«Кока-Кола» – знак футбола

Нумары Спорт Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Рэгіянальны фінал рэспубліканскага футбольнага турніру «Кубак Coca-Cola. Уступай у гульню!» прайшоў  у Стоўбцах.

Спаборніцтвы, якія праводзяцца пад эгідай УП «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», вытворцы напіткаў пад сусветна вядомымі таварнымі знакамі, разлічаны на ўдзел у іх школьных камандаў з любога населенага пункта рэспублікі. У адборачных гульнях сёлетняга, чацвёртага па ліку сезона прынялі ўдзел, як падлічылі, каля 40 працэнтаў усіх школ Рэспублікі Беларусь. Каманды фарміраваліся як з хлопцаў 2002–2003 гадоў нараджэння, так і з іх аднагодкаў дзяўчат. Адным словам, кожны падлетак, вядома, пры належных арганізатарскіх адносінах педагогаў, мог уступіць у самую папулярную гульню.

Затым былі і матчы рэгіянальных паўфіналаў, адзін з якіх прымалі Стоўбцы. Права ўдзельнічаць у фінале атрымалі разам з іх равеснікамі каманды вучняў СШ № 3 г. Стоўбцы і вучаніц Шашкоўскай сярэдняй школы.

Дзень правядзення рэгіянальнага фіналу выдаўся цёплым, сонечным. І на стадыёне «Юнацтва» адчувалася сапраўды святочная атмасфера. Значнасць турніру падкрэсліваў удзел у яго адкрыцці і ўзнагароджанні пераможцаў спецыяліста ўпраўлення адукацыі Мінскай вобласці Дзяніса Ратмірава, старшыні абласной федэрацыі футбола Алега Чыкуна, менеджара кампаніі «Кока-Кола» Вольгі Маліноўскай. Арганізатарамі турніру, акрамя гэтай кампаніі, як указана ў прэс-рэлізе, таксама з’яўляюцца Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола», Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Такое высокае прадстаўніцтва падкрэслівае значную дзяржаўную ўвагу развіццю фізічнай культуры і спорту сярод моладзі.

І вось галоўны суддзя спаборніцтваў Сяргей Жук дае свісток на пачатак гульняў. Праз пэўны час першую перамогу святкуе наша каманда – вучні трэцяй гарадской школы, якія з лікам 3:0 адолелі сапернікаў з Фаніпаля. Выходзяць на зялёны газон іншыя калектывы. Мора эмоцый у футбалістаў, іх прыхільнікаў.

Гэта ж не толькі спаборніцтвы, але і свята футбола. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія чакаюць выхаду на поле для чарговай гульні, не сумуюць, бо ім прапануецца прыняць удзел у цікавых конкурсах. Скажам, колькі разоў запар юныя футбалісты могуць падкінуць мяч нагой, галавой, ці змогуць ім жангліраваць. Весела, але і сур’ёзна, бо ўсё гэта элементы футбольнай тэхнікі. Шчаслівыя пераможцы атрымліваюць прызы.

А галоўны прыз – Кубак пераможцы, – на радасць і нашым удзельнікам, і гледачам, дастаецца камандзе СШ № 3 г. Стоўбцы. Нашы юныя футбалісты ў фінале адолелі сапернікаў са Слуцка. У дзяўчат перамога дасталася вучаніцам школы з Мар’інай Горкі.

Увогуле ўсе атрымалі задавальненне ад удзелу ў спаборніцтвах. А наша каманда юных футбалістаў трэцяй гарадской школы рыхтуецца да ўдзелу ў рэспубліканскім фінале, які 1 чэрвеня адбудзецца ў Мінску.

Ф. Бандаровіч

На здымках: моманты гульняў; каманда СШ № 3 г. Стоўбцы – пераможца спаборніцтваў. 

 

НА ПРЫЗЫ АЛІМПІЙЦА

Традыцыйны вясенні крос на прызы майстра спорту міжнароднага класа, удзельніка Алімпійскіх гульняў у Манрэалі Аляксандра Гоцкага і сёлета вызначаўся масавасцю. Шанц праявіць сябе атрымалі як старшакласнікі, так і хлопчыкі і дзяўчынкі сярэдняй і малодшых груп. З пачаткоўцаў і пачнём, указаўшы школы, якія яны прадстаўляюць. Пераможцамі ў першых стартах сталі Даша Нямухіна (Коласаўская СШ) і Глеб Арлоўскі (Заямнаўская СШ), прызёрамі –  Юліяна Апрышка (Заямнаўская СШ), Святлана Стома (Вішнявецкая СШ), Мікіта Ліпніцкі (Цясноўская СШ) і Улад Шастак (Коласаўская СШ).

Асабліва парадавалі Карына Татэвасян (СШ № 3 г. Стоўбцы) і Арцём Рынкевіч (Налібацкая СШ), якія, выступаючы ў малодшай групе, выканалі нарматывы трэцяга дарослага разраду. Першы юнацкі разрад пакарыўся Даніілу Нашчынцу (гімназія № 1).

У сярэдняй і старэйшых групах вынікі, якія адпавядаюць другому даросламу разраду, паказалі Ксенія Гацура (гімназія № 1), Валянцін Бугроў (СШ № 3), Аліна Навіцкая (Заямнаўская СШ), трэцяму разраду – Наталля Прылуцкая (Рочавіцкая СШ) і Дзяніс Дзямянка (СШ № 3). А Аляксей Міронаў з Коласаўскай СШ, пераможца ў забегу старэйшай групы юнакоў, паказаў вынік на ўзроўні першага дарослага разраду.

Зразумела, паважаны алімпіец, цяпер трэнер рэспубліканскай зборнай па лёгкай атлетыцы, быў задаволены. Юныя землякі пры належным старанні могуць спаўна праявіць свае здольнасці ў спорце.

 

ЗАХАПІЛІ ЛІДАРСТВА

Пакуль толькі прыемныя навіны ад выступленняў каманды «Нёман-Агра». Нашы футбалісты ў Нясвіжы разграмілі калектыў гаспадароў поля з лікам 7:2.

У першым тайме, які закончыўся з лікам 3:2, была даволі роўная гульня. А пасля перапынку націску нашых футбалістаў несвіжане не маглі стрымаць. Два мячы на рахунку Аляксандра Палешчука. Прыемна, што на слыху ўжо і новае бамбардзірскае імя. Дзмітрый Даўбейка і Аляксей Рудзянок і цяпер пацвердзілі свой статус выніковых нападаючых. Па мячу ў вароты сапернікаў правялі таксама Арцём Сукала і Дзмітрый Гаўрыловіч. Парадаваліся ўсе і за Аляксандра Мішука – выхаванец ДЮСШ зрабіў свой галявы зачын. Актыўна дзейнічалі і нападаючыя, і паўабаронцы, надзейна стаялі на апошнім рубяжы абарона і варатар. Вось так бы і далей!

Такім чынам «Нёман-Агра» значыцца на першым радку турнірнай табліцы першынства вобласці. На рахунку стаўбчан шэсць ачкоў пры рознасці забітых і прапушчаных мячоў 11-4. Столькі ж ачкоў таксама ў камандаў «Забудова-Буд», якая прадстаўляе пасёлак Чысць Маладзечанскага раёна, і ФК «Старыя Дарогі». Яны размясціліся на другім і трэцім месцах.

Сапернікі вопытныя, як і іншыя каманды, якія могуць яшчэ ўзяць разгон на турнірным шляху. Але ж і нашы, як бачна, маюць настрой на пераможны рытм. Можна спадзявацца, што вопыт спрактыкаваных футбалістаў, запал маладых дапамогуць аднавіць стаўбчанам чэмпіёнскія традыцыі.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *