Натхненне на творчую працу

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

21-22 мая адбыўся VІІ з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У форуме прынялі ўдзел два дэлегаты ад нашага раёна – старшыня аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шапецька і старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч. Працоўная раніца ў панядзелак у іх была асветлена ўражаннямі ад з’езда, аб чым расказвае ў інтэрв’ю нашай газеце Галіна Шапецька.

– Галіна Аляксандраўна, якое самае яркае ўражанне ад з’езда?

Зразумела, выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Паўтарагадзіннае выступленне кіраўніка краіны ў Рэспубліканскім Палацы прафсаюзаў было ўспрынята з вялікай цікавасцю, таму што мы адчувалі падтрымку курсу Федэрацыі прафсаюзаў Прэзідэнтам. Кіраўнік краіны адзначыў, што прафсаюзы з’яўляюцца адной з асноўных апор грамадства. Была падтрымана пазіцыя Федэрацыі прафсаюзаў адносна перагляду некаторых момантаў Пастановы Савета міністраў № 569, у прыватнасці па выпісцы бальнічных лістоў для маладых спецыялістаў. Наогул, Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што ў аснове дзейнасці прафсаюзаў павінны быць чалавечнасць, увага да кожнага, уменне працягнуць руку дапамогі ў любой жыццёвай сітуацыі. Прыярытэтам павінен з’яўляцца клопат аб сем’ях, асабліва тых, дзе ёсць дзеці, і аб адзінокіх пажылых людзях. Перад кіраўнікамі прадпрыемстваў ставіцца задача ўзяць клопат аб сваіх ветэранах працы. Прафсаюзы зарыентаваны на цеснае супрацоўніцтва са службай занятасці ў падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы кадраў. Прэзідэнт краіны зрабіў асаблівы акцэнт на тым, што пры сітуацыі скарачэння кадраў кіраўнікі павінны паклапаціцца, каб чалавек не застаўся на вуліцы, дапамагчы яму з працаўладкаваннем. Барацьба з п’янствам, умацаванне працоўнай дысцыпліны – таксама важныя пытанні дня. Сярод задач акрэслена і такая – да сярэдзіны наступнага года стварыць прафсаюзныя арганізацыі на ўсіх прадпрыемствах, у тым ліку і недзяржаўнай формы ўласнасці.

Форум аб’яднаў звыш паўтары тысячы дэлегатаў – лідараў прафарганізацый усіх узроўняў, а таксама кіраўнікоў прафарганізацый краін блізкага і далёкага замежжа. У справаздачным дакладзе старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орды былі ўзняты праблемы і надзённыя пытанні, якія патрабуюць вырашэння ў бліжэйшы час. З’езд зацвердзіў асноўныя праграмныя накірункі дзейнасці, стратэгіі і тактыкі членскіх арганізацый па адстойванні і абароне працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюзаў.

– Акрамя пленарнага пасяджэння, якімі яшчэ падзеямі быў напоўнены форум?

–  Дэлегаты з’езда ўсклалі вянкі і кветкі да падножжа Кургана Славы. Дарэчы, напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі, у ходзе аб’яўленай рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Памятаем і ганарымся» прафсаюзы ў кароткі тэрмін правялі маштабную акцыю па рэканструкцыі мемарыяла. Курган Славы размешчаны на месцы жорсткіх баёў, у ходзе якіх летам 1944 года была разгромлена ўзятая ў клешчы 105-тысячная групіроўка гітлераўскіх войскаў. Гэтая ваенная падзея ўвайшла ў гісторыю як «Мінскі кацёл». Наведванне мемарыяла пранізвае душу. Гэта адчулі і замежныя госці прафсаюзнага форуму, якія прыбылі на з’езд з многіх краін.

А завяршыўся з’езд фіналам рэспубліканскага маладзёжнага вакальнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі». У складзе фіналістаў на сцэне былі ветурач, запраўшчык газавых балонаў, настаўнікі, хірург, медыцынская сястра… Людзі розных прафесій, якія прадстаўлялі прафсаюзныя арганізацыі. Некаторыя нумары зала вітала стоячы. Усіх аб’яднала радасць, гонар за нашу краіну, якая мае такія таленты. І наогул, з’езд з’явіўся кансалідуючай сілай, каб працаваць ініцыятыўна, творча, з новымі ідэямі і мацаваць стабільнасць нашай краіны.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *