Апавяшчальнік

Нумары РАНС інфармуе

АДЧУВАЦЬ СЯБЕ СУПЕРГЕРОЯМІ

Пажарная аварыйна-выратавальная часць № 1 г. Стоўбцы чарговы раз сустракала гасцей – удзельнікаў раённых спаборніцтваў па пажарна-выратавальным спорце.

Дзяўчаты і хлопцы прыехалі з розных школ раёна і з нецярпеннем чакалі пачатку спаборніцтваў. Многія з іх упершыню атрымалі магчымасць паспытаць на сабе «спартыўнае» жыццё выратавальнікаў. Акрамя традыцыйнай 100-метровай паласы з перашкодамі і пад’ёму па штурмавой лесвіцы, ім было прапанавана пераадолець і псіхалагічную паласу.  

І вось – пастраенне, жараб’ёўка і – «на старт!.. увага!.. марш!..» Каманды рынуліся за перамогай.

– Барацьба развярнулася не на жарт – кожны хацеў быць самым хуткім і спрытным, – зазначае інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей. – Адзін за другім змяняліся спартыўныя снарады, а жаданне перамагчы ўсё расло, узмацнялася. Ва ўмовах такой зацятай барацьбы розніца ў часе паміж камандамі разыходзілася на долі секунды. А перамогу святкавалі прадстаўнікі СШ № 3, Коласаўскай СШ і СШ № 2 (першае, другое і трэцяе месцы адпаведна).

Нельга не паверыць у тое, што гэтыя вучні, як сапраўдныя супергероі, здольны справіцца з любой надзвычайнай сітуацыяй.

 

НАВІДАВОКУ – ВЫРАТАВАЛЬНІКІ

На Стаўбцоўшчыне прайшоў адзіны Дзень прафілактыкі, удзел у якім узялі прадстаўнікі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Лапановіч і Уладзімір Янчык.

Як расказалі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, адно са значных  мерапрыемстваў у рамках адзінага Дня прафілактыкі адбылося ў дзяржаўнай установе «Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат» у вёсцы Куль. Яе дырэктар Юрый Каласоўскі правёў для гасцей грунтоўную экскурсію. Адбылося знаёмства з пажарнай бяспекай аб’екта, праверка ведаў медыцынскага персаналу падчас дзеянняў у экстранных сітуацыях. Затым выступіў першы намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Лапановіч, які прывёў канкрэтныя прыклады пажараў і гібелі людзей на іх, акцэнтаваўшы ўвагу на фактах гібелі дзяцей на пажарах. Расказ суправаджаўся прэзентацыяй і дэманстрацыяй відэафільмаў, пасля чаго была праверана сігналізацыя ў будынках установы. Эвакуацыя прайшла ў планавым рэжыме, у тым ліку з вынасам з будынка цяжка хворых пастаяльцаў. Персанал дзейнічаў зладжана і дакладна. Падчас паказальных вучэнняў з вогнетушыцелем жаночая частка калектыву справілася з сапраўдным агнём менш чым за палову мінуты.       

У гэты ж дзень у аграгарадку Дзераўная прайшоў сельскі сход, удзел у якім бралі таксама намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака, супрацоўнікі райаддзела міліцыі, члены аглядавай камісіі і старасты вёсак. Акрамя абмеркавання тэмы пажарнай бяспекі, прысутных парадавалі творчымі нумарамі школьнікі, за выкананне якіх начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын уручыў салодкія прызы. Усіх чакаў на вуліцы пажарны аўтамабіль, з дапамогай якога былі паказаны магчымасці тушэння з розных ствалоў, вадой і пенай, а таксама прадэманстравана работа гідраўлічнага інструмента.

У пярэдадзень Дня Перамогі ў актавай зале раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прайшла сустрэча супрацоўнікаў са старшынёй раённага савета ветэранаў вайны і працы Іосіфам Язвінскім. Цёплую сустрэчу, тэму якой можна лаканічна сфармуляваць  – «Каб помнілі!»,  аздобіў відэафільм «Баграціён».

 

УБАЧАНА ВАЧЫМА ДЗЯЦЕЙ

У раённым Доме культуры горада Узда прайшло падвядзенне вынікаў абласнога этапу агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Выратавальнікі вачыма дзяцей». Больш за 500 работ вучняў устаноў адукацыі Мінскай вобласці было прадстаўлена ў намінацыях «Плакат», «Выраб», «Малюнак», «Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі», «Малая архітэктурная форма», «Казка», «Апавяданне», «Верш».

Пад гукі фанфараў рабяты атрымлівалі заслужаныя ўзнагароды. Сярод пераможцаў конкурсу – і вучаніца 6 класа Дзераўнянскай сярэдняй школы Ульяна Аскальдовіч, якая адзначана дыпломам І ступені за плакат «На тонкім лёдзе не месца дзіцячым гульням».

Вучні гімназіі № 1 г. Стоўбцы прадстаўлялі Стаўбцоўшчыну на занальным этапе фестывалю-конкурсу «Таленавітая моладзь таленавітая ва ўсім!». Яны дастойна вытрымалі выпрабаванні, што адзначылі члены журы.

Пр

 

З АДЗНАКАЙ «ДРЭННА»

Работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях з пачатку 2015 года завершаны тры планавыя і столькі ж кантрольных праверак арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Пры правядзенні планавай праверкі ДУА «Гімназія № 1 г. Стоўбцы» выяўлена шэсць парушэнняў нормаў і правілаў пажарнай бяспекі. Так, падключэнне халадзільніка ў буфеце выканана пры дапамозе часовай электрычнай сеткі (падаўжальнікаў), у складскіх памяшканнях злучэнні жыл электрычных правадоў зроблены пры дапамозе скрутак. Пры гэтым варта заўважыць, што менавіта парушэнне правіл устройвання і эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання з’яўляецца адной з найбольш распаўсюджаных прычын узнікнення пажару.

Былі правераны і дзве іншыя школы горада. У ДУА «СШ № 2 г. Стоўбцы» прапанаваны для ўхілення пяць мерапрыемстваў,  у ДУА «СШ № 3 г. Стоўбцы» не ў поўнай меры забяспечваецца супрацьпажарны рэжым: пад лесвічнымі клеткамі дапускаецца складзіраванне гаручых матэрыялаў, скруткі – пры злучэнні жыл электрычных правадоў.

На жаль, не ўсімі суб’ектамі гаспадарання своечасова выконваюцца супрацьпажарныя мерапрыемствы, прадугледжаныя прадпісаннямі органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду. Пазапланавая праверка ПВГУП «Фэнсі Вок» паказала, што ступень выканання гэтых мерапрыемстваў склала толькі 36 працэнтаў. Да прыкладу, забяспечанасць аб’екта пярвічнымі сродкамі пажаратушэння не перавышае 10 працэнтаў. Выяўлены шэраг парушэнняў па электрабяспецы. Унесена пяць патрабаванняў аб забароне эксплуатацыі асобных участкаў электрычнай праводкі і цеплагенерыруючых апаратаў.       

Правераны і будаўнічыя арганізацыі раёна – ДУП «ПМК-233 і філіял «Стаўбцоўскае РБУ» ААТ «Універсалрамбуд». На будаўніцтве шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Міру ў Стоўбцах і блочна-модульнай кацельні на мясцовых відах паліва ў Новай Вёсцы (аб’екты, дзе гэтыя арганізацыі выступаюць генеральнымі падрадчыкамі) не абсталяваны пажарны шчыт, адсутнічае нарматыўная колькасць пярвічных сродкаў пажаратушэння. У адносінах да ПМК-233 унесены два патрабаванні аб забароне эксплуатацыі электрычных свяцільнікаў, не абсталяваных шклянымі каўпакамі, і электрычных правадоў з пашкоджанай ізаляцыяй. На аб’екце РБУ працавалі спецыялісты-зваршчыкі без пасведчанняў і талонаў аб праходжанні пажарна-тэхнічнага мінімуму.

Па ўсіх фактах выяўленых парушэнняў кіраўнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях  

 

ТУШЫЦЬ ВАДОЙ АБО ПЯСКОМ

Правільныя дзеянні пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі адыгрываюць першачарговую ролю. І марудзіць тут нельга – рашэнні прымаюцца за лічаныя мінуты. Несумненна, што ліквідацыя маштабнага пажару – гэта справа прафесіяналаў, а вось з невялікім загараннем на пачатковай стадыі можна справіцца самастойна. Але для таго, каб вашы спробы ўвянчаліся поспехам, неабходна дакладна разумець, як і чым трэба тушыць.

Першае – гэта вада, найбольш распаўсюджаны і ўніверсальны сродак. Разам з тым, ваду ні ў якім разе нельга прымяняць для тушэння электраправодкі або бытавых прыбораў, якія знаходзяцца пад напружаннем. Акрамя таго, ёсць рэчывы, якія па ўдзельнай вазе лягчэйшыя за ваду, у выніку чаго яны проста ўсплываюць на паверхню і працягваюць гарэць. Да іх адносяцца: нафта, бензін, газа, мазут, ацэтон, фарба, масла і іншыя лёгказагаральныя рэчывы. І нельга забываць, што з некаторымі рэчывамі вада ўступае ў хімічную рэакцыю. Напрыклад, пры ўзаемадзеянні з каліем, натрыем або кальцыем імгненна ўспыхвае кісларод, з карбідам – выдзяляецца выбухованебяспечны газ, з непагашанай вапнай – значна павышаецца тэмпература.

У выпадку, калі вада не памочнік, на выручку прыходзіць пясок або зямля. Тушаць імі, як правіла, невялікія ачагі гарэння, у тым ліку электраабсталяванне і гаручыя вадкасці. Дарэчы, калі ўспыхваюць лёгказагаральныя вадкасці, то пясок або зямлю лепш раскласці па знешнім краі зоны, якая гарыць, акружаючы яе і ствараючы бар’ер далейшаму расцяканню вадкасці. Затым слой пяску або зямлі трэба насыпаць на паверхню, каб ён увабраў рэчыва.

Наступны даступны варыянт тушэння – кашма (кавалак лямцу) або іншыя шчыльныя тканіны, цяжкія ваўняныя коўдры, паліто, змочаныя вадой. Гэты метад дастаткова эфектыўны, таму што перапыняе доступ кіслароду і не дае полымю разгуляцца, але толькі на невялікіх участках. І запомніце – для тушэння не падыходзіць сінтэтыка! Штучная тканіна лёгка плавіцца і разбураецца пад дзеяннем агню. Да таго ж, яна выдзяляе таксічныя газы і можа нечакана ўспыхнуць.

І, нарэшце, самы практычны і надзейны сродак – вогнетушыцель. У наяўнасці яны павінны быць на прадпрыемствах, грамадскіх пабудовах, у офісах і транспарце,  аднак, на «ўсякі пажарны», рэкамендуем мець яго і дома. Карыстацца сучасным вогнетушыцелем нескладана. Неабходна ўзяць яго ў рукі, сарваць пломбу, выцягнуць чэку, нажаць на рычаг і накіраваць струмень рэчыва ў бок загарання.

Не пераацэньвайце свае магчымасці, калі не ўдалося справіцца з ачагом загарання самім за кароткі час. Выклікайце пажарных па тэлефоне 101 і чакайце іх там, дзе вам нічога не пагражае.

(Паводле матэрыялаў, дадзеных раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях)



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *