Працоўныя будні ААТ «Жацерава»

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

СТАЛІ ПРЫЗЁРАМІ Ў ВОБЛАСЦІ

Як ужо паведамлялася, машынны двор сельгаставарыства  прызнаны сёлета лепшым у раённым аглядзе-конкурсе, а вытворчаму падраздзяленню выпаў гонар прадстаўляць наш раён на абласным конкурсе па добраўпарадкаванні машынных двароў. Жацераўцы не падвялі – занялі прызавое трэцяе месца.

Здавалася б, машынны двор гаспадаркі нічым асаблівым не адрозніваецца ад аднатыпных у іншых таварыствах. Аднак гэта толькі на першы погляд. Зладжаная арганізацыя работы, пастаянны кантроль за перамяшчэннем тэхнікі, чысціня і парадак прысутнічаюць тут заўсёды. Сёлета правялі аптымізацыю тэрыторыі мехдвара, поўнасцю агарадзілі. 

У майстэрні адрамантаваны і пафарбаваны ямы, усе яны закрыты шчытамі.  Ёсць бытоўка, пакой для адпачынку і прыёму ежы. Галоўны інжынер Дзяніс Скачко расказвае, што пастаянна ўдасканальваецца сістэма ацяплення, у якасці эксперыменту гарачае паветра ў памяшканне сёлета плануюць падаваць з дапамогаю вентылятараў.

Вылучаецца  падраздзяленне яшчэ і тым, што тут пастаянна ўкараняюцца новыя формы і метады работы. Напрыклад, нядаўна ўстанавілі сістэму відэаназірання. Ужо месяц яна працуе ў тэставым рэжыме. Спадарожнікавай сістэмай навігацыі аснашчана 26 адзінак тэхнікі.

–  Непасрэдна з кабінета можна сачыць за працай механізатараў у полі, – расказвае дырэктар таварыства Іван Краўчук.  –  Праверыць не толькі месцазнаходжанне тэхнікі, а і замераць плошчу выкананых работ. Пры павелічэнні маштабу бачныя нават дапушчаныя агрэхі.

Тэрыторыю машыннага двара ў таварыстве працягваюць добраўпарадкаваць. Разбіваюцца дадатковыя клумбы, на якіх высаджваюцца кветкі.

На здымку: (злева направа) механізатары Максім Леўкавец, Ігар Рокаш і галоўны інжынер Дзяніс Скачко.

 

ПАД СУЧАСНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ

Стварэнне спрыяльных умоў для работы жывёлаводаў і належнага ўтрымання жывёлы – пастаянны клопат кіраўніка. Яно і зразумела: менавіта жывёлагадоўчая галіна – асноўная фінансавая крыніца кожнага таварыства. Агульная скарбонка папаўняецца штодзень менавіта ад продажу малака. З гэтай мэтай у гаспадарцы праводзяцца рэканструкцыі.

На МТФ «Горкі» перабудаваны кароўнікі для беспрывязнога ўтрымання дойнага статка і ўведзена ў строй дзеючых даільная зала «Паралель». Дадаткова тут пабудавана памяшканне для ўтрымання маленькіх цялятак, якія знаходзяцца ў індывідуальных доміках. 

– Домікі мы зрабілі гаспадарчым спосабам, – расказвае кіраўнік, – яны няцяжкія і даволі лёгка пераносяцца з месца на месца. Каб поўнасцю вытрымаць тэхналогію вытворчасці малака, будуем зараз памяшканне для расцёлу кароў. З тэрыторыі машыннага двара перанеслі каркас склада, які не выкарыстоўваўся, падвялі водаправод. Плануем зрабіць невялічкі цэх раздою,  набыць неабходнае абсталяванне. 

Усе вышэйназваныя будаўнічыя і наладачныя работы выконваюць працаўнікі ААТ «Стаўбцоўская ПМК». Яны ж забетануюць падлогу ўнутры. А вось з якога матэрыялу будуць зроблены сцены і дах, кіраўнік пакуль што не вызначыўся. Але тое, што з лёгкага матэрыялу – сэндвіч-панэляў, полікарбанату, метапрофілю, – адназначна.

Зараз рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва даільнага блока на МТФ «Жацерава», дзе ўжо пачаліся падрыхтоўчыя работы. У планах пабудаваць і тут цялятнік з лёгкіх будматэрыялаў, а памяшканне, якое аўтаматычна вызваліцца, перапланаваць і рэканструяваць.

 

ЗАКЛАЛІ ТРЫВАЛУЮ АСНОВУ

У раслінаводчай галіне таварыства заўжды неблагія здабыткі. Па ўраджайнасці практычна ўсіх культур гаспадарка ў ліку першых. У папярэднія гады атрымлівалі і  звыш 50 цэнтнераў збожжа з гектара.

– Сёлета мы таксама заклалі трывалую аснову будучаму ўраджаю, – расказвае галоўны аграном Іна Леўкавец. – У збожжавай групе перавага аддадзена азімым, пшаніцы і трыцікале пасеялі адпаведна 380 і 420 гектараў. Пад ячмень занялі звыш 350 гектараў, аўса пасеялі 10 і зернебабовых – 35 гектараў. На 70 гектарах, замест азімага рапсу, які загінуў, размясціўся яравы. Усе пасевы падкормлены, праведзена  хімпраполка.

Сярод прапашных культур пасеяна 340 гектараў цукровых буракоў і каля 380 – кукурузы. Пільная ўвага  ў таварыстве ўдзяляецца і кармавой базе. Высяваюцца аднагадовыя травы, закладваюцца насеннікі шматгадовых траў. Павялічваюцца пасевы люцэрны, якая зойме 255 гектараў.

Плённа папрацавалі на веснавых палявых работах Ігар Рокаш, Аляксандр Ганчарэнка, Максім Леўкавец, Віталій Тарабэш, Сяргей Бандаровіч, Мікалай Аглызнеў, Андрэй Клімко, Уладзімір Праскура, Уладзімір Ермакоў.

 

ПРАЦУЮЦЬ З ПРЫБАЎКАЙ

Прыбавілі ў вытворчасці малака жывёлаводы. За чатыры месяцы бягучага года на малочнатаварных фермах надоена 2041 тона, прырост да леташняга паказчыка – 19,8 працэнта. У сярэднім ад кожнай каровы атрымана 2243 кілаграмы, плюс 241 кілаграм. Апошнімі майскімі днямі штодзённы надой складае 20,3 кілаграма. Неблагая і якасць малака: гатункам «экстра» адгружана перапрацоўшчыкам 38,2 працэнта ад агульнай колькасці і 61,5 – вышэйшым. Лідзіруюць па усіх вышэйназваных паказчыках жывёлаводы МТФ «Горкі» з надоем 2437 кілаграмаў малака і прыбаўкай 398 кілаграмаў. Вылучаюцца даяркі Аксана Меляшкевіч і Алена Шут. А самы высокі надой у Таццяны Рудаман з МТФ «Жацерава» – 2479 кілаграмаў. Таварнасць малака ў гаспадарцы складае 94,2 працэнта – другі паказчык сярод сельгаспрадпрыемстваў. Ладзяцца і мясныя справы. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы складаюць 665 грамаў – таксама другі паказчык у раёне. Плённа працуе Марына Люцер, якая даглядае цялятак да двухмесячнага ўзросту. Штодзень яе гадаванцы прыбываюць у вазе на 813 грамаў. Добры паказчык і ў Жанны Сачук – ва ўзроставай групе да шасці месяцаў жывёла набірае за суткі 797 грамаў.

 

ПЕРАХОДЗЯЦЬ НА СВЯТЛОДЫЁДЫ

Згодна з зацверджанай праграмай па энергазберажэнні, у таварыстве праводзіцца паступовая замена звычайных лямпаў напальвання на святлодыёдныя.

– Святлодыёдныя лямпы хоць і дарагія, але гэта лепшы варыянт для вулічнага асвятлення і для памяшкання любога прызначэння, – гаворыць галоўны энергетык Іосіф Цярэшка. – Яны спажываюць у дзесяць разоў менш электраэнергіі за звычайныя лямпы напальвання і ў два разы – за люмінесцэнтныя, маючы аналагічны  светлавы паток. Мы падлічылі, што затрачаныя на закупку святлодыёдных лямпаў сродкі за кошт нізкага энергаспажывання акупяцца прыкладна праз паўгода.

Святлодыёдныя лямпы вулічнага асвятлення ўстаноўлены ў гаспадарцы на тэрыторыі машыннага двара,  жывёлагадоўчых фермах «Савоні», «Раёўшчына», «Горкі» і «Жацерава». Да пачатку жніва плануецца ўстанавіць такія і на збожжаскладзе. На МТФ «Горкі» зманціравана шаснаццаць энергазберагальных свяцільнікаў і ўнутры памяшкання.

 

І АДПАЧЫЦЬ, І РЫБКУ ЗЛАВІЦЬ

Кіраўніцтва таварыства праявіла ініцыятыву і два гады назад арандавала возера ў Горках. Вадаём адразу ж зарыбілі таварнай рыбай, у прыватнасці, запусцілі таўсталобіка. Рыба вырасла, і сюды пацягнуліся аматары рыбнай лоўлі. Каб праводзіць далейшае добраўпарадкаванне тэрыторыі, за наведванне возера і рыбалку бярэцца адпаведная плата. Выручаныя грошы пойдуць і на набыццё малька для далейшага зарыблення. Паступова ўвасабляецца і задума дырэктара абсталяваць бераг для культурнага адпачынку. Да адкрыцця плавальнага сезона ўжо падрыхтаваны пляж.

– Дадаткова паставім тут дзве альтанкі, – гаворыць Іван Краўчук, – зрабілі мангалы для шашлыку, будуць шэзлонгі для адпачываючых, валейбольная пляцоўка. Па перыметры выражам хмызняк, завязём свежы пясок. Змястоўна адпачыць тут змогуць не толькі нашы жыхары, а і ўсе жадаючыя. А яшчэ змайструем імправізаваную сцэну для правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *