У раёне

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

ПАДЗЯКА ЗА РУПЛІВУЮ ПРАЦУ

Падзячныя пісьмы райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымліваюць самыя руплівыя людзі, якія дасягнулі найвышэйшых паказчыкаў на выкананні палявых работ. Чарговы выезд першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарча  Дзяніса Колесеня  – у ААТ «Агранёманскі». Прыемная місія для кіраўніка сельскагаспадарчай галіны раёна павіншаваць перадавікоў з працоўнай перамогай. А ў гэтым таварыстве працуе нямала сумленных механізатараў, якія здольны нават удвая перавыконваць даведзеныя заданні. Вылучаецца з гэтай кагорты Аляксей Пальчык, механізатар шырокага профілю, які за шматгадовую работу ў таварыстве  неаднойчы выходзіў пераможцам і быў заахвочаны. Сёлета дбайны працаўнік у ліку лепшых на хімпраполцы сельгаскультур – выканаў гэтую работу на 2230 гектарах.  Дзяніс Сяргеевіч шчыра павіншаваў перадавіка, уручыў яму падзячнае пісьмо і падарунак, пажадаў далейшых поспехаў на хлебнай ніве. Аляксей Канстанцінавіч быў заахвочаны і падарункам ад дырэкцыі і прафсаюзнага камітэта гаспадаркі.

Сярод маладых механізатараў на сяўбе кукурузы лепшы вынік у раёне  паказаў Аляксандр Крывель, які пасеяў «каралеву палёў» на 551 гектары. Яму таксама ўручаны падзячнае пісьмо і падарункі. Аляксандр па накіраванні гаспадаркі вучыцца на інжынера-механіка ў Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце. Штогод падчас канікулаў прымаў самы актыўны ўдзел у палявых кампаніях. Сёлета  праходзіць у таварыстве пераддыпломную практыку і неўзабаве вернецца на працу маладым спецыялістам.   

Атрымалі падзячныя пісьмы і падарункі Уладзімір Новік з ААТ «Вішнявецкі-агра» і Уладзімір Пявец з ААТ «Радзіма Якуба Коласа», якія вылучыліся адпаведна на сяўбе кукурузы і цукровых буракоў. Павіншавала перадавікоў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч.

На здымку: (злева направа) першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колесень, механізатар Аляксей Пальчык, дырэктар таварыства Уладзімір Жукаў і старшыня прафкама Марына Касматовіч.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара

 

ПЕРАСЯГАЕ ЗАМЕЖНЫЯ АНАЛАГІ

Праблема імпартазамяшчэння – важнейшае пытанне эканомікі нашай краіны. Задачу вырабу імпартазамяшчальнай прадукцыі паспяхова вырашае ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» на базе сваіх рамонтна-механічных майстэрняў.

Сярод інжынерных распрацовак, якія ацанілі практыкі, ёсць і лясное абсталяванне. Вытворцы асвоілі выпуск зубчатых падборшчыкаў парубачных рэшткаў для ачысткі лесасек пасля механізаванай нарыхтоўкі драўніны.

Эксперыментальныя ўзоры агрэгата першымі закупілі Навасвержанскі лесазавод і Стаўбцоўскі доследны лясгас. Гаспадарнікі прызналі, што айчынны падборшчык па тэхнічных характарыстыках ніколькі не саступае замежным аналагам, больш таго, нават перасягае іх.

Зубчатымі падборшчыкамі для лесасек, вырабленымі спецыялістамі стаўбцоўскага райаграсэрвіса, паспяхова карыстаюцца ўжо ў Клецкім, Уздзенскім, Вілейскім лясгасах. Нядаўна агрэгат адпраўлены Бярэзінскаму біясфернаму заказніку.

Стаўбцоўскі райаграсэрвіс – першапраходзец у рэспубліцы па вырабе такога навяснога абсталявання. Як гаворыць дырэктар прадпрыемства Сяргей Мельнік, матэрыяльныя і працоўныя рэсурсы прадпрыемства дазваляюць вырабляць у месяц да 30 такіх агрэгатаў. 

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

НА ЗНЕШНІЯ РЫНКІ

Паводле даных галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці за першы квартал 2015 года аб’ём знешняга гандлю таварамі ў цэлым па Стаўбцоўскім раёне склаў 12,6 мільёна долараў ЗША і знізіўся на 31,6 працэнта да ўзроўню такога ж перыяду 2014 года. У тым ліку экспарт склаў 8 мільёнаў долараў, імпарт – 4,6 мільёна. У экспарце тавараў на краіны СНД прыйшлося 87,6 працэнта, у тым ліку ў Расію – 83,7 працэнта.

 

ПЯТЫ ТЭРМІНАЛ – У РУБЯЖЭВІЧЫ

Усё больш наведвальнікаў пошты ажыццяўляюць плацяжы за розныя паслугі і па крэдытах самастойна, без удзелу аператара.

Такую магчымасць даюць плацежна-даведачныя тэрміналы, якіх на Стаўбцоўшчыне ўжо ўстаноўлена чатыры: у гарадскім аддзяленні паштовай сувязі і ў трох сельскіх аддзяленнях – у Новым Свержані, Дзераўной і Наваколасаве. «У гэтым годзе плануем закупіць і ўстанавіць пяты тэрмінал. Прызначаны ён будзе для яшчэ аднаго буйнога населенага пункта раёна – Рубяжэвічаў», – акрэсліла бліжэйшую перспектыву намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі Марына Петух.

Нагадаем, што плацежна-даведачны тэрмінал выгадны і зручны тым, што, пры наяўнасці ў кішэні банкаўскай пластыкавай карткі, можна своечасова, без чаргі і за лічаныя мінуты «забыцца» пра штомесячныя і іншыя разлікі.

Пр

 

ЗАПАТРАБАВАНЫ РАБОЧЫЯ ПРАФЕСІІ

З мэтай актыўнага ўкаранення новых формаў арганізацыі прафарыентацыйнай работы, павышэння прэстыжу рабочых спецыяльнасцяў, пошуку і рэкламы працаўладкавання выпускнікоў школ у адпаведнасці з запытамі сучаснага рынку працы, узмацнення значнасці сямейных дынастый у дасягненні вяршынь прафесійнага майстэрства прайшоў VIII  абласны бацькоўскі сход «Выбар маладых – выбар будучага».

Мерапрыемства ў новым фармаце прайшло на базе 21 установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці, чатыры з якіх наведалі дэлегацыі з нашага раёна. Бацькі і прадстаўнікі выпускнікоў школ раёна, а таксама педагогі пабывалі ва УА «Уздзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй», ДУА «Валожынскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй», УА «Мінскі дзяржаўны абласны каледж», УА «Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа».

У сходзе прынялі ўдзел прадстаўнікі Мінаблвыканкама, раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, цэнтраў занятасці, духавенства, праваахоўных органаў, эксперты ў вобласці псіхалогіі.

У рамках бацькоўскага сходу ва ўстановах прафесійнай адукацыі ладзіліся майстар-класы, прэзентацыі «Клічу ў сваю прафесію», прэс-канферэнцыі з прадстаўнікамі базавых прадпрыемстваў – заказчыкаў кадраў, сустрэчы з працоўнымі дынастыямі і знакамітымі выпускнікамі. Вучні і іх бацькі пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і адукацыйнымі паслугамі ўстаноў прафесійнай адукацыі, існуючай запатрабаванасці на рынку працы рабочых спецыяльнасцяў, мелі магчымасць атрымаць кансультацыі экспертаў для паспяховага прафесійнага самавызначэння выпускнікоў.

На завяршэнне сходу яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю аб шляхах удасканалення прафесійнага выбару моладзі.

Таццяна ГРАМЫКА, метадыст ВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *