На Стаўбцоўшчыне

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

РЭКОРД ПАБІЎ «ШАШЛЫК ДЛЯ ГУРМАНА»

Філіял «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» правёў чарговую выстаўку-дэгустацыю сваіх новых відаў прадукцыі.

Выстаўка-дэгустацыя на гэты раз праходзіла па вуліцы Гагарына, ля фірменнага магазіна «Мясныя прысмакі». «Месца вельмі зручнае: побач праходзяць аўтадарога Пяршай – Івянец – Нясвіж і аўтамагістраль, па якой людзі едуць на дачу, на адпачынак на прыроду. А без запасу нашай прадукцыі гэтую паездку ўявіць немагчыма», – адзначаюць гаспадыні вулічнага дэгустацыйнага павільёна – начальнік аддзела збыту Валянціна Бурдзейка, галоўны тэхнолаг Людміла Бойка і таваравед аддзела збыту Галіна Тарарай (на здымку злева направа). Яны усмешкай вітаюць сваіх наведвальнікаў – жыхароў нашага горада і людзей праезджых.         

На вялікіх талерках – нарэзаныя кавалачкі апетытнага і яшчэ гарачага шашлыку «Вечарынка» ў марынадзе, «Шашлыку для гурмана», «Люля-кебабу ўсходняга», далікатэсу «Лакомый кусочек», арыгінальнай рулькі свіной без касці і т. п. Усё гэта навінкі вытворчасці, якія карыстаюцца вялікім попытам у наведвальнікаў выстаўкі-дэгустацыі. Пра тэхналогію прыгатавання кожнай з іх спецыялісты гатовы даць самыя падрабязныя тлумачэнні. Найбольшую цікавасць у  патэнцыяльных пакупнікоў выклікае тое, што бярэцца ахалоджанае, а не замарожанае мяса, для прыгатавання марынаду і расолу прымяняюцца натуральныя спецыі і т. п.

Адышоўшы ад дэгустацыйнага століка, многія кіравалі прама ў магазін – набыць навінкі. Тым больш, усе гэтыя шашлыкі і люля-кебабы мясакамбінат упакоўвае вельмі зручна – у пластыкавыя вядзерцы, кантэйнеры, латочкі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

 

І СТАЎБЦОЎСКІ МЁД

Сваю прадукцыю Стаўбцоўскі доследны лясгас прадстаўляў на міжнароднай выстаўцы «Лесдрэўтэх», што праходзіла 20-22 мая ў сталічным выставачным цэнтры па вуліцы Янкі Купалы.

– У лясгаса было сваё экспазіцыйнае месца, – расказаў пра ўдзел у прэстыжнай выстаўцы намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа. – На гэты раз намі была прадстаўлена гатовая прадукцыя, вырабленая на вытворча-майстарскім участку «Акінчыцы», асартымент драўнінна-куставых парод, а таксама прадукты пабочнага карыстання ўласнай вытворчасці, такія як мёд, лазневыя венікі, колатыя дровы.

Удзел у падобных выстаўках дае магчымасць знаходзіць новых спажыўцоў і партнёраў, прадаваць прадукцыю і наладжваць шляхі супрацоўніцтва.     

 

ДЛЯ МАЛАДЫХ СПЕЦЫЯЛІСТАЎ

На пяты Мінскі абласны форум маладых спецыялістаў аграпрамысловага комплексу, які праходзіў у Смалявіцкім раёне, былі дэлегаваны ад нашага раёна тры спецыялісты – галоўны інжынер ААТ «Жацерава» Дзяніс Скачко, галоўны аграном ААТ «Шашкі» Святлана Талстая і бухгалтар ААТ «Рочавічы» Хрысціна Місюкевіч. У першы дзень удзельнікі форуму  здзейснілі дзве экскурсіі – на мемарыяльныя комплексы «Курган Славы» і «Хатынь». Вечарам для маладых людзей была арганізавана культурна-забаўляльная праграма. Другі дзень, згодна з праграмай, быў больш афіцыйным. Адкрылі мерапрыемства старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў і старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Някрэвіч.

Адказныя работнікі Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў АПК расказалі маладым людзям аб кадравай палітыцы ў аграпрамысловым комплексе Міншчыны, азнаёмілі з актуальнымі пытаннямі ў заканадаўстве аб працы. Пра псіхалогію дзелавых зносін у прафесійнай дзейнасці правёў гутарку кандыдат псіхалагічных навук.

Напрыканцы работы форуму ўсе яго ўдзельнікі сабраліся за круглым сталом.

Падчас размовы найбольш пераважалі пытанні забеспячэння жыллём і памер заработнай платы. А арганізатараў хвалявала, як затрымаць маладых спецыялістаў на вёсцы.

– Усе засталіся задаволенымі праведзеным мерапрыемствам,  – сказала старшыня райкама работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч. – Маладыя людзі цікава адпачылі і атрымалі зарад бадзёрасці. А таксама абмяняліся думкамі, падзяліліся вопытам.

 

ПА АХОВЕ ПРАЦЫ

На мінулым тыдні ў Ваўкавыскім раёне праводзіўся рэспубліканскі семінар на тэму: «Аб стане і ўдасканаленні арганізацыі работы па ахове працы, транспартнай, прамысловай, пажарнай бяспецы ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь і прытрымліванні патрабаванняў бяспекі пры правядзенні ўборачных работ у 2015 годзе».

Удзельнікі семінара наведалі КСУП «Гнязно» і «Зара і К», ААТ «Беллакт», дзе азнаёміліся з вытворчымі аб’ектамі і арганізацыяй работы па ахове працы. На пленарным пасяджэнні ўвага выступаючых была скіравана на строгае прытрымліванне правілаў па ахове працы і пажарнай бяспецы падчас правядзення масавых палявых кампаній, недапушчэнні выпадкаў траўматызму, стане бяспекі дарожнага руху, а таксама на прытрымліванне нормаў дзеючага заканадаўства ў ахове працы. Затым адбылося ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. ААТ «Каганец» нашага раёна – у прызёрах: Ганаровая грамата ўручана спецыялісту па ахове працы таварыства Жанне Калеснік.

 

МАТРОС НА НАБЯРЭЖНАЙ

Да купальнага сезона ў Стоўбцах адкрыты дадатковы выратавальны пост – на пляжы на рацэ Нёман па вуліцы Набярэжнай.

Як адзначыў старшыня раённай арганізацыі АСВОД Іван Шчарбанюк, у гарачае надвор’е, калі людзі будуць масава адпачываць ля вады, на гэтым пасту будзе несці дзяжурства матрос-выратавальнік. Як і ў мінулыя гады, асноўны пост АСВОД будзе дзейнічаць на гарадскім возеры. На дзяжурства тут заступяць тры матросы-выратавальнікі. Сёлета іх рабочае месца абсталявана новым прыгожым «кунгам». На месцы дадатковага паста на пляжы на рацэ Нёман устаноўлены вагончык. Фінансаванне дзейнасці выратавальных пастоў ажыццяўляе абласная арганізацыя АСВОД.

 

НАЕЗД НА ПЕШАХОДА

Познім майскім вечарам на 295-м км аўтамагістралі М 1, паблізу павароту на Коласава, быў траўміраваны мясцовы жыхар 1995 года нараджэння.

Малады чалавек выйшаў на дарогу і трапіў пад колы аўтамабіля. У рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы ён быў дастаўлены з цяжкімі траўмамі. Вядома, што пешаход не стварыў сабе «падушку» бяспекі, а гэта, як мінімум падчас руху ў цёмны час сутак, – абазначэнне сябе святлоадбівальным элементам.

– Па даным факце вядзецца следства. Яно ўстановіць усе акалічнасці дарожна-транспартнага здарэння, – заўважае начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Дзмітрый Воранаў. – Каб папярэдзіць падобнае, хочацца звярнуцца да ўсіх удзельнікаў дарожнага руху: неадкладна паведамляйце па тэл. 102 пра факты знаходжання на дарозе пешаходаў без флікера, нецвярозых вадзіцеляў.

Пр

 

ПАМЯЦЬ ДЗЕЛЯ ЖЫВЫХ

Кожны год у трэцюю нядзелю мая па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ва ўсім свеце праходзіць Дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу. І 17 мая сёлета дзясяткі тысяч людзей запалілі свечкі памяці. Гэта дало магчымасць успомніць тых, хто стаў ахвярай эпідэміі, і інфармаваць і мабілізаваць грамадства, прымусіць задумацца аб тым, што гэта датычыць кожнага. І ў нашым раёне праведзены тэматычныя мерапрыемствы з ідэяй: памяць дзеля жывых.

Па даных Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІД, у свеце за перыяд эпідэміі пайшло з жыцця амаль 40 мільёнаў чалавек. На сучасны момант у Рэспубліцы Беларусь пражывае каля 14 тысяч ВІЧ-пазітыўных людзей, з іх больш за 200 – дзяцей. Штогод выяўляецца больш за 1,5 тысячы новых выпадкаў ВІЧ-інфіцыраваных.

У нашай краіне створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю, у тым ліку ананімнае, якое можна ажыццявіць у любой лячэбнай установе. У нашым раёне атрымаць кансультацыю па праблеме ВІЧ/СНІД можна ў гарадской паліклініцы ў рабочыя дні з 08.00 да 18.00 і прайсці абследаванне на ВІЧ-інфекцыю, у тым ліку ананімнае, у працэдурным кабінеце № 321 па адрасе: г. Стоўбцы, вул. Ленінская, 164. Штогод у рэспубліцы тэст на ВІЧ-інфекцыю здае больш за мільён чалавек.

Усе ВІЧ-пазітыўныя пацыенты знаходзяцца на дыспансерным назіранні. Своечасовае лячэнне антырэтравіруснымі прэпаратамі па ўказанні ўрача дазваляе пражыць такім пацыентам доўгае і паўнацэннае жыццё. Дзякуючы гэтым лекавым прэпаратам зніжаецца рызыка перадачы ВІЧ іншым людзям.

Ірына ПЯТРОВІЧ, загадчыца аддзела эпідэміялогіі РЦГіЭ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *