Грамадства

Нумары Соцыум

Душы прызванне

Жукаў Барок – вёска невялікая.  Пражываюць тут у асноўным людзі састарэлага ўзросту, некаторым з якіх патрабуецца пастаянная старонняя дапамога. А выконвае для нямоглых старых і адзінокіх пенсіянераў ролю памагатага сацыяльны работнік Людміла Гамза. У гэтым годзе спаўняецца трыццаць гадоў, як Людміла Уладзіміраўна працуе ў сацыяльнай службе.

Яна мае самы вялікі стаж сярод работнікаў аддзялення надомнага абслугоўвання. На свяце вёскі, якое прайшло ў красавіку, за шматгадовую і бездакорную працу Людміла Гамза атрымала падзяку ад кіраўніцтва цэнтра.

– Сацыяльным работнікам стала, можна сказаць, выпадкова, – расказвае жанчына. – Па збегу жыццёвых абставін прыйшлося звольніцца з калгаса, дзе працавала брыгадзірам. Шукала другую работу. У сельвыканкаме мне падказалі, што ў райцэнтры адкрываецца аддзяленне, куды набіраюць работнікаў па доглядзе пажылых людзей. Вырашыла паспрабаваць.

З таго часу Людміла Уладзіміраўна і працуе там. Жыццё пацвердзіла, што ў сацыяльнай рабоце яна чалавек не выпадковы, з асаблівым станам душы і пачуццём адказнасці, адносінамі да жыцця і людзей. А жанчыне ўласцівыя такія якасці як ветлівасць, дабрыня, міласэрнасць, неабыякавасць да патрэб пажылых людзей. І адна з самых галоўных рысаў характару – цярпенне. Яна заўсёды жыццярадасная і знаходзіць агульную мову з усімі вяскоўцамі.

Расказвае, што напачатку ёй было даволі нялёгка. Прыняла дванаццаць падапечных, якія пражывалі ў розных вёсках і на хутарах. Асабліва цяжка прыходзілася зімою, калі замятала дарогі. А дабіралася да асобных пешшу за пяць кіламетраў з сумкай у руках. Паступова ўцягнулася і не шкадуе, што выбрала гэтую работу, якая і сапраўды патрабуе зусім іншага падыходу. Сацыяльны работнік працуе не ад званка да званка, а столькі, колькі неабходна, каб работа была зроблена.

– Цяпер лягчэй, летам на веласіпедзе езджу, – працягвае гутарку жанчына. – Ды і абслугоўваю зараз людзей у дзвюх вёсках – Жукавым Барку і Аталезі. Да некаторых заходжу два разы на тыдзень, а да іншых – і кожны дзень. Ёсць на маім участку і ляжачая жанчына, дык і два разы на дзень да яе  наведваюся. Астатнія практычна ўсе на нагах. Дапамагаю ім зрабіць тое, што папросяць. Прадукты прынясу, абед згатую, у хаце прыбяру, бульбу пасаджу і іншую работу выканаю. І ўсё бягом, бо трэба да ўсіх паспець. Аднак, калі трэба, то і затрымаюся.

Людмілу Уладзіміраўну паважаюць дзеці пажылых людзей, якіх яна даглядае. З імі сацыяльны работнік заўсёды падтрымлівае сувязь. Аднак сацыяльная работа – гэта не толькі добрыя справы, радасць падапечных, а і боль, калі пажылыя людзі завяршаюць свой зямны шлях і нічым дапамагчы ім ужо немагчыма. І такое прыйшлося перажываць Людміле Уладзіміраўне неаднойчы, бо за дзесяцігоддзі працы сацыяльным работнікам яна стала для сваіх падапечных сапраўдным членам сям’і. 

Людміла Гамза ўжо на пенсіі, але працуе.

– Я прывыкла і не ўяўляю сябе без гэтай работы, – тлумачыць жанчына, – ды і падзарабіць грошай не пашкодзіць, бо дачцэ трэба дапамагчы жыллё пабудаваць. І ўнучак сваіх люблю пабалаваць салодкімі прысмакамі.

У Людмілы Гамза два сыны: адзін працуе на цагельным заводзе, другі – разам з мужам у мясцовым сельгаставарыстве. Трымае сям’я на ўласным падворку хатнюю жывёлу.

– Усё ў мяне добра складваецца, – сказала на развітанне Людміла Уладзіміраўна. – Толькі вось хочацца, каб жыла наша вёсачка і прырастала насельніцтвам не толькі за кошт дачнікаў. Каб прыязджалі да нас на пастаяннае месца жыхарства маладыя сем’і, а наваколле поўнілася дзіцячымі галасамі.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

НОВЫ СВЕРЖАНЬ КЛАНЯЕЦЦА ВЕТЭРАНАМ

На тэрыторыі Навасвержанскага сельсавета пражываюць пяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і шэсць былых вязняў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў. Кожнага з іх  з нагоды 70-годдзя Перамогі дома ўшаноўвала вялікая дэлегацыя – прадстаўнікі сельвыканкама, лесазавода і райаграсэрвіса, дзе ў свой час працавалі ўдзельнікі вайны і вязні, работнікі мясцовага Цэнтра культуры, школьнікі. І гэта, між іншым, яшчэ не поўны пералік…   

Ініцыятыву павіншаваць навасвержанскіх ветэранаў вайны з ахвотай падтрымала і гаспадыня тутэйшай аграсядзібы «Млын». Кожнаму з баявой ветэранскай «пяцёркі» – Мікалаю Сцяпанавічу Багданкевічу, Анатолю Андрэевічу Дзягелю, Аркадзю Іосіфавічу Хвалею, Уладзіміру Аляксандравічу Гаўрыловічу, Вользе Мікалаеўне Аўдзеенка – гаспадыня аграсядзібы Ала Гальперына падрыхтавала падарунак і асабіста ўручыла яго. Сустрэчы аздобілі хвалюючыя ўспаміны: Ала Гальперына (у дзявоцтве – Гоцкая) сама вырасла сярод новасвяржан, калісьці яе бацькі-педагогі вучылі мясцовую дзетвару… Будучы самадастатковай жанчынай і маці, ёй захацелася зрабіць што-небудзь прыемнае для знаёмых і дарагіх ветэранаў-аднавяскоўцаў. Спачатку была ідэя запрасіць іх у госці, у аграсядзібу «Млын», ды шаноўны ўзрост гэтых людзей і звязаны з ім стан здароўя абмяжоўваюць усе варыянты віншавання да самага простага – у звычайных дамашніх умовах…

Падчас наведвання ветэранаў старшыня Навасвержанскага сельвыканкама Анатоль Богдан уручыў ім віншаванні-трохкутнікі ад Прэзідэнта краіны і віншавальныя паштоўкі ад старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Мастацкі дуэт у складзе Алы Янскай і баяніста Мікалая Шырана расчуліў усіх любімымі і незабыўнымі ваеннымі песнямі. А, напрыклад, калі віншавалі былога вязня Станіслава Вікенцьевіча Мішука, быў прыгожы танец у выкананні школьнікаў. І для кожнага былога вязня – Клары Зосімаўны Кубаравай, Ганны Антонаўны Партупеевай, Марыі Данілаўны Сазуравай, Вольгі Платонаўны Коўзун, Марыі Філімонаўны Кавалёвай – знайшліся адметныя нумары. Яшчэ не так даўно сярод іх была і 89-гадовая Кацярына Якаўлеўна Тарасевіч.  Яна атрымала юбілейны медаль, а вось да Дня Перамогі, на вялікі жаль, не дажыла…                  

Мерапрыемствы, прысвечаныя Вялікай Перамозе, прайшлі і ў Навасвержанскай школе. З запрошаных ветэранаў удзел у іх змог прыняць адзін Анатоль Дзягель, а ўвогуле ў кожнага класа ёсць свой, «падапечны», ветэран вайны, якога дзеці не забываюць наведваць, дапамагаюць яму і дораць кветкі.

Анатоль Дзягель – адзін з нямногіх ветэранаў, якія згадзіліся паўдзельнічаць 8-га мая ў святочным мерапрыемстве ў Старасвержанскім Цэнтры культуры. Назаўтра ён падзяліўся, што ноччу не мог заснуць – такімі моцнымі былі ўражанні ад сустрэчы з кіраўніцтвам раёна, канцэртнай праграмы… Бог даў Анатолю Дзягелю і Мікалаю Багданкевічу сілы, каб пабываць і выступіць на мітынгу, арганізаваным сельвыканкамам, каля помніка загінуўшым землякам, і, акрамя таго, адгукнуцца на прапанову сельвыканкама і ўпрыгожыць самую галоўную, хаця і нешматлікую, калону – ветэранскую – на раённым мітынгу на плошчы Бессмяротнасці ў Дзень Перамогі…

Нельга не сказаць і пра яшчэ адзін візіт святочнай дэлегацыі – да Уладзіміра Глуховіча, якога ў апошнія гады дачка забрала са Старога Свержаня да сябе ў Стоўбцы. Як адзначыла старшыня прафкама Навасвержанскага лесазавода Станіслава Пархімовіч, шаноўны ветэран вайны прысвяціў лесазаводу ўсё сваё працоўнае жыццё. Яму, які любіць пагаварыць і рады кожнай новай сустрэчы, пажадалі «100 лят». І – вельмі дарэчы. Дасць Бог, на пачатку наступнага года Уладзімір Глуховіч адзначыць свой 100-гадовы юбілей!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

***

«Малады фронт» – арганізацыя, апетая польскімі «праваабаронцамі» і прыгрэтая чэшскімі спонсарамі, існуе за кошт «расходнага матэрыялу» ў выглядзе сацыяльна няўстойлівых слаёў падрастаючага пакалення. Гэтая празаходняя групоўка прамышляе тым, што ва ўсіх цывілізаваных краінах лічыцца дзеяннем, якое крымінальна караецца – крадзяжом дзяцей, а дакладней іх не зусім сфарміраваных перакананняў, прыярытэтаў і мэтаў у жыцці. Непаўналетнія, якія трапляюць пад уплыў разбуральных установак «ідэолагаў» МФ, становяцца замкнутымі, агрэсіўнымі, ачмуранымі нацыяналістычнымі ідэаламі аб «чыстай расе» ў духу Адольфа Гітлера. (Цалкам гэтую заметку пад назвай «МАЛАДЫ ФРОНТ»? БЕРАЖЫЦЕ ДЗЯЦЕЙможна прачытаць на 5-й старонцы газеты “Прамень”).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *