Служба, якая выхоўвае мужчынскі погляд

Год моладзі Нумары

image_pdfimage_print

Па традыцыі на Стаўбцоўшчыне прайшоў раённы Дзень прызыўніка. 33 маладыя чалавекі ўрачыста атрымалі павесткі. А ў гэтыя майскія дні пачалася іх адпраўка ў войска. З самай раніцы ля ваенкамата – хвалюючае развітанне. Хлопцаў праводзяць бацькі і каханыя дзяўчаты, сябры. У кожнага – свой адрас службы, настрой на душы і, зразумела, планы на будучае…

Дзмітрый ПАСТАВОЙЦЕНКА, Наваколасава:

– Прызываюся ў пятую асобую часць, спецназ паветрана-дэсантных войскаў. Менавіта туды і хацеў трапіць. Спорту ўдзяляў шмат увагі. Займаўся баскетболам. Закончыў «радыётэхнічны» – у каледжы атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю. Паўгода, як працую па размеркаванні на прадпрыемстве «Інтэграл». Бацька ў мяне ваенны. Афіцэр. Усё жыццё служыць. Бяру з яго прыклад. Іду ў армію з добрым настроем. Думаю, паўтара года пройдуць хутка, непрыкметна… А там можна будзе і наконт далейшай вучобы падумаць. Трэба вучыцца, каб уладкавацца на добрую работу, з дастойным заробкам. Пакуль буду пісаць лісты. Каму? Каханай дзяўчыне… Маме… Яна перажывае за мяне…

 

Аляксей ДОРАХ, Дразды:

– У лютым закончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Трапіў на работу ў свой раён, у Старынскае лясніцтва. Кадрам тут рады, асабліва маладым. І брат мой шчыруе ў стаўбцоўскім лясгасе. Так атрымалася, што мне папрацаваць асабліва і не давялося – іду служыць. Павестка ў мяне ў Смаргонь, у пагранічную часць. А мая дзяўчына мяне пачакае… Адслужу і праз год вярнуся ў Старынскае лясніцтва. Хаця і езджу на працу кожны дзень з Драздоў, мне гэта не цяжка. Захапляюся вольнай барацьбой, футболам. Люблю чытаць кнігі, асабліва гістарычныя, дакументальныя, дзе ёсць расказы відавочцаў. Зачытваюся, напрыклад, тэмай Вялікай Айчыннай вайны, Чарнобыля… У будучым хацеў бы паступіць у магістратуру…

 

Аляксандр АКУЛІЧ, Дразды:

– Прызываюць – пайду служыць! Павестка ў мяне ва ўнутраныя войскі, у Мінск. Бацька гэта адобрыў, мама – таксама. Мой бацька працуе ў райаддзеле міліцыі начальнікам ізалятара часовага ўтрымання. Даводзілася быць там на экскурсіі… Я закончыў абласны аграрны прафесійна-тэхнічны ліцэй. Атрымаў спецыяльнасць муляра-тынкоўшчыка-маляра 3-га разраду. Уладкаваўся на працу ў ПМК-190 горада Дзяржынска. Рыхтаваўся да арміі: займаўся бегам, трэніраваўся на веласіпедзе. Люблю мадэліраванне тэхнікі, хаця часу на гэты занятак цяпер няма… Бацькам дапамагаю па гаспадарцы. Упраўляюся з мотаблокам. Бульбу мы ўжо пасадзілі. Брат малодшы застаецца бацькам на падмогу. Планаў у мяне многа. І сяброў хапае. Пасля арміі мару пабудаваць уласны дом.

 

Аляксандр КУТАС, Засулле:

– Родам я з Шашкоў, але ўжо 10 месяцаў жыву ў Засуллі. Працую ў ААТ «Каганец» пасля Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. У гаспадарцы прызначылі галоўным энергетыкам. Работы многа (нядаўна завяршылася пасяўная), а персаналу – недастаткова. Напэўна, гэта адна з прычын, што кіраўніцтва гаспадаркі пахадайнічала за мяне, каб прызываўся як рэзервіст. Буду сумяшчаць і службу, і работу – набірацца вопыту. Магчыма, застануся ў сельскай гаспадарцы і далей. Спорт люблю. Гуляў за зборную ўніверсітэта. Былі і прызавыя месцы… Я пакуль несямейны, але дзяўчына ёсць. І якраз яна жыве ў Баранавічах, куды мяне накіроўваюць на рэзервовую службу. Згодзен, што мне ўжо пашанцавала двойчы…

 

Уладзімір БОЙКА, Задвор’е:

– Жыву ў Мінску, працую майстрам на заводзе «КПД № 1» ААТ «Мапід». Год таму закончыў БНТУ. Лічу, што прафесію выбраў правільна, але думаю і пра другую вышэйшую адукацыю… Калі прыйду з войска – тады і ацаню абстаноўку больш сталым, мужчынскім, поглядам. На працягу бліжэйшага года буду пагранічнікам. Цяжкасці не палохаюць. Я ў сваім жыцці пачаў працаваць з 16-ці гадоў… Падчас летніх канікулаў пайшоў вучнем на філіял маторнага завода. Дома заўсёды дапамагаю. Садзім агарод, ёсць іншыя клопаты. Шкодных звычак не маю і іншым не раю. У мяне шмат сяброў, з якімі люблю праводзіць час. Маю шмат інтарэсаў, захапленняў. Якіх? Ды гэта залежыць ад настрою… Аддаю перавагу самым розным заняткам, каб быць рознабаковым чалавекам.     

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *