У квецені яблыневых садоў

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Маёўкі – даўняя традыцыя, а ў нас на Стаўбцоўшчыне, як і ў вобласці, адноўлена яшчэ адна – правядзенне свят вёсак. У мінулую суботу ўсіх гасцінна сустракала Яблынаўка.

Усе вырашылі паказаць сябе як найлепш

Робячы экскурс у гісторыю вёскі, старшыня Заямнаўскага сельвыканкама Уладзімір Гарохавік прыгадаў, што здаўна славілася яна яблыневымі садамі. І цяпер жа самы яркі росквіт прыроды. Але ж прыгажосць варта і наводзіць, і падтрымліваць. Гаспадарам трэба падладзіць фасады дамоў, пафарбаваць платы, траву падкасіць. Гаспадыням не меншы клопат – агледзець агароды, кветнікі. І пачастунак адмысловы прыгатаваць, бо гэта ж такая нагода!

Старшыня сельвыканкама Уладзімір Гарохавік і стараста вёскі Станіслаў Юнцэвіч расказваюць, што загадзя правялі сельскі сход, на якім аднадушна вырашылі: «Усе прымуць удзел у свяце вёскі!» Стараліся, завіхаліся. Як жанчыны пасля жартавалі: «Няхай і ноч не даспалі, але ўсё як трэба прыбралі і смакаты нарыхтавалі». Гасціннасць – адметная і вельмі паважаная рыса беларусаў.

Пачалося свята з вуліцы Савецкай. Блаславіў вяскоўцаў айцец Сергій, настаяцель храма ў Наваколасаве. У выкананні мясцовых жанчын дружна гучыць песня «Деревенька моя». Падпяваюць многія – і вяскоўцы, і госці. Словы і мелодыя вельмі кранальныя, хвалюючыя. Гаспадыні ўжо першых дамоў па гэтай вуліцы пастараліся, каб іх рупнасць была ацэнена. Як маглі, дапамагалі і дзеці. У Вольгі Мікалаеўны Гацура іх чацвёра, старэйшая – у дзясятым класе. Жанчына ж і на рабоце ўвішная, яна, як і суседка Людміла Канстанцінаўна Бандаровіч, працуе прадаўцом. Тамара Васільеўна Зялёнка – культработнік, Ірына Мікалаеўна Язвінская – настаўніца. Самая багатая працоўная біяграфія тут, відаць, у Ядвігі Пятроўны Шчэцька. 15 гадоў працавала яна ў калгасе імя Пушкіна, актыўная жанчына была выбрана старшынёй Слабадскога сельвыканкама і яшчэ 22 гады з’яўлялася паўнамоцным прадстаўніком мясцовай улады. Паважаная жанчына і сёння актыўная, зацікаўленая ва ўсіх добрых справах вёскі.

Між тым, пад гукі аркестра ўсе ідуць далей, спыняюцца, каб агледзець выставы самадзейнай творчасці – вышыванкі, аплікацыі, карункі. Разам з запрашэннем паспытаць мёду ды квасу, каўбаскі ды піражка ствараюць своеасаблівую творчую прэзентацыю сваіх дамоў і вуліц песнямі, вершамі. І музыкай, як цудоўныя дзеткі Віялета і Софія Гарбар, – ігрой на скрыпцы. Гэта было каля дома Казякоўскіх. Надзея Мікалаеўна, як сама гаворыць, вучыць у школе ўжо дзяцей сваіх ранейшых выпускнікоў. Гэта ж радасць – выхаванне падрастаючага пакалення!

Боханы і Грамыкі, Высоцкія і  Камаевы, Юнцэвічы і Зоткіны, Жукі і Барковы, Крышчыкі і Пісарчыкі –  усе дастойна прадстаўлялі сваю дружную, працавітую вёску. 94 дамы, 244 жыхары – такія лічбы дэмаграфічнага пашпарта агучыў старшыня сельвыканкама. Яблынаўка расце, развіваецца, і гэта вельмі важна.

І ўсё ж яшчэ пра адну сям’ю варта сказаць асобна. Яны таксама адметна сябе паказалі. Данута Вікенцьеўна Галавачэнка не адно дзесяцігоддзе працавала настаўніцай. Васіль Нічыпаравіч Галавачэнка знакаміты ў раёне як былы кіраўнік ПМК «Сельспецмантаж». І цяпер на фермах спраўна працуюць халадзільнікі «ад Галавачэнкі». Восем гадоў узначальваў Васіль Нічыпаравіч таксама і мясцовы калгас імя Пушкіна. І цяжка было яму расказваць пра перажытае ў гады вайны. Малалеткам яго разам з роднымі і іншымі жыхарамі палескай вёскі кінулі ў лагер смерці Азарычы… Тое, што ў памяці і на душы, ветэран увасабляе ў вырабах драўлянай скульптуры. Але для гэтага свята ў яго знайшлося і вясёлае – прыгожыя конікі, розныя фігуркі.

На свяце прыгадалі і іншых ветэранаў. Мікалай Канстанцінавіч Акулік таксама прайшоў дарогамі вайны, і ён сярод тых, хто аднаўляў народную гаспадарку – быў старшынёй калгаса імя Пушкіна. Старшынямі гэтай гаспадаркі ў розныя гады з’яўляліся Анатолій Міхайлавіч Крукаў, Іван Міхайлавіч Малахаў, Васіль Аляксеевіч Седзін. Усім, хто змагаўся за мір і свабоду роднай зямлі, мацаваў эканоміку, – павага і пашана. І нязгасная памяць тым, хто аддаў сваё жыццё, паклаў здароўе дзеля нашага яркага, сонечнага мая.

Каля абеліска загінуўшым воінам і партызанам на падрыхтаванай сцэнічнай пляцоўцы дзейства вялося далей. Шчыра вітаў жыхароў вёскі і ўсіх прысутных старшыня раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Горлаў. Юрый Мікалаевіч выказаў вяскоўцам падзяку за іх працу, за тое, што адказна і творча падышлі да арганізацыі свята. «Вельмі прыемна, – адзначыў ён, – што на гэтай зямлі жывуць людзі, неабыякавыя да сваёй зямлі і сваіх традыцый. Такімі адносінамі паказваеце добры прыклад падрастаючаму пакаленню». Старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Р. Казякоўскі свой сярод аднасяльчан. Ён тут працаваў намеснікам кіраўніка калгаса, быў старшынёй Слабадскога сельвыканкама. Аркадзь Расціслававіч таксама выказаў цёплыя словы падзякі землякам за іх рупнасць. За тое, што стараюцца трымаць усюды ўзорны парадак.

З удзелам старшыні Заямнаўскага сельвыканкама У. А. Гарохавіка, дырэктара ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» С. К. Савіцкага прайшла ўрачыстасць віншавання тых, хто шмат зрабіў для развіцця народнай гаспадаркі. Гучалі шчырыя апладысменты ў адрас Зінаіды Уладзіміраўны Казловай, Леаніда Іванавіча Сідорыка, Уладзіміра Мікалаевіча Капусты, Ірыны Іванаўны Новік, Ядвігі Пятроўны Шчэцька, Ніны Андрэеўны Дубатоўка, Мікалая Іванавіча Карповіча, Мікалая Мікалаевіча Лапко. А таксама работнікаў прадпрыемстваў, якія і сёння выдатна працуюць. Як вядзецца, святочнае дзейства было прыгожа аздоблена нумарамі мастацкай самадзейнасці. Свята ўдалося і дзякуючы нашым здатным артыстам, творчым калектывам раённага Цэнтра культуры, Стаўбцоўскай і Коласаўскай школ мастацтваў. Музыка, песні, танцы – на тое яно і свята. А пасля святаў наступаюць працоўныя будні.

СТАРАННАЮ ПРАЦАЮ ЛАДЗЯЦЦА СВЯТЫ

Кожная вёска мае свае адметнасці. Яблынаўка характэрная тым, што фактычна з’яўляецца прыгараднай: недалёка райцэнтр і зусім побач буйное прамысловае прадпрыемства – філіял Мінскага маторнага завода. А яшчэ, літаральна кажучы, прамая магістраль на ўсход і захад, паўкіламетра да чыгуначнага прыпынку. Такая вёска, безумоўна, будзе жыць, але наўрад ці задаволіць мясцовых жыхароў перспектыва стаць чарговай «дачнай».

Паўнакроўнае жыццё вёскі найлепш можа забяспечыць мясцовая вытворчасць, дзе работа знойдзецца ўсім, хто можа і хоча працаваць. У Яблынаўцы такім аб’ектам з’яўляецца жывёлагадоўчая ферма.

Просім аб інтэрв’ю дырэктара ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». С. К. Савіцкі на прыкладзе гэтага падраздзялення раскрывае ў агульных рысах і стратэгію ўсяго сельскагаспадарчага прадпрыемства ў галіне жывёлагадоўлі.

З прызначэннем на дырэктарскую пасаду Сяргей Канстанцінавіч вывучыў абстаноўку і вырашыў, як гаворыць жартам, у якім ёсць доля праўды, уводзіць свой НЭП. Трактуючы гэтую класічную абрэвіятуру як навядзенне элементарнага парадку. Па-першае, парадку відавочнага, для чаго ачысцілі памяшканні і тэрыторыю фермы ад гною. Наладзілі сістэму гноевыдалення. Падрыхтавалі памяшканні для маладняку, выгульныя пляцоўкі. Першачарговым крокам стала і строгае захаванне выканальніцкай і тэхналагічнай дысцыпліны. І адпаведна талковая кадравая палітыка.

Правільная селекцыя – тое, без чаго не дабіцца вялікага малака. Трэці год у гаспадарцы вядзецца масавае пакрыццё кароў  семем быкоў канадскай высокапрадукцыйнай пароды. Цялушкі відавочна растуць здаравейшымі, мацнейшымі.

Абавязкі асемянатара на ферме ў Яблынаўцы выконвае Алена Казлова, выпускніца сельгастэхнікума. У яе ветэрынарная адукацыя, і сумяшчэнне работы ветурача і асемянатара правільнае, лічыць дырэктар. З атрыманнем належнага прыплоду яе заробак з матэрыяльным заахвочваннем можа вырасці ўтрая.

Кармоў для жывёлы на сяле не мае толькі гультай – такую  народную выснову нагадвае дырэктар. А самым важным канкрэтным крокам стала ўвядзенне свайго камбікормавага цэха. Жывёле апетытны, збалансаваны па пажыўных элементах ласунак спадабаўся. Ён ахвотна з’ядаецца. Прыкметна выраслі надоі дойнага статка, прыбаўленні ў вазе маладняку. Якраз на Яблынаўскай ферме дабіваецца кілаграмовых прываг Тамара Ігнацьева. «Галоўнае – эканоміка, – падагульняе размову С. К. Савіцкі. – Неабходна давесці рэнтабельнасць малака да 50 працэнтаў. Тады будзе толк».

У ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» моцная вытворчая база. У Заямным, а таксама ў Ячным, дзе рабочыя працэсы на жывёлагадоўчай ферме вядуцца з дапамогай робатаў. Памяшканні МТФ у Яблынаўцы далёка не новыя, але і тут дзякуючы ўмеламу гаспадаранню дабіваюцца поспехаў. Брыгадзір фермы Жанна Яўгенаўна Трацяк знаёміць з паказчыкамі. Прыемная размова, калі ўсе ідуць з плюсамі – прыбаўкай да мінулагодніх паказчыкаў. «Усё складваецца паводле графіка, да канца года выйдзем на рубеж шэсць тысяч кілаграмаў малака на карову», – упэўнена брыгадзір фермы.

Работа работай, а ўсе пад  уражаннем свята вёскі, аб якім добрыя згадкі будуць доўга. Жанна Трацяк, Ірына Карповіч, Галіна Хаджумян – суседкі. Яны ўсе разам з Чаславай Грыцун і Тамарай Ігнацьевай задаволена пазіруюць фотакарэспандэнту. А маладзейшую, «доктарку» Алену Казлову, упрыгожыў яшчэ і букецік сабраных ландышаў. І на клумбах, што дзяўчаты разбілі каля малочнай, хутка будзе яркая квецень. Лета красуе!

Фёдар Бандаровіч

Фота Васіля Зянько



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *