Аб эфектыўнасці прынятых мер супраць карупцыі

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

Пракуратурай Стаўбцоўскага раёна з удзелам мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых, распарадчых, кантралюючых і праваахоўных органаў праведзена каардынацыйная нарада па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. Разгледжана пытанне эфектыўнасці мер, што прымаюцца па супрацьдзеянні карупцыі і эканамічным злачынствам, а таксама незаконным абароце наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў.

Улічваючы асаблівую грамадскую небяспеку карупцыйных праяў, праваахоўнымі органамі раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі зацікаўленымі службамі прымаліся пэўныя практычныя меры па папярэджанні і своечасовым выяўленні карупцыйных правапарушэнняў, недапушчэнні і спыненні нямэтавага і нерацыянальнага расходавання бюджэтных сродкаў, прыцягненні вінаватых асоб да адказнасці і максімальнай кампенсацыі страт.

У 2014 годзе на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна выяўлена 13 карупцыйных злачынстваў (па арт. 210 КК-6, па арт. 424 КК-5, па арт. 431 КК-2) і 8 эканамічных, з іх па арт. 223 КК-7. У першым паўгоддзі 2015 года выяўлена адно карупцыйнае злачынства і тры – эканамічныя.

Карупцыйныя правапарушэнні найбольш былі распаўсюджаны ў сферы сельскай гаспадаркі, эканамічныя – у сферы гандлю. Асноўнымі іх прычынамі з’яўляецца адсутнасць належнага ведамаснага кантролю з боку райспажыўтаварыства, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, а таксама райспажыўтаварыства – за фінансавай дысцыплінай на месцах.

Арганізацыя работы па выяўленні, выкараненні і папярэджанні карупцыйных злачынстваў мае патрэбу ў актывізацыі і ўдасканаленні. Неабходна ажыўленне дзейнасці камісій па супрацьдзеянні карупцыі, якія часта працягваюць працаваць фармальна і не аказваюць рэальнага ўплыву на папярэджанне карупцыйных правапарушэнняў.

У ходзе пракурорскіх праверак выяўляюцца факты парушэння антыкарупцыйнага заканадаўства адносна дэкларавання дзяржаўнымі службовымі асобамі даходаў і маёмасці, парадку афармлення абавязацельстваў і захавання ўстаноўленых для іх абмежаванняў. Нягледзячы на ўвагу, якая ўдзяляецца кантралюючымі і праваахоўнымі органамі, да расходавання бюджэтных сродкаў пры ажыццяўленні закупу тавараў (работ, паслуг), не выключаны з практыкі парушэнні парадку іх правядзення.

Пракуратурай раёна ў 2014 годзе праведзена пяць агульнанаглядных праверак выканання антыкарупцыйнага заканадаўства. Яны былі зроблены ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РУП «Стаўбцоўскае АКС», ДДЛГУ «Стаўбцоўскі доследны лясгас», УП «Стаўбцоўскае ХПП», ААТ «ТБЗ Нёман». Па выніках праверак унесена пяць прадстаўленняў, чатыры службовыя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, у тым ліку адна асоба вызвалена ад займаемай пасады. У адносінах да адной службовай асобы ўзбуджаны дзве крымінальныя справы карупцыйнай накіраванасці.

У першым квартале 2015 года праведзена праверка выканання патрабаванняў указанага заканадаўства ў ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва», у ходзе якой устаноўлена, што ў гэтай установе маюць месца парушэнні як антыкарупцыйнага, так і рэгулюючага іншыя правапарушэнні заканадаўства. Па выніках праверкі старшыні райвыканкама ўнесена прадстаўленне аб ухіленні парушэння патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства ў дзейнасці ДУ «Стаўбцоўскі ТЦСАН», прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць, дзве асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

ЗАСЛОНУ – РАСПАЎСЮДЖАННЮ НАРКОТЫКАЎ

Праблема распаўсюджання наркаманіі і злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў, уяўляе сур’ёзную пагрозу сацыяльнай стабільнасці.

Па стане на 01.04.2015 на ўліку ў наркалагічным кабінеце УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» стаялі 14 нарказалежных асоб і адзін таксікаман.

Інспекцыяй па справах непаўналетніх РАУС прымаюцца пэўныя арганізацыйныя і практычныя меры, накіраваныя на барацьбу з незаконным абаротам наркотыкаў у падлеткавым асяроддзі.

Ва ўстановах адукацыі раёна арганізуюцца мерапрыемствы па выяўленні фактаў наркаспажывання сярод навучэнцаў. Праводзяцца класныя, інфармацыйныя гадзіны, круглыя сталы па прафілактыцы наркатычнай залежнасці, анкетаванне. За 2013-2014 гады і першы квартал 2015 года фактаў выяўлення навучэнцаў, схільных да ўжывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў, таксічных ці іншых адурманьваючых рэчываў, ва ўстановах адукацыі раёна не зарэгістравана.

Сярод мерапрыемстваў, запланаваных Стаўбцоўскім райвыканкамам, асноўную частку складалі інфармацыйна-прапагандысцкія, па фарміраванні ў насельніцтва непрыязнасці да спажывання наркотыкаў. Праводзяцца разнастайныя акцыі, спартыўна-масавыя мерапрыемствы, бацькоўскія сходы, лекторыі, круглыя сталы па пытаннях прафілактыкі наркаманіі і іншыя, у грамадскіх месцах размяшчаецца сацыяльная рэклама.

У Стаўбцоўскім раёне арганізавана сістэма абмену інфармацыяй паміж РАУС, УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ», установамі адукацыі, выканкамамі, грамадскімі фарміраваннямі аб асобах, схільных (ці якія дапускаюць) да немедыцынскага ўжывання наркатычных сродкаў, а таксама асобах, якія ўчыняюць правапарушэнні, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў, таксічных ці іншых адурманьваючых рэчываў.

Рэалізуюцца мерапрыемствы Комплекснай праграмы па прафілактыцы правапарушэнняў у Стаўбцоўскім раёне на 2015 год, дзе таксама прадугледжаны меры па супрацьдзеянні наркаманіі, незаконным абароце наркотыкаў і звязанымі з імі правапарушэннямі.

У 2014 годзе праваахоўнымі органамі ўзбуджана 28 крымінальных спраў па лініі наркакантролю, з якіх 12 накіравана ў суд, 13 прыпынена па п. 1 ч. 1 арт. 246 КПК (неўстанаўленне асобы, якая належыць прыцягненню ў якасці абвінавачанага), вытворчасць па дзвюх справах спынена на падставе п. 4 ч. 1 арт. 29 КПК (у выніку акта амністыі). У першым квартале 2015 года ўзбуджаны тры крымінальныя справы ўказанай катэгорыі (у аналагічным перыядзе 2014 года – 8), з якіх дзве справы накіраваны ў суд, вытворчасць па дзвюх справах была прыпынена на падставе пп. 1 і 2 ч. 1 арт. 246 КПК.

Па выніках нарады прыняты дадатковыя арганізацыйна-практычныя меры па супрацьдзеянні карупцыі і эканамічным злачынствам, папярэджанні незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсараў.

Сяргей ГРЫЦУК, пракурор Стаўбцоўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *