Прыдалося і старое паліто

Захапленні Нумары

image_pdfimage_print

У пажылых людзей, якія выходзяць на заслужаны адпачынак, як правіла, застаецца незапоўненай тая ніша, якую займала ў іх жыцці работа. Таму кожны імкнецца знайсці сабе занятак для душы. Для Тамары Гарановіч са Старога Свержаня своеасаблівай аддушынай стала вышыванне крыжыкам.

Гэтым хобі Тамара Іванаўна паспрабавала займацца яшчэ тады, калі жыла ў Якуціі. Жанчына расказвае, што паехала на Поўнач разам з мужам, які прымаў самы непасрэдны ўдзел у будаўніцтве горных заводаў па здабычы алмазаў. Прайшло ўжо дваццаць два гады, як вярнуліся назад у Беларусь і купілі дом у вёсцы. Той першы яе шэдэўр, як памяць, вісіць навідавоку – на сцяне ў калідоры. І кожны, хто прыходзіць у госці, можа на яго палюбавацца і пачуць цікавую гісторыю яго стварэння.

– Канвы ў мяне не было, а вельмі хацелася вышываць, – расказвае Тамара Іванаўна. – Мы выпісвалі часопіс «Работница и крестьянка», дзе і ўбачыла прыгожыя кветкі. Тады я ўзяла старое драпавае паліто мужа, выразала  роўны кавалак тканіны і нанесла на яго малюнак. Дастала ніткі мулінэ і прынялася за работу.

І атрымалася ў Тамары Іванаўны даволі няблага. Толькі часу займацца вышываннем катастрафічна не хапала, ды і падручны матэрыял цяжка было дастаць. Але жаданне засталося. І ў апошнія гады, калі з’явілася многа свабоднага часу, яно праявілася асабліва. Жанчына выпісвае часопіс «Вышивка для души», адкуль чэрпае эскізы для сваіх работ.

– Падбіраю ніткі не толькі па колеры, а і па адценнях, а калі не знаходжу патрэбных, то аб’ядноўваю два колеры ў адзін, – працягвае гаворку  кабета і вядзе ў пакой, дзе на сцяне развешаны яе вырабы. – Гэта далёка не ўсе, многае падарыла родным, знаёмым, сябрам.  

Матывы яе вышыванак розныя. Сярод іншых вылучаюцца рэпрадукцыі ікон.

Заўважаю на канапе прыгожыя сурвэткі. 

– Таксама маіх рук справа, – ківае галавою жанчына. – Як вязаць кручком, мне паказала маці, але я тады была маладая і не разумела, навошта мне гэта патрэбна. І толькі потым, калі ўжо была замужам, асвоіла рамяство. І сёння  захоўваецца карункавае пакрывала на ложак. І пруткамі многа розных рэчаў звязала. Цяпер гэтым не займаюся, толькі вышываю. А з вясны да восені ў градах. І кветкі перад домам саджу, каб прыгожа было.

Па адукацыі Тамара Іванаўна настаўніца, скончыла Мінскі педагагічны інстытут. Вучыла рабочую моладзь у вячэрняй школе – выкладала гісторыю, геаграфію, грамадазнаўства. І нават бухгалтарскую справу асвоіла. Пастаянна была сярод людзей, у гушчыні ўсіх падзей. І сёння яна не сумуе, бо знайшла занятак для душы. Ёсць жаданне заахвоціць вышываннем дачку і ўнучку. Расце ў бабулі і праўнучка.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *