У Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт – без экзаменаў

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

Вучаніца мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Дзіяна Чарнец залічана ў Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт тэхналогій і дызайну без здачы ўступных экзаменаў.

Такую льготу яна атрымала як уладальніца лаўрэацкага дыплома алімпіяды школьнікаў па комплексе прадметаў «Культура і мастацтва», арганізаванага і праведзенага Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэтам тэхналогій і дызайну пры падтрымцы Расійскага савета алімпіяд школьнікаў.

Удзельнікам алімпіяды патрэбна было выканаць заданні па наступных адукацыйных прадметах: акадэмічны малюнак, жывапіс, кампазіцыя, гісторыя мастацтва і культуры. У гэтай міжнароднай алімпіядзе прыняло ўдзел больш за 700 школьнікаў. Якую ж цудоўную падрыхтоўку атрымала Дзіяна Чарнец на мастацкім аддзяленні ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў, каб паехаць у Санкт-Пецярбург, выдатна вытрымаць экзамен конкурсных заданняў і займець высокія балы?! З поўным правам можна гаварыць аб таленце яе выкладчыкаў Андрэя і Ірэны Зянько, вучні якіх з’яўляюцца сёння студэнтамі прэстыжных навучальных устаноў мастацкага профілю. І Дзіяна Чарнец з удзячнасцю сваім педагогам радуецца сёння шчаслівым для яе абставінам. У школе мастацтваў яна займаецца з пяці гадоў.

Вучаніцы агульнаадукацыйнай сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы прыйдзецца здаць толькі выпускныя экзамены і сабраць чамаданы перад вераснем для паездкі ў Санкт-Пецярбург. Вучоба абяцае быць насычанай і цікавай. Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт тэхналогій і дызайну – у ліку буйнейшых і старэйшых універсітэтаў Расіі. У склад універсітэцкага вучэбна-навуковага комплексу ўваходзяць 14 інстытутаў, два каледжы, восем школ малых факультэтаў. Падрыхтоўка студэнтаў вядзецца па 202 дызайнерскіх, інжынерных, гуманітарных, эканамічных, педагагічных адукацыйных праграмах. Дзіяна Чарнец выбрала факультэт дызайну інтэр’еру, мэблі і прасторавага асяроддзя.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: выкладчык мастацкага аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Ірэна Зянько віншуе сваю вучаніцу Дзіяну Чарнец з перамогай у міжнародным конкурсе і з паступленнем ва ўніверсітэт.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *