У стаўбчан – Кубак пераможцаў

Нумары Спорт

Першае месца заняла каманда юных лёгкаатлетаў Стаўбцоўшчыны на абласных спаборніцтвах у Мар’інай Горцы.

На кросавую дыстанцыю працягласцю ад аднаго да трох кіламетраў (у залежнасці ад узроставых груп) выйшлі здольныя юнакі і дзяўчаты з 23 раёнаў Міншчыны. І ўжо з першых стартаў у скарбонку нашага калектыву сталі «паступаць» заліковыя ачкі. У старэйшай групе ўдзельнікаў 1998-99 гадоў нараджэння добра выступілі Паліна Грыб і Аляксей Міронаў, якія прадстаўлялі адпаведна Заямнаўскую і Коласаўскую сярэднія школы.

У сярэдняй групе (2000-2001 г. н.) прызавыя другія месцы занялі Аляксей Вяршынін (Вішнявецкая СШ) і Ксенія Гацура (гімназія № 1 г. Стоўбцы). Належны ўклад таксама Валянціна Бугрова (СШ № 3 г. Стоўбцы) і Веры Бець (Вішнявецкая СШ). Данііл Нашчынец (гімназія № 1) паказаў другі вынік у забегу спартсменаў малодшай групы. Настасся Вяршына з Вішнявецкай СШ тут была шостай.

Калі падлічыць агульныя балы, то ў стаўбчан іх аказалася найбольш – 121. Каманда Валожынскага раёна, якая стала другой, значна адстала – 96 ачкоў. Нашай зборнай урачыста ўручылі Кубак пераможцы спаборніцтваў лёгкаатлетаў па праграме спартакіяды школьнікаў Мінскай вобласці.

Поспех забяспечылі трэнеры А. М. Турчановіч, В. У. Ярашэвіч, В. А. Арлоўская, Ю. А. Кручок, А. У. Вяршына, Ю. А. Бабіч. З камандай на спаборніцтвах былі Д. І. Варывоцкая і М. М. Вайтуховіч.

 

НЕ ЗБАЎЛЯЦЬ ТЭМПАЎ

Трэцяя сустрэча сезона ў першынстве вобласці прынесла футбалістам каманды «Нёман-Агра» чарговую перамогу з лікам 6:0.

Сапернік стаўбчан ФК «Беразіно» дагэтуль меў ужо на рахунку перамогу і нічыю і спадзяваўся на роўныя шанцы. Але надзеі хутка зніклі. Да перапынку нашы футбалісты вялі з лікам 3:0, і ў другім тайме забілі ў вароты бярэзінцаў яшчэ тры галы. Двойчы вызначыўся Аляксей Рудзянок, трапнымі таксама сталі ўдары па варотах Арцёма Сукалы, Андрэя Шпадарука, Максіма Шкураценкі, Дзмітрыя Даўбейкі. Выніковая гульня з пераканаўчай перавагай сваіх футбалістаў, безумоўна, прыгожая. І гэта ацанілі прыхільнікі нёманцаў, якія бурна апладзіравалі, падтрымліваючы каманду.

Такім чынам, пасля трэцяга тура розыгрышу на рахунку каманды «Нёман-Агра» было 9 ачкоў. Столькі ж і ў ФК «Старыя Дарогі», але ў старадарожцаў меншая рознасць забітых і прапушчаных мячоў – 10-5 супраць 17-4 у стаўбчан. Наступным сапернікам нашых футбалістаў стаў ФК «Капыль».

Старт у першынстве Міншчыны ўзяты ўпэўнены, але наперадзе яшчэ адказныя паядынкі з сапернікамі, якія таксама мараць аб чэмпіёнстве.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *