Абласны семінар. На першым плане – эканоміка

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

На мінулым тыдні на базе двух раёнаў, Стаўбцоўскага і Нясвіжскага, праводзіўся абласны семінар па жывёлагадоўлі. Асноўная яго тэма – работа комплексаў па  вытворчасці мяса ялавічыны і свініны. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснікі па жывёлагадоўлі райсельгасхарчаў, галоўныя ветурачы раёнаў, дырэктары райплемстанцый, брыгадзіры комплексаў, спецыялісты камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама на чале са старшынёй Віталіем Грышанавым.

Удзельнікі семінара спачатку сабраліся ў зале пасяджэнняў райвыканкама. Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў расказаў прысутным пра раён і накірункі яго вытворчай дзейнасці. Затым азнаёміў з вынікамі работы ў жывёлагадоўчай галіне і з далейшым яе развіццём. У прыватнасці, зрабіў упор на новаўвядзеннях, якія ўжо ўкаранёны і якія плануецца ўкараніць у самы бліжэйшы час. А іменна, з мэтай патаннення камбікармоў для кармлення дойнага статка і бычкоў на адкорме, наладзіць іх вытворчасць у саміх гаспадарках – купіць і ўстанавіць стацыянарныя міні-заводы. Як, напрыклад, гэта робіцца ў ААТ «Вялікі Двор», дзе цана адной тоны камбікорму, вырабленага з уласнага збожжа, каштуе ўдвая танней за закуплены на камбікормавых заводах. Неабходна праводзіць выранжыроўку кароў. Кантроль за яе выкананнем ускладзены на спецыялістаў зааветслужбы раёна. Юрый Мікалаевіч падкрэсліў, што ў раёне вялікая ўвага надаецца тэхналогіі пасьбы і догляду пашаў. Для нарыхтоўкі кармоў жывёле на стойлавы перыяд у раёне створаны чатыры міжгаспадарчыя атрады. На ўсіх фермах кармушкі замяняюцца на кармавыя сталы. Будуюцца новыя «клюшачнікі» і сянажна-сіласныя траншэі.

Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Віталій Грышанаў даў станоўчую ацэнку сельскагаспадарчай галіне раёна, адзначыўшы пры гэтым, што на Стаўбцоўшчыне ў даным накірунку праводзіцца мэтанакіраваная, дакладная і прадуманая работа. Старшыня райвыканкама валодае ўсімі пытаннямі, як у жывёлагадоўчай, так і ў раслінаводчай галінах, і для дасягнення найвышэйшых паказчыкаў стараецца ўкараняць усё новае і перадавое.

Затым удзельнікі семінара паехалі ў адно з лепшых таварыстваў раёна – ААТ «Вялікі Двор». Менавіта ў гэтай гаспадарцы функцыянуе жывёлагадоўчы комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы. Мэтай яго наведвання стала тэма: як у сённяшніх умовах, калі і кармы, і энерганосьбіты каштуюць даволі нятанна, можна дабівацца высокіх паказчыкаў. У велікадворскіх жывёлаводаў сапраўды ёсць чаму павучыцца – вытворчасць ялавічыны тут рэнтабельная, у адрозненне ад большасці падобных вытворчых падраздзяленняў у вобласці. А арыфметыка нескладаная. Проста, як адзначыла дырэктар Вольга Луцык, трэба ўмець пралічваць усё да дробязяў – эканоміка павінна быць на першым плане. Расказала і аб перспектывах далейшай работы, мадэрнізацыі, якая праводзіцца, і новабудоўлях. У гаспадарцы будуецца «клюшачнік», ужо практычна гатовы для прыёму травяных кармоў тры сянажна-сіласныя траншэі. Госці пабывалі на новай малочнатаварнай ферме, у жывёлагадоўчых памяшканнях, дзе ўтрымліваецца дойны статак і вядзецца раздой пяршачак. Увага ўдзялялася кармленню, утрыманню жывёлы, а таксама якасці малака. Падчас «экскурсіі» па вытворчых аб’ектах вялася зацікаўленая размова. Спецыялісты задавалі нямала пытанняў, выказвалі і свае думкі.

Далейшы маршрут семінара – СВК «Гарадзея» Нясвіжскага раёна. У гэтай гаспадарцы таксама ёсць чаму павучыцца. Як у тэхналогіі вытворчасці, якая тут строга вытрымліваецца, так і ў добраўпарадкаванні тэрыторыі. Па пленарным пасяджэнні Віталій Грышанаў падвёў вынікі работы ў галіне жывёлагадоўлі за чатыры месяцы бягучага года і акрэсліў задачы на летні пашавы перыяд. Падкрэсліў, што для дасягнення высокіх паказчыкаў неабходна старацца ўкараняць новыя перадавыя тэхналогіі. Асаблівую ўвагу ўдзяляць якасці жывёлагадоўчай прадукцыі.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *