Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне адзін шлюб, зроблены восем адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Дар’я Арцюшэўская, Аляксей Арцёменка, Мацвей Рубін, двайняты Марк і Мая Шчарбук, Глеб Булаш, Арсеній Сянько, Софія Сінюковіч і Валерыя Маліноўская.

Зямны шлях закончыўся для 20-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў спакойна. З 1-га чэрвеня пачынаецца рэспубліканская прафілактычная акцыя «Канікулы без дыму і агню», якая будзе доўжыцца ўвесь летні перыяд. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пабываюць у школьных і аздараўленчых лагерах, каб нагадаць дзецям пра правілы пажарнай бяспекі, правілы знаходжання ля вадаёмаў, у лесе і т. п.  

Міліцыяй зарэгістравана 150 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку якіх узбуджана дзевяць крымінальных спраў, у чатырох з іх устаноўлены падазраваемыя. Пераважаюць крадзяжы. Так, зламысніца вынесла з кватэры па вуліцы Міцкевіча ў Стоўбцах мабільны тэлефон і адзенне. З дома ў Ахрэмавічах прапалі 22 м электрычнай праводкі і электралічыльнік. З дачы ў Русаках зніклі лісты ацынкаванай бляхі. Два веласіпеды ўгнаны з пад’ездаў па вуліцах Цэнтральнай і Міру ў райцэнтры. 

Пракуратурай раёна прааналізаваны звесткі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, у ходзе чаго ўстаноўлена, што на УП «Стаўбцоўскае ХПП» дапускаюцца парушэнні заканадаўства аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва і заканадаўства, якое рэгулюе рэгрэснае спагнанне страт, нанесеных наймальніку. За рэалізацыю прадуктаў з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці прадпрыемства было аштрафавана на 5 400 000 рублёў, аднак службовая праверка гэтага факта не праводзілася і вінаватыя не панеслі адказнасці. На адрас дырэктара вынесена прадпісанне аб прыняцці мер па спагнанні страт.

Суд абмежаваў у волі на 2,5 года 42-гадовага жыхара Задвор’я, які незаконна набыў, захоўваў і перавозіў наркатычны сродак (марыхуану). На 1 800 000 рублёў аштрафавана 59-гадовая стаўбчанка – за спробу ўкрасці ў магазіне цукеркі.

ДАІ выявіла 194 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра п’яных і сем вадзіцеляў-бяспраўнікаў (з іх трое – матацыклісты), 17 недысцыплінаваных пешаходаў. Зарэгістравана 12 дарожных аварый. 22-га мая каля 20 гадзін на вуліцы Лясной у Апечках загарэўся аўтамабіль «Сітраэн-ксанцыя». З 25 мая па 5 чэрвеня праходзіць спецыяльны комплекс мерапрыемстваў – «Увага, дзеці!». У гэтыя дні вадзіцелям трэба рухацца ў светлы час сутак з уключаным бліжнім святлом фар (штрафныя санкцыі – да двух «базавых»). Пад дэвізам «Бяспека дзяцей – клопат дарослых» 29-га мая прайшоў адзіны дзень бяспекі дарожнага руху.  

«Хуткая» выязджала да хворых 247 разоў, у прыватнасці пяць сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем. Медыкі нагадваюць: нумар 103 набіраюць у экстранных выпадках, а пры абвастрэнні хранічных і іншых захворванняў у першую чаргу трэба выклікаць урача праз рэгістратуру паліклінікі.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *