках міжнароднага грамадскага аб’яднання «Узаемаразуменне» Святлане Лысянко. Калектыў «Памяць сэрца» раней ужо наведваў Стаўбцоўшчыну і выступаў у Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў.  З ім мы даходзілі літаральна да кожнага з яго пастаяльцаў,  – заўважае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс.

Сустрэча прайшла за святочным сталом, сродкі на які выдзелены ў рамках рэалізацыі праекта Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа «Пашырэнне магчымасцяў пажылых людзей у прыняцці рашэнняў па пытаннях іх паўнацэннага ўдзелу ў жыцці грамадства». У ролі спонсара выступіла і прадпрыемства «Гном-сэрвіс».  

Вядучыя Сяргей Есіс і Людміла Сінькевіч, мастацкі кіраўнік ансамбля «Світанак» Наваколасаўскага цэнтральнага Дома культуры, прадставілі слова не толькі шаноўным гасцям, а і творчым членам клуба, сярод якіх – Марыя Дзіканава, Мая Жалязняк, Аляксандра Бібікава. Гучалі вершы і песні – ваенныя, лірычныя і, нават, з жанру аперэты. Госці атрымалі ад удзячных стаўбчан  падзячнае пісьмо і кнігу вершаў паэтаў Стаўбцоўшчыны, арыгінальныя сувеніры з цеста, вырабленыя валанцёрам Аляксандрай Клышка. Дарэчы, у календары свята Перамогі суседнічае з Днём Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, таму не забыліся адзначыць і валанцёраў клуба, у  прыватнасці,  Алену Гундзіловіч і Марыю Яфрэмаву, якія даўно выбралі для сябе гэты клопатны, але патрэбны іншым шлях.     

 

КОНКУРС АЎТАРСКАЙ ПЕСНІ І ПАЭЗІІ «НІХТО НЕ ЗАБЫТЫ, НІШТО НЕ ЗАБЫТА» ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Аргкамітэт Усерасійскага фестывалю аўтарскай песні «Грынландыя», прысвечанага 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, запрашае прыняць удзел усіх жыхароў Мінскай вобласці, творча настроеных і неабыякавых да слаўных старонак агульнага гістарычнага мінулага, у завочным песенна-паэтычным конкурсе «Ніхто не забыты, нішто не забыта» і, пры жаданні, наведаць фестывальную паляну ХХІІІ Усерасійскага фестывалю аўтарскай песні «Грынландыя», які пройдзе ў ліпені 2015 года ў вёсцы Башарава на беразе ракі Быстрыцы ў Кіраўскай вобласці.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе можна падаць да 25 мая 2015 года на афіцыйным сайце Усерасійскага фестывалю аўтарскай песні «Грынландыя» – www.grinlandia.ru, на афіцыйным сайце конкурсу «Ніхто не забыты, нішто не забыта» – http://pesnipobedy.ru/, а таксама па электроннай пошце – grinlandia-kirov@mail.ru. Для ўдзельнікаў конкурсу з бліжняга і дальняга замежжа Аргкамітэтам зацверджаны спецыяльны прыз «За вернасць нацыянальным традыцыям і культурнай спадчыне». Лаўрэаты і дыпламанты конкурсу будуць узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *