Моладзь Стаўбцоўшчыны

Год моладзі Нумары

image_pdfimage_print

РАЗВЕДЧЫКІ ДВУХТЫСЯЧНЫХ

Зберагчы памяць пра подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў – гэта ідэя была пакладзена ў аснову раённай квест-гульні «Перамозе – 70!», прысвечанай сёлетняму 70-гадоваму юбілею Вялікай Перамогі.

Квест-гульня праходзіла ў Стаўбцоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Удзел у ёй прынялі сем камандаў з ліку вучняў 5-6 класаў устаноў адукацыі раёна. Яна ўяўляла сабою рух па маршруце, на якім размясціліся шэсць стаянак. На кожнай з іх чакала сваё заданне. Удзельнікам давялося пабыць разведчыкамі (месцазнаходжанне стаянак было зашыфравана), медсёстрамі, разгадвальнікамі паслання, а таксама пахадзіць строем і ўспомніць ваенныя песні. У суседняй з цэнтрам творчасці дзіцячай бібліятэцы размясцілася стаянка «Эрудыт». «Дзеці праявілі дапытлівасць, давалі правільныя адказы на пытанні, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, і змаглі па апісанні знайсці кнігу на нашай выстаўцы», – выказала думку кіраўнік стаянкі, бібліятэкар Алена Асаёнак.

З поспехам былі пройдзены ўсе стаянкі, пасля чаго каманды сабраліся ў актавай зале цэнтра творчасці для падвядзення вынікаў. Пакуль журы выбірала пераможцаў, навучэнцы цэнтра творчасці прапанавалі прысутным канцэртную праграму, прысвечаную 70-годдзю Перамогі. Было знаёмства з гісторыяй назваў некаторых стаўбцоўскіх вуліц, якія носяць імёны герояў.

І вось дзеці і дарослыя затойваюць дыханне, бо настаў час віншаваць пераможцаў. Па выніках гульні імі сталі вучні камандаў ДУА «СШ № 2 г. Стоўбцы» (першае месца), ДУА «Гімназія № 1 г. Стоўбцы» і «Коласаўская СШ» (раздзялілі другое месца), ДУА «Заямнаўская СШ» (трэцяе месца). Падзяку за добрыя веды па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і актыўнасць атрымалі каманды Засульскай, Вішнявецкай і Цясноўскай школ.

Варта адзначыць, што форма квест-гульні зацікавіла школьнікаў. Яны з радасцю акунуліся ў пазнавальныя і захапляльныя заданні і адчулі, што гісторыя –  блізкая і хвалюючая.         

Галіна ЖУКАВА, культарганізатар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

 

ІДЗЕ ЛЕТА З «КЛОПАТАМ»

Напярэдадні летняй аздараўленчай кампаніі на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх заслухана актуальнае прафілактычнае пытанне – аб правядзенні на тэрыторыі раёна рэспубліканскай міжведамаснай праграмы «Клопат». Па традыцыі, праграма стартавала з 1-га мая.

– Рашэннем камісіі па справах непаўналетніх зацверджаны план правядзення мерапрыемстваў, прадугледжаных рэспубліканскай міжведамаснай праграмай «Клопат», які ўключае ў сябе аздараўленне і працоўную занятасць падлеткаў у летні перыяд. Мэта праграмы – недапушчэнне ўчынення імі правапарушэнняў і злачынстваў, іх гібелі і траўматызму. Натуральна, што самая пільная ўвага будзе ўдзелена працаўладкаванню непаўналетніх ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, – паведаміла намеснік старшыні камісіі Наталля Хвасько.     

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Міхаіл Азановіч падкрэсліў, што падлеткаў, якія знаходзяцца ў інспекцыі на ўліку, на даны момант 72, але пры гэтым нельга забываць і пра такую дастаткова праблемную групу як навучэнцы каледжаў і ліцэяў. Менавіта яны, зыходзячы з леташняга вопыту, «забяспечылі» ў летні перыяд рост правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх раёна.

– Важна праявіць не фармальны, а зацікаўлены падыход да лёсу кожнага падлетка, – падкрэсліў старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель.

Аб тым, што можна прапанаваць сёлета школьнікам для аздараўлення, а таксама летняй занятасці, расказала галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Яўгенія Слесарчык:

– Запрашае раённы аздараўленчы лагер «Нёман», які гатовы прымаць дзяцей на працягу чатырох змен. На яго базе будуць працаваць шэсць профільных аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем. Аналагічныя лагеры з кругласутачным знаходжаннем дзяцей будуць працаваць і на базе трох школ – Горкаўскай, Засульскай і Акінчыцкага ВПК дзіцячы сад – пачатковая школа. Традыцыйна карыстаюцца папулярнасцю ў вучняў лагеры працы і адпачынку, дзе яны могуць зарабіць грошы ў перыяд уборкі ўраджаю. Сёлета такія лагеры будуць дзейнічаць  у ААТ «Дзераўное», ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Радзіма Дзяржынскага», ААТ «Агранёманскі», прычым у «Агранёманскім» запланаваны два лагеры, адзін з іх будзе кругласутачным. Усяго плануецца ахапіць лагерамі з кругласутачным і дзённым знаходжаннем  каля дзвюх тысяч дзяцей, у тым ліку і тых, якія знаходзяцца на ўнутрышкольным уліку і на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, або становішча якіх у сям’і прызнана сацыяльна небяспечным. Акрамя таго, падзарабіць школьнікі змогуць і ў працоўных брыгадах, створаных для рамонту школ.

Раённы камітэт БРСМ атрымаў заданне сфарміраваць максімальна магчымую колькасць студэнцкіх, сельскагаспадарчых і іншых атрадаў, каб задаволіць усіх, хто пажадае працаўладкавацца. Акрэслены задачы і для дзяржаўнай службы занятасці ў плане індывідуальнага працаўладкавання школьнікаў у летні перыяд. Канешне, у гэтым годзе ў сувязі з дэкрэтам аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства рынак працы прыкметна звузіўся, ды і лічаным прадпрыемствам запатрабаваны кадры без прафесійнай падрыхтоўкі, якімі з’яўляюцца школьнікі, аднак магчымасці будуць адшуквацца. І, у першую чаргу, шляхам прамых кантактаў з кіраўнікамі прадпрыемстваў. Калі першы летні месяц больш-менш заняты (здача экзаменаў, тэсціраванне, паступленне), то асаблівая нагрузка ў плане працаўладкавання школьнікаў прыпадае на два наступныя летнія месяцы – ліпень і жнівень. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ    

 

НАШ АПОШНІ ЗВАНОК

Школьныя гады – гэта самыя светлыя і бесклапотныя імгненні ў жыцці кожнага чалавека. Гэты час заўсёды напоўнены вясёлымі святамі.

І вось зусім хутка нас чакае   апошні  званок, які прагучыць для нас – выпускнікоў ДУА «Старасвержанская сярэдняя школа». Званок абвесціць пра тое,  што прыйшла пара назаўсёды развітацца з бесклапотным дзяцінствам…

Адзінаццаць гадоў мы пратоптвалі свае сцяжынкі на школьным двары.  Адзінаццаць гадоў запаўнялі дзённікі раскладамі заняткаў. Адзінаццаць гадоў збіралі шчодры ўраджай ведаў.  І толькі цяпер, напярэдадні цудоўнага і такога хвалюючага  школьнага свята,  нам раптам стала зразумела, што мы пераступілі мяжу, якая аддзяляе нас ад дзяцінства, і трапілі на тэрыторыю, дзе пачынаецца самастойнае жыццё. Тут, на гэтай тэрыторыі, мы, нарэшце, зразумелі і строгасць нашых любімых настаўнікаў, і іх выхаваўчыя размовы, і іх настойлівыя заўвагі. Бо ўсё гэта – вынік адданай душэўнай працы настаўнікаў, мэта якой – выхаванне чалавека. За гэтую працу, за гэтае імкненне – нізкі паклон нашым дарагім настаўнікам Старасвержанскай сярэдняй школы!

Мы гаворым  дзякуй тым, хто шмат гадоў вёў нас па цудоўнай краіне Ведаў, хто кожны дзень  з году ў год дапамагаў нам расці і станавіцца разумнымі, добрымі, сумленнымі, хто  перажываў разам з намі радасці і нягоды, радаваўся нашым перамогам і перажываў  нашы  паражэнні. Вялікі  дзякуй Вам, паважаная Ніна Іванаўна, дарагі наш дырэктар! Вялікі дзякуй Вам, нашы  любімыя  настаўнікі!  Вялікі дзякуй усім працаўнікам нашай установы адукацыі!

Праз некаторы час кожны з нас пойдзе сваёй дарогай па жыцці, кожны выбера свой лёс,  але кожны захавае ў самым патаемным куточку свайго сэрца ўспаміны пра школу і школьных настаўнікаў, таму што самае добрае, светлае, чыстае пачынаецца са школы.

Вучні 11 класа ДУА «Старасвержанская СШ»

 

У КНІГІ НЯМА КАНІКУЛАЎ

Урачыстай лінейкай адкрыўся ў нашай школе Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі «Добрым кнігам – добры дзень».

Конкурс малюнкаў, ілюстрацый, вырабаў «Мой любімы казачны герой» яшчэ раз пацвердзіў, што вучні пачатковых класаў любяць чытаць казкі. Агляд перыядычнага друку, конкурс крыжаванак, загадак, аўкцыён ведаў «Кніжка-падказка – мудрасці  вязка», прэзентацыя кніжнай выставы «У кнігі няма канікулаў», экскурсія ў сельскую бібліятэку, агляд літаратуры «З любоўю да роднага краю», гумарыстычная віктарына, конкурс чытальнікаў «Таленты-прыхільнікі» – усе мерапрыемствы ў нашай школе дапамаглі стварыць атмасферу цеплыні, любові да кнігі, да ведаў.

Хутка пачнуцца летнія канікулы з аздараўленнем дзяцей у школьных лагерах. Мы гатовы прапанаваць вучням розных узростаў цікавыя кнігі, якія павысяць іх эрудыцыю, дапамогуць выхаваць лепшыя якасці. Зацікаўлены дапамагчы вучням прачытаць праграмную літаратуру да новага навучальнага года. На летні аздараўленчы перыяд разам з настаўнікамі спланаваны цікавыя мерапрыемствы.

Ванда ДАЎГАПОЛ, бібліятэкар Дзераўнянскай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *