Накірункі работы медыцынскай установы

Медыцына Нумары Прамая лінія

image_pdfimage_print

Падчас прамой тэлефоннай лініі з галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы Святланай Глебка былі  агучаны пытанні, адказы на якія высветлілі новыя накірункі работы медыцынскай установы.

Найперш гэта датычыць дыспансерызацыі.

Святлана Глебка:

– Дыспансерызацыя праводзіцца для таго, каб кожны чалавек мог праверыць сваё здароўе. Асноўная мэта дыспансерызацыі дарослага насельніцтва – ранняе выяўленне фактараў рызыкі і найбольш верагодных хранічных захворванняў, якія могуць стаць прычынай інваліднасці і смяротнасці. Да іх мы адносім хваробы сістэмы кровазвароту, злаякасныя новаўтварэнні, цукровы дыябет, хранічныя хваробы лёгкіх. Названыя захворванні абумоўліваюць 75 працэнтаў смяротнасці насельніцтва. Важнай асаблівасцю дыспансерызацыі з’яўляецца не толькі ранняе выяўленне адхіленняў ад нормы ў здароўі, але і індывідуальнае паглыбленае прафілактычнае кансультаванне. Такія актыўныя прафілактычныя ўмяшальніцтвы дазваляюць у значнай меры знізіць верагоднасць небяспечных хранічных захворванняў у кожнага канкрэтнага чалавека. Пры падазрэнні на захворванне пацыент будзе накіраваны на другі этап дыспансерызацыі для паглыбленага абследавання. У цэнтральнай раённай бальніцы складзены графікі праходжання арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна дыспансернага абследавання. Аднак, як паказвае практыка, многія кіраўнікі адказна не ставяцца да гэтага, не звяртаюць увагу на такі важны момант, як стан здароўя кожнага  працаўніка. Маё вялікае перакананне, што чалавек павінен сам аналізаваць сваё здароўе.

Улічваючы гэтыя абставіны, мы апрабоўваем новую форму дыспансернага абследавання. У сучасны момант працуем з прадпрыемствамі. На прыкладзе філіяла «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы прэзентуем новую праграму абследавання. Мы пашырылі рамкі дыспансернага агляду, ён уключыць і бюджэтнае абследаванне, і на дагаворных умовах. Абавязковым будзе абследаванне на анкамаркёры, гармоны, ультрагукавое даследаванне органаў. У першую чаргу, усё накіравана на выяўленне перадракавых станаў, прафілактыкі сур’ёзных сардэчна-сасудзістых паталогій, што актуальна. У статыстыцы па нашым раёне такія захворванні становяцца галоўнай прычынай смяротнасці. На гэтых двух момантах мы акцэнтуем увагу. Матэрыяльна-тэхнічная база і кадры дазваляюць нам у поўным аб’ёме правесці поўны аб’ём дыспансерызацыі. На прыкладзе філіяла «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы мы правядзём аналіз такога даследавання, зробім раскладку, каб выйсці з прапановай у раённы выканаўчы камітэт аб прыняцці рашэння, якое б абавязвала кіраўнікоў арганізацый садзейнічаць таму, каб члены працоўных калектываў прайшлі пашыранае дыспансернае абследаванне. Пры гэтым можа быць скарыстана не толькі бюджэтнае фінансаванне, але і сродкі прафсаюзных камітэтаў, прадпрыемстваў і часткова – саміх працаўнікоў. Такая практыка абавязковага медыцынскага абследавання ўжо існуе, і ў нашым раёне таксама.

Як заўсёды, былі пытанні адносна выпіскі льготных рэцэптаў. Пацыент з хваробай Паркінсона цікавіўся наконт пэўных медыкаментаў.

Быў дадзены адказ, што яго наведаюць медработнікі ўчастковай бальніцы па месцы яго жыхарства з поўнай інфармацыяй, якія прэпараты могуць быць выпісаны пры гэтым захворванні па льготных рэцэптах, як тое рэгламентуюць нарматыўныя дакументы.

На пытанне аб зубным пратэзіраванні імплантантамі быў адказ:

–       У стаматалагічным аддзяленні райбальніцы ўжо ўкаранёна пратэзіраванне імплантантамі. Для большай зручнасці пацыентаў у стадыі заключэння дагавору  са сталічнай стаматалагічнай паліклінікай № 7 аб абслугоўванні пацыентаў са Стаўбцоўскага раёна пры патрэбе зробяць рэнтгендаследаванне 3D. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуць увагу на тое, што закуплены якасны пламбіравальны матэрыял для лячэння зубоў, які ёсць не ў кожнай мінскай паліклініцы. Працуем над укараненнем металакерамікі ў трэцім квартале.

Паступіла пытанне аб набыцці партатыўнага УГД-апарата для райбальніцы.

–       Мы вывучым гэтае пытанне, узважым першачарговыя набыткі для медыцынскай установы, пры выяўленні неабходнасці да канца года набудзем партатыўны УГД-апарат.

Ці магчыма ў Стоўбцах зрабіць УГД вен і сасудаў галаўнога мозга?

– Так, мы апробавалі ў сярэдзіне мая такое абследаванне. Па суботах да нас прыязджае спецыяліст з Мінска і праводзіць такое УГД.

Ці практыкуецца ў райбальніцы такая паслуга, як «асабісты доктар»?

– Так, у нас распрацаваны такія праграмы, як асабісты ўрач-тэрапеўт, асабісты ўрач-гінеколаг, індывідуальнае вядзенне цяжарнасці. Можна звяртацца і атрымаць такую паслугу.

Было пытанне адносна касметалагічнага кабінета.

– Займаемся арганізацыйнымі пытаннямі аб адкрыцці касметалагічнага кабінета і ўкараненні пластычнай хірургіі.

Бацькоў выпускнікоў цікавіла магчымасць і парадак атрымання накіраванняў на вучобу ў медыцынскі ўніверсітэт.

– Мы ўжо пачалі выдаваць накіраванні для паступлення ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя медыцынскія ўстановы. Пакуль накіраванні выдаюцца без абмежаванняў. Па ўсіх пытаннях патробна звяртацца ў аддзел кадраў цэнтральнай раённай бальніцы. Па тэлефоне 5-48-56 можна атрымаць падрабязную інфармацыю па гэтым пытанні.

Падрыхтавала Святлана ЖЫБУЛЬ

 

***

З артыкула “АТРЫМАЦЬ ІНФАРМАЦЫЮ НА ПОШЦЕ” вы даведаецеся аб новай паслузе, што з’явілася ў гарадскім аддзяленні паштовай сувязі. (4-я старонка газеты “Прамень”).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *