Школа – юнацтва тваё бясконцае

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Юбілей школы – у ліку тых святаў, калі да месца адступленне ад рэгламентаў, сцэнарыяў. Святочная праграма на 150-гадовым юбілеі Шашкоўскай сярэдняй школы была спланавана на дзве гадзіны, а доўжылася – чатыры. Час праляцеў імгненна, незаўважна, перагортваліся старонкі гісторыі школы ў лёсах і персонах тых, хто тут вучыўся і вучыў. Зразумела, многіх з іх ужо няма побач, светлая памяць аб іх ушанавана мінутай маўчання.

Усе, хто сабраўся, прадстаўлялі розныя пакаленні, і такой непарушнай, кранальна роднай была гэтая повязь. І сапраўды: адна школьная сям’я. Узор любові да сваёй школы паказала Марыя Якусік, якая прыехала на гэты юбілей з Расіі, пераадолеўшы з Калінінградскай вобласці за рулём машыны сотні кіламетраў. Яна была прадстаўніцай юбілейнага 50-гадовага выпуску. З 11 чалавек гэтага выпуску на юбілей сабраліся сем. Аднакласнікі прынародна адрасавалі падзяку Марыйцы (так ласкава гучала) – былому дырэктару Заямнаўскай СШ Марыі Ліцкевіч, якая ўзяла на сябе клопат усіх сабраць. Выпускнікі розных гадоў падымаліся на сцэну. Два чалавекі прадстаўлялі першы выпуск 1961 года. Міхаіл Гасюк заўважыў, што Шашкоўская школа пазначана ў архіве Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта, выпускніком якога ён з’яўляецца. У ліку выпускнікоў Шашкоўскай СШ – першы намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама Дзяніс Колесень, першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Калодзінская, старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева, дырэктар СШ № 2 г. Стоўбцы Аксана Лось, палова саставу педагогаў Шашкоўскай сярэдняй школы і многія іншыя людзі. Адметна тое, што важкая кагорта выпускнікоў выбрала педагагічныя спецыяльнасці. І многія на гэтай святочнай сустрэчы былі салідарныя ў думцы, што прыкладам паслужылі іх настаўнікі, роўных якім няма. Яскрава прагучала прызнанне кандыдата матэматычных навук, выкладчыка БДУ Юрыя Пазняка ў тым, што такіх цікавых лекцый, як былі ўрокі гісторыі і грамадазнаўства былога дырэктара Шашкоўскай СШ Ніны Карніцкай-Дубовік, ён не сустрэў нават ва ўніверсітэце.

У атмасферы прызнанняў, цеплыні і прыгажосці пачуццяў  госці мелі цудоўны настрой. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей  Шэсцель павіншаваў усіх з юбілейнай урачыстасцю. Ён адзначыў такую адметнасць Шашкоўскай СШ, як экалагічны накірунак работы: школьнае лясніцтва прызнана лепшым у Мінскай вобласці. Сяргей Яўгенавіч выказаў удзячнасць дырэктару ўстановы Ірыне Колесень, педагагічнаму калектыву, ветэранам гэтай навучальнай установы за вялікі ўклад, які яны ўнеслі і ўносяць у станаўленне і развіццё Шашкоўскай школы. Адметнасць накірункаў работы навучальнай установы, высокія вынікі дзейнасці ў адукацыйным працэсе, стабільнасць кадраў і вернасць прафесійнаму выбару адзначыла  ў сваім выступленні начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Белановіч. Настаяцель храма Сабора беларускіх святых у аграгарадку Шашкі протаіерэй Віталій Шаркоў таксама сардэчна павіншаваў усіх з юбілейнай урачыстасцю і адзначыў адметнасць захавання ў адукацыйным працэсе лепшых традыцый, якія ідуць з вякоў, і  пры гэтым важна не толькі перадача ведаў ад настаўніка вучню, але і маральнае выхаванне чалавека. Айцец Віталій  падзякаваў дырэктару школы Ірыне Колесень, усім настаўнікам і працаўнікам сферы адукацыі за іх нялёгкую працу, за служэнне на карысць Айчыне.

13 гадоў узначальвае калектыў Шашкоўскай СШ Ірына Колесень. Гэты юбілей яшчэ раз засведчыў усім, што кіраўнік мае дар аб’яднаць вучнёўскі і настаўніцкі калектывы на шляху інавацый, развіцця школы ў патрэбным накірунку. Святочная праграма ў поўнай меры раскрыла таленты настаўнікаў і вучняў. Ад цяпла сэрцаў на працягу ўрачыстасці былі запалены сем свечак, якія сімвалізавалі розныя грані школьнага жыцця. Зразумела, што быў на свяце і юбілейны торт са 150-цю свечкамі.

Выпускнікоў парадаваў дастойны дагледжаны выгляд школы, што дазволіла ім сказаць: школа не старэе, а маладзее з гадамі. Асаблівай увагі заслугоўвае добраўпарадкаваная тэрыторыя з фантанам, дзе і адбыўся фінал урачыстасці з яркім малюнкам рознакаляровых паветраных шароў, якія высока падняліся ў неба.

Школа атрымала шмат падарункаў: ад райвыканкама, падшэфных арганізацый, былых выпускнікоў, гасцей свята. Граматамі адзначаны педагогі і іншыя працаўнікі навучальнай установы.  Святочная праграма ўключала ўшанаванне 20 ветэранаў педагагічнай працы. Яны такія прыгожыя, сучасныя – вось і сапраўды, настаўнікаў былых не бывае.

Гэты юбілей падоўжыць летапіс навучальнай установы, пачатак якому быў пакладзены адкрыццём у 1865 годзе пазаштатнага вучылішча. Яго змяніла ў 1910 годзе школа граматы, затым – земскае народнае вучылішча, першая школа на даму, пасля – пачатковая школа. Там, дзе цяпер знаходзіцца дом Ананьевых у аграгарадку Шашкі, была першая школа. Новы будынак сярэдняй школы быў узведзены ў 1958 годзе. Памяшканне, у якім размешчана сучасная школа, пабудавана ў 1974 годзе. За 54 гады навучальная ўстанова дала пуцёўку ў самастойнае жыццё 1382 вучням. 50 з іх закончылі школу з залатымі, 15 – з сярэбранымі медалямі. Бягучы навучальны год завяршаюць 100 вучняў. У верасні навучальная ўстанова гасцінна прыме пад свой дах новых дзетак. Жыць і развівацца школе ў новых імёнах, новых пачынаннях, новых дасягненнях на трывалым фундаменце здабыткаў папярэдніх пакаленняў.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *