«Прамень» таксама «расцвітае»

Калонка Рэдактара Нумары

У прыродзе ўсё квітнее, расцвітае, расліны, дрэвы набіраюць сілу. Лета! Летам жа хочацца пісаць і гаварыць толькі аб важным, прыгожым. А расказваць на старонках «Праменя» ёсць пра што. Усе, хто падпісвае і чытае газету, напэўна, заўважылі, што калектыў рэдакцыі імкнецца аператыўна расказваць аб усіх навінах, якія адбываюцца ў раёне, вобласці і краіне. Апошнім часам раён шпаркімі тэмпамі рухаецца наперад амаль ва ўсіх накірунках. Уводзяцца новыя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы, інавацыйны падыход да работы ў прамысловасці… Аб усім можна прачытаць у «раёнцы». Для газеты закрытых тэм няма. Мы імкнемся ісці ў нагу з часам, быць сучаснай газетай.

Зусім хутка выйдзе ў свет 10000-ны нумар «Праменя». Як бачым, газета жыве і карыстаецца папулярнасцю ў чытача. Мы стараемся, каб наша газетнае слова мела працяг, быць разам з чытачамі, сярод іх, слухаць, чуць і быць пачутымі. Зусім нядаўна пасля ўмяшальніцтва газеты вырашылася пытанне лавачак у парку «Дружбы народаў», асвятлення аўтобуснага прыпынку па вуліцы Івянецкай райцэнтра і г. д. Можна прывесці шмат прыкладаў, але ці трэба пісаць, што газета арганізавала збор сродкаў для лячэння дзяцей-інвалідаў. Якія б ні былі прыклады, відаць адно: «Прамень» не толькі падымае праблемы, але і дапамагае іх вырашаць.

Газета мае свой сайт. Радуе, што ў дзень на яго заходзяць да 500 наведвальнікаў. Значыць, газету чытаюць. А каб газета на папяровым носьбіце яшчэ больш ажыла, прыцягвала нашага чытача, стала яшчэ больш прыгожай, з чэрвеня па суботах яна будзе выходзіць каляровай. Спадзяюся, што вы, нашы паважаныя падпісчыкі, застаняцеся разам з «Праменем» і ў другім паўгоддзі. Кошт газеты на адзін месяц – 32 000 руб. для індывідуальных падпісчыкаў, для ведамасных – 64 000 руб., на квартал (3 месяцы) – 96 000 руб. і адпаведна – 192 000 руб.

17 чэрвеня з 10 да 12 гадзін «раёнка» правядзе дзень падпісчыка ў гарадскім аддзяленні паштовай сувязі. Вас чакаюць прыемныя сюрпрызы. Да сустрэчы на старонках прыгожай, каляровай газеты «Прамень»!

З павагай Нэлі АСТРЭЙКА, рэдактар газеты «Прамень», дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *