Каб радавала вока чысціня

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

ЧЫМ СУСТРЭНЕ ПЛЯЖ

Апошнімі майскімі днямі санітарнай службай раёна сумесна з райінспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раённай арганізацыяй АСВОД праведзены абследаванні месцаў масавага адпачынку на водных аб’ектах.

За аснову абследаванняў узята рашэнне раённага выканаўчага камітэта № 264 ад 10.03.2015  «Аб мерапрыемствах па падрыхтоўцы зон масавага адпачынку да купальнага сезона на водных аб’ектах Стаўбцоўскага раёна», якім вызначана сем месцаў масавага адпачынку на водных аб’ектах. На жаль, не на ўсіх аб’ектах работы праведзены якасна і ў тэрмін, каб сустракаць адпачываючых у любы цёплы дзень, што падорыць нам прырода.     

Паводле апошняй інфармацыі, толькі ў адносінах да аднаго аб’екта – возера аграгарадка Горкі, за які адказвае ААТ «Жацерава», – ёсць падставы гаварыць пра поўную гатоўнасць. Горкаўскі пляж аснашчаны ўсім неабходным: кантэйнернымі пляцоўкамі і трыма кантэйнерамі для збору цвёрдых бытавых адходаў, двума туалетамі, кабінай для пераапранання, лавачкамі і ценявымі навесамі. Як і належыць, ачышчана дно акваторыі пляжа. Да ўвагі наведвальнікаў – інфармацыйны стэнд з карыснымі парадамі.

– Літаральна за апошнія дні падцягнулася да ААТ «Жацерава» і ТАА «Рудзьмянская гаспадарка»: на возеры ў вёсцы Падгорная асноўныя работы па добраўпарадкаванні былі ажыццёўлены, аднак некаторыя недахопы ўсё ж такі заставаліся. Мы камісійна праехалі і ўбачылі, што яны ўхілены: кантэйнеры пафарбаваны, смецце прыбрана, – заўважае ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля РЫК.

– Наталля Уладзіміраўна, я разумею, што асноўны набор мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да купальнага сезона, у тым ліку звязаны з пэўнымі фінансавымі выдаткамі, прадпрыемствы ў большасці выканалі, засталіся, так бы мовіць, апошнія штрыхі…

– На даны момант сапраўды зроблены значныя падзвіжкі, але і тэрміны ўжо ўсе выйшлі – пачынаецца каляндарнае лета. Нагадаю, у ходзе маніторынгу зон адпачынку на вадаёмах зацікаўленым арганізацыям было накіравана для ўхілення парушэнняў сем прадпісанняў. Што ўвогуле патрабуецца ад гэтых арганізацый? Забяспечыць ачыстку дна акваторыі пляжа і элементарны набор зручнасцяў для адпачываючых. Усё абсталяванне, малыя архітэктурныя формы павінны быць прыведзены да новага сезона ў парадак. Зразумела, вакол павінна быць чыста, у сезон – абкошана.

– Над якімі недахопамі яшчэ трэба працаваць?

– На пляжы на рацэ Нёман у турысцка-аздараўляльным комплексе «Высокі бераг» заўвагі ўжо ўхілены, хаця да апошняга былі без асвяжаючай пафарбоўкі разнастайныя спартыўныя збудаванні. Вялікая работа праведзена на пляжы на Нёмане ў раёне дзіцячага аздараўленчага лагера «Церамок» (з гэтага года ён замацаваны за Стаўбцоўскім доследным лясгасам). Завершана абсталяванне воданепранікальнага пакрыцця пад кантэйнеры, скошана надводная расліннасць у акваторыі пляжа, прыбрана вакол туалета, аформлены стэнд… На пляжы на возеры Кромань (НТВК «Аналіз-Х») устаноўлены новы інфармацыйны стэнд і, паводле слоў прадстаўнікоў «Аналіз-Х», у аператыўным парадку выканана яго эстэтычнае і інфармацыйнае афармленне. На возеры Кромань, аблюбаваным турыстамі з розных раёнаў рэспублікі, варта паспяшацца з пафарбоўкай альтанак і інш.

– Што можна сказаць пра аб’яднанне камунальных службаў, якое адказвае за дзве зоны масавага адпачынку, прычым абедзве знаходзяцца ў рысе горада?

– За апошні тыдзень камунальнікі ажыццявілі значны аб’ём мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да купальнага сезона. На гарадскім возеры скошана надводная расліннасць у зоне акваторыі пляжа  і прыбярэжнай зоне, падвезены на пляж пясок. Аналагічныя работы выкананы і на пляжы на рацэ Нёман. Адпачываючых запрашаюць прыгожыя ценявыя навесы, накрытыя полікарбанатам. Пад імі можна схавацца ў спёку або дожджык, проста пасядзець на лавачцы… На абодвух пляжах у рысе горада амаль абсталяваны паркоўкі для аўтатранспарту (на рацэ Нёман яна гатова, на гарадскім возеры ДРБУ № 135 правядзе яшчэ асфальтаванне).

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара                          

 

ВАДА – У НОРМЕ

Напярэдадні купальнага сезона ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» правёў лабараторныя даследаванні якасці вады на вадаёмах, на якіх масава адпачываюць грамадзяне.

Масавае выкарыстанне вадаёмаў для купання можа стаць прычынай узнікнення інфекцыйных захворванняў, у сувязі з чым праведзены маніторынг санітарнага стану зон адпачынку. Былі даследаваны 30 пробаў па санітарна-хімічных і столькі ж – па мікрабіялагічных паказчыках. Усе яны адпавядаюць патрабаванням санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў. Забарону аб купанні РЦГіЭ не выносіў.

Усе арганізацыі раёна, замацаваныя за зонамі масавага адпачынку на вадзе, заключылі дагаворы на правядзенне вытворчага лабараторнага кантролю якасці вады ў зонах рэкрэацый на водных аб’ектах.

 

ЗА ПАРАДАК У СТАЛОВЫХ

У мэтах навядзення парадку ў сталовых сельгаставарыстваў  раёна і на прылеглых да іх тэрыторыях, упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу з 25 мая аб’яўлены месячнік добраўпарадкавання. Распрацаваны мерапрыемствы. Падчас месячніка асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца рамонту, пафарбоўцы і пабелцы памяшканняў сталовых, замене або рамонту тэхналагічнага абсталявання, закупцы посуду, добраўпарадкаванню прылеглых тэрыторый. Спецыяльна створаная камісія падвядзе вынікі месячніка, якія будуць разгледжаны на савеце ўпраўлення райсельгасхарча.

 

  ТВАР УСТАНОВЫТЭРЫТОРЫЯ

У цэнтральнай раённай бальніцы працягваецца традыцыя азелянення і добраўпарадкавання тэрыторыі. Са сродкаў пазабюджэтнага фонду ў цяпліцы аб’яднання камунальных службаў была набыта расада кветак.

На пяць мільёнаў рублёў закуплены саджанцы. Клумбы ўжо засаджаны, расткі падымаюцца пад лагоднымі промнямі сонца, розныя віды кветак дазволяць утрымліваць клумбы ў цвеце да самай позняй восені.

Адносна добраўпарадкавання тэрыторыі кіраўніцтвам райбальніцы ажыццяўляюцца і іншыя праекты.

Пр

 

КАМУНАЛЬНЫЯ АДХОДЫ – У КАНТЭЙНЕРЫ!

Сярод некаторых жыхароў горада і раёна існуе думка, што забеспячэнне чысціні ў населеным пункце – задача толькі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ды і ў камунальных праблемах такія грамадзяне нярэдка абвінавачваюць ЖКГ: перапоўнены ўрны – камунгас шкадуе грошай на лішні рэйс смеццяўборачнай тэхнікі, раскідана смецце на кантэйнернай пляцоўцы – дворнік нядобрасумленна выконвае свае абавязкі…

Але чамусьці вельмі рэдка можна пачуць заўвагу чалавеку, які з прыватнага сектара на калясцы ці аўтамабілі прывёз на кантэйнерную пляцоўку некалькі мяшкоў са смеццем (часам нават будаўнічым). Без усялякага сораму некаторыя гараджане зносяць і складзіруюць каля кантэйнераў старую мэблю, сантэхніку, бытавую тэхніку, а часам умудраюцца ўсё гэта «ўціснуць» у кантэйнер для камунальных адходаў.

Часта ўзнікае спрэчнае пытанне ў працэсе збору смецця з прыватных падвор’яў як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. Якое смецце можна выкідваць? У Пастанове Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 2001 г. № 21 «Аб зацвярджэнні пераліку камунальных адходаў» сказана, што ЦКА (цвёрдыя камунальныя адходы) – гэта другасныя адходы жыццядзейнасці насельніцтва і дваровы змёт. Яны ўключаюць у сябе розныя віды ўпаковак, поліэтыленавыя пакеты, пластыкавыя і іншыя бутэлькі, а таксама харчовыя адходы. У прыватным сектары норма ўтварэння ЦКА на чалавека ў год складае 1,58 м3. Зыходзячы з гэтага аб’ёму разлічваецца і плата за вываз і абясшкоджванне адходаў.

Сёння паўторнай перапрацоўцы можа падвяргацца даволі вялікая група бытавых адходаў. Для гэтага з вашага боку неабходна дапамога ў раздзельным зборы камунальных адходаў. Асноўнай сыравінай для паўторнай перапрацоўкі з’яўляюцца: макулатура, тэкстыль, метал, шкло, аўтамабільныя шыны, вырабы з пластыку, кардонна-папяровыя адходы. Пасля некалькіх відаў сарціроўкі, дадатковага здрабнення адбываецца спецыяльны тэхналагічны працэс, накіраваны на атрыманне нармальнай паперы і кардону з бытавых адходаў.

Адна тона раздзельна сабраных кампанентаў ЦКА захоўвае 13 дрэў, 2,58 барэля нафты, эканоміць 4100 кВт/гадз. электраэнергіі, зберагае 32 літры чыстай вады.

Прымяненне гэтай вытворчасці дазваляе значна зменшыць колькасць высечаных для цэлюлознай прамысловасці дрэў. У сваю чаргу ўсё гэта дабратворна дзейнічае на навакольнае асяроддзе, а таксама робіць таннейшым кошт канчатковай прадукцыі.

Упакоўваць ЦКА неабходна ў пераносную тару (пакеты для смецця, мяшкі, каробкі і т. п.). Абавязковай умовай для збору ЦКА з’яўляецца заключаны дагавор з УП «Стаўбцоўскае АКС» і аплачаная паслуга. У адпаведнасці з арт. 18 Закона аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг, «спажывец абавязаны заключыць дагавор на аказанне асноўных жыллёва-камунальных паслуг, падрыхтаваны і прадастаўлены выканаўцам».

Варта памятаць, што галіны ад абрэзкі дрэў, трава ад праполкі агарода і скошвання газонаў, а таксама буйнагабарытныя рэчы ў выглядзе старой бытавой тэхнікі, зламанай мэблі, будаўнічага смецця не ўваходзяць у састаў ЦКА. Для вывазу такога смецця неабходна грузавая тэхніка адкрытага тыпу, якая можа быць выдзелена на платнай аснове паводле індывідуальных ці калектыўных заявак грамадзян.

За парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. Аднак праблему камунальных адходаў аднымі штрафамі не вырашыць. Матывацыяй да змянення паводзін грамадзян павінен быць не страх адказнасці, а ўсведамленне праблемы, разуменне важнасці асабістага ўкладу кожнага ў захаванне навакольнага асяроддзя, чысціні і прыгажосці роднай зямлі. І добра, што многія жыхары Стаўбцоўшчыны маюць такую пазіцыю. У сваю чаргу ЖКГ абавязуецца павышаць узровень абслугоўвання жыхароў, у тым ліку і па вывазе камунальных адходаў.

У сувязі з гэтым мы заклікаем вас аказваць дапамогу ў паляпшэнні экалагічнага становішча і зменшыць выкарыстанне прыродных рэсурсаў у нашым раёне. Яны ж не бясконцыя.

РУП «Стаўбцоўскае АКС»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *