Да твару – белая шапачка, белы халат

Медыцына Нумары Факты, падзеi, людзi

У календары святочных дат у медыцынскіх работнікаў некалькі прафесійных святаў. Адно з іх – 12 мая. Яго святкуюць медыцынскія сёстры. А таксама – фельчары, акушэры, фельчары-лабаранты, рэнтгенлабаранты. Дзякуючы старанням і ініцыятыве галоўнай медыцынскай сястры цэнтральнай раённай бальніцы Святланы Высоцкай і савета медсясцёр да гэтага дня прыўрочваецца раённы конкурс медыцынскіх сясцёр. Праходзіць ён вельмі прыгожа, урачыста, у прыбранай зале, хоць і з напружаннем сіл канкурсантак, з хваляваннем – ім патрэбна пацвердзіць на этапах конкурсу свае прафесійныя веды. Сёлета, у Год моладзі, у конкурсе прынялі ўдзел маладыя спецыялісты лячэбна-прафілактычных устаноў раёна. У мінулым годзе 13 выпускнікоў Слуцкага, Мінскага, Маладзечанскага медыцынскіх каледжаў прыбылі па размеркаванні ў цэнтральную раённую бальніцу.

Прывітальным словам конкурс адкрыла галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка. Святлана Здзіславаўна зрабіла акцэнт на важнасці работы медыцынскай сястры. Ніводзін урач не можа адбыцца ў сваёй прафесіі без надзейных памочнікаў – медыцынскіх сясцёр, якія выконваюць назначэнні ўрачоў, падчас адсутнасці дактароў сочаць за станам пацыента, папярэджваюць экстрэмальныя сітуацыі, своечасова прыходзяць на дапамогу. Адным словам, пост іх адказны і нялёгкі.

11 прыгожых маладых канкурсантак прынялі рашэнне паўдзельнічаць у конкурсе прафесійнага майстэрства. Гэта фельчар Старасвержанскай амбулаторыі Алена Хіневіч, фельчары паста хуткай медыцынскай дапамогі Дзераўнянскай участковай бальніцы Кацярына Раковіч і Вольга Махначэўская, акушэркі акушэрска-гінекалагічнага аддзялення Анжаліка Рабцэвіч, Святлана Траневіч і Марыя Лапеза, медсястра хірургічнага аддзялення Кацярына Дзядзюля, медсястра педыятрычнага аддзялення Алена Вабішчэвіч, фельчары-лабаранты клініка-дыягнастычнай лабараторыі Аляксандра Макоўская і Жанна Дабравольская, участковая медсястра Любкаўшчынскай урачэбнай амбулаторыі Таццяна Флер’яновіч. Гэтае саперніцтва дало магчымасць у поўнай меры паказаць таленты канкурсантак, іх абаяльнасць як у першым этапе – візітнай картцы, так і ў дамашнім кулінарным заданні, пры адказе на тэарэтычныя пытанні. У журы конкурсу былі вопытныя ўрачы: Людміла Някрылава, Марына Цімафеева, Ірына Пярхальская, Аляксей Бондараў, Таццяна Паўлюкевіч, Дзмітрый Санько, галоўная медсястра Святлана Высоцкая. Конкурс праходзіў пад старшынством галоўнага ўрача райбальніцы Святланы Глебка.

Пачаўся конкурс творчым прадстаўленнем «Я і мая прафесія». Візітныя карткі былі вершаваныя, музычныя. Кацярына Дзядзюля падрыхтавала мультымедыйную прэзентацыю. У яе была і вельмі абаяльная група падтрымкі – калегі з хірургічнага аддзялення з плакатам-расцяжкай.

Апетытна выгляда выстава кулінарных і кандытарскіх страў на другім этапе конкурсу, дзе прадстаўлялася дамашняе заданне «На рабочым месцы майстар, дома – гаспадыня».

Наступныя тры этапы патрабавалі даць адказы на пытанні па санітарна-эпідэмічным рэжыме, неадкладнай медыцынскай дапамозе, гематрансфузіі. Апошні этап уключаў бліц-турнір, займальныя пытанні на хуткасць адказу, знаходлівасць, інтэлектуальны ўзровень. Іх агучыла Святлана Высоцкая.

Пакуль журы падлічвала балы, вызначала пераможцаў, сіламі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці быў паказаны канцэрт. У калектыве медыцынскіх работнікаў шмат таленавітых людзей, якія маюць магчымасць раскрыць свае здольнасці перад калегамі ў час вось такіх урачыстасцяў, а таксама на раённых святах. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці цэнтральнай раённай бальніцы дастойна выступілі ў раённым фестывалі маладзёжнай творчасці сярод працоўнай моладзі «Вясёлка талентаў».

Канцэртную праграму ў час конкурсу прафесійнага майстэрства медсясцёр вяла медыцынская сястра аддзялення анестэзіі і рэанімацыі Ганна Русак. Маладыя спецыялісты Алеся Гуліцкая, Вікторыя Хмурко, Анастасія Пабярэжная таксама прадэманстравалі свае таленты.

Вось і абвестка вынікаў конкурсу. Першае месца прысуджана фельчару паста хуткай медыцынскай дапамогі Дзераўнянскай участковай бальніцы Кацярыне Раковіч. Другое месца журы аддало акушэрцы акушэрска-гінекалагічнага аддзялення Святлане Траневіч. Трэцяе  – яшчэ аднаму фельчару хуткай дапамогі Дзераўнянскай участковай бальніцы Вользе Махначэўскай. Ім – апладысменты, кветкі і падарункі. Пераможцаў павіншавалі галоўны ўрач райбальніцы Святлана Глебка, старшыня прафсаюзнага камітэта ЦРБ Флюза Анушкевіч, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль, першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Калодзінская. Умовамі правядзення конкурсу прафесіянальнага майстэрства прадугледжана і матэрыяльнае заахвочванне ўдзельніц конкурсу.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

З ЛЮБОЎЮ ДА ПРАФЕСІІ

Медыцынская сястра аддзялення анестэзіі і рэанімацыі цэнтральнай раённай бальніцы Ганна Русак прадстаўляла стаўбцоўскую бальніцу на адборачным туры абласнога конкурсу «Я і мая прафесія», які прайшоў у Слуцку.

Як расказвае галоўная медыцынская сястра цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Высоцкая, у гэтым прафесійным спаборніцтве патрэбна было паказаць тэарэтычныя веды ў вызначаных этапах конкурсу. Ганна Русак выдатна справілася з задачай. Яе рабочае месца ў аддзяленні анестэзіі і рэанімацыі патрабуе высокага прафесіяналізму, ведаў, а яшчэ – умення экстранна прыняць правільнае рашэнне, сабранасць, вытрымку, вынослівасць і ўменне суперажываць пацыенту.

Ганна Русак адметная ў калектыве медыкаў не толькі як адна з лепшых медыцынскіх сясцёр, але і як таленавітая ўдзельніца мастацкай самадзейнасці – яна і вядучая праграм, і салістка.

 

АНТЫТЫТУНЁВАЯ АКЦЫЯ

З 11 па 31 мая праводзіцца рэспубліканская інфармацыйна-адукацыйная акцыя «Беларусь супраць тытуню», у якой актыўны ўдзел прымае і наш раён.

У гэты час медыкі актывізуюць работу па прафілактыцы захворванняў, звязаных з курэннем, і прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Валеалагічная служба цэнтральнай раённай бальніцы сумесна з іншымі зацікаўленымі ведамствамі спланавала шэраг мерапрыемстваў у маладзёжным асяроддзі па прафілактыцы шкодных звычак. Будуць праведзены лекторыі, гутаркі, сустрэчы са спецыялістамі, падрыхтаваны інфармацыйна-раздатачныя матэрыялы.

 

ВЫДАЮЦЦА НАКІРАВАННІ

Выпускнікі школ раёна могуць узяць у цэнтральнай раённай бальніцы накіраванні для паступлення ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя медыцынскія навучальныя ўстановы краіны. Медыцынская ўстанова мае патрэбу ў кадрах спецыялістаў сярэдняга медыцынскага персаналу і ва ўрачах.  Падрабязную інфармацыю дадуць у аддзеле кадраў райбальніцы па тэлефоне 5-48-56.

Пр

 

***

Як дапамагчы аўтычнаму дзіцяці, можна даведацца з артыкула пад аднайменнай назвай Ірыны ПЯРХАЛЬСКАЙ, урача-валеолага цэнтральнай раённай бальніцы, размешчанага на 4-й старонцы газеты “Прамень”.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *